КІ́ТЧЭНЕР ((Kitchener) Гарацыо Герберт) (24.6.1850, Лістоўэл, Ірландыя — 5.6.1916),
брытанскі ваен. і дзярж. дзеяч. Фельдмаршал (1909), граф Хартумскі (1914). З 1874 у брыт. калан. войсках на Б. Усходзе, з 1883 у Егіпце. У 1886—88, 1899 ген.-губернатар Усх. Судана. У 1892—98 галоўнакамандуючы англа-егіп. арміяй, кіраваў задушэннем паўстання махдыстаў. У час англа-бурскай вайны 1899—1902 нач. штаба, з 1900 камандуючы брыт. войскамі. У 1902—09 служыў у Індыі. У 1911—14 брыт. ген. консул у Егіпце, фактычны кіраўнік краіны. З 1914 ваен. міністр Вялікабрытаніі. Загінуў у 1-ю сусв. вайну на крэйсеры «Хэмпшыр», які падарваўся на міне.
т. 8, с. 313
КІТЫ́ (Cetacea),
атрад другаснаводных млекакормячых. 2 падатрады: бяззубыя кіты і зубатыя кіты, 7 сям., 38 родаў, каля 80 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, ёсць прэснаводныя (некат. дэльфіны).
Даўж. ад 1,1 да 33 м, маса ад 30 кг да 150 т. Цела абцякальнай формы, з гарыз. двухлопасцевым хвастом. Бяззубыя К. кормяцца планктонам, зубатыя — рыбай, галаваногімі малюскамі. Нараджаюць 1 дзіцяня раз у 2 гады. Колькасць большасці відаў К. змяншаецца. У 1946 падпісана Міжнар. канвенцыя па рэгуляванні кітабойнага промыслу і створана Міжнар. кітабойная камісія (уключае каля 20 краін). У Чырв. кнізе МСАП 18 відаў і 1 падвід.
т. 8, с. 313
КІТЭ́Й, Кіт, Кідэака,
старажытны горад Баспорскага царства, гарадзішча якога знаходзіцца на беразе Чорнага мора, за 40 км на Пд ад г. Керч (Крым). Існаваў у 5 ст. да н. э. — 5 ст. н. э. Гарадзішча пл. 4,5 га размешчана на высокім абрывістым беразе, з бакоў умацавана валам і ровам. У 4 ст. да н. э. горад быў абнесены каменнай сцяной таўшчынёй каля 2,5 м, у 1 ст. н. э. паралельна ёй пабудавана 2-я сцяна таўшчынёй да 3 м. У цэнтры гарадзішча раскопкамі выяўлены рэшткі культавай пабудовы, мармуровы сонечны гадзіннік, храмавы стол з надпісам 234 года, што паведамляе пра буд-ва храма. Этапы росквіту К. — 4—3 ст. да н. э. і 2—1-я пал. 3 ст. н. э. Насельніцтва займалася земляробствам і гандлем збожжа. У адрозненне ад большасці баспорскіх гарадоў у К. не было сваёй гавані.
А.В.Іоў.
т. 8, с. 313