Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КІНБУ́РНСКАЯ КАСА́,

нізінная пясчаная каса паміж Дняпроўскім і Егарлыцкім ліманамі Чорнага м., у Херсонскай вобл. Украіны. Даўж. каля 40 км, шыр. 8—10 км. Па берагах прэсных і салёных азёр месцы гнездавання птушак; частка тэр. Чарнаморскага запаведніка. У час рус.-тур. вайны 1787—91 рус. войскі А.​В.​Суворава разграмілі на К.к. тур. дэсант.

т. 8, с. 268

КІНГ ((King) Білі Джын) (н. 12.11.1943, г. Пасадэна, ЗША),

амер. спартсменка (тэніс). Уладальніца прыза «Вялікі шлем» (выйгрыш у адным сезоне 4 буйнейшых турніраў — адкрытых першынстваў Аўстраліі, ЗША, Францыі і Уімблдонскага турніру, Англія) у змешаным парным разрадзе (1963, з К.​Флетчэрам), у адзіночным разрадзе (1970). Пераможца Уімблдонскіх турніраў у адзіночным разрадзе (1966—68, 1972—73, 1975), у жан. парным разрадзе (1961—62, з К.​Суэмэн; 1965, з М.​Буэна; 1967—68, 1970—71, з Р.​Кэзелс; 1972, з Б.​Стове), у змешаным парным разрадзе (1967, 1971, з О.​Дэвідсанам). Пераможца міжнар. турніраў у ЗША (1967, 1971—72, 1974), Аўстраліі (1968), Францыі (1972) у адзіночным разрадзе.

т. 8, с. 268

КІНГ ((King) Марцін Лютэр) (15.1.1929, г. Атланта, ЗША — 4.4.1968),

адзін з кіраўнікоў руху за грамадз. правы неграў у ЗША, ініцыятар тактыкі ненасільных дзеянняў. Баптысцкі пастар (з 1954). Скончыў Бостанскі ун-т са ступенню д-ра філасофіі (1955). У 1956 арганізаваў байкот аўтобуснага руху, што прывяло да адмены расавага раз’яднання ў грамадскім транспарце ў г. Мантгомеры і інш. месцах. У 1957 заснаваў і ўзначаліў негрыцянскую арг-цыю «Паўд. канферэнцыя хрысц. кіраўніцтва». Правёў шэраг антырасісцкіх дэманстрацый, у т. л. марш на Вашынгтон (1963). Неаднаразова быў арыштаваны. Аўтар кніг «Крок да свабоды. Мантгомерская гісторыя» (1958), «Сіла любові» (1963), «Чаму мы не можам чакаць» (1964) і інш. Забіты расістамі ў г. Мемфіс. Нобелеўская прэмія міру 1964.

Тв.:

Рус. пер. — Есть у меня мечта...: Избр. тр. и выступления. М., 1970.

М.Л.Кінг.

т. 8, с. 268

КІ́НГІСЕП ((Kingissepp) Віктар Эдуардавіч) (24.3.1888, в-аў Саарэмаа, Эстонія — 4.5.1922),

эстонскі паліт. дзеяч. Скончыў Пецярб. ун-т (1917). З чэрв. 1917 адзін з кіраўнікоў бальшавіцкай арганізацыі Эстоніі, арганізатар Чырв. гвардыі. З ліст. 1917 нам. старшыні ВРК, чл. Выканкома Саветаў Эстляндскага краю. З сак. 1918 у Маскве, у Вярх. рэўтрыбунале і ВЧК, чл. ВЦВК. З ліст. 1918 адзін з кіраўнікоў Кампартыі Эстоніі, якая дзейнічала ў падполлі, на яе 1-м (1920) і 2-м (1921) з’ездах выбраны чл. ЦК і яго палітбюро. Арыштаваны эст. паліцыяй і паводле прыгавору ваен.-палявога суда расстраляны.

т. 8, с. 268

КІ́НГСТАН (Kingston),

горад, сталіца Ямайкі. Засн. англічанамі ў 1693. 103,8 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 800 тыс. ж. (1991). Порт на Карыбскім м. Праз К. праходзіць увесь імпарт і значная ч. экспарту Ямайкі (вываз цукру, рому, бананаў, кавы, бавоўны). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Палісейдас. Прам-сць: харч., лёгкая, дрэваапр., нафтаперапр., металаапрацоўчая. Ун-т. Крэпасць Рокфарт (17—19 ст.).

т. 8, с. 268

КІ́НГСТАН-АПО́Н-ХАЛ, Кінгстан-эпон-Хал (Kingston upon Hall),

горад у Вялікабрытаніі, гл. Хал.

т. 8, с. 268

КІ́НГСТАЎН (Kingstown),

горад, сталіца дзяржавы Сент-Вінсент і Грэнадзіны, на Пд в-ва Сент-Вінсент. 15,9 тыс. ж. (1994). Харч., мылаварныя прадпрыемствы. Турызм.

т. 8, с. 268

КІНГС-КАНЬЁН (Kings Canyon),

нацыянальны парк у ЗША, у штаце Каліфорнія, на зах. схілах цэнтр. ч. горнай сістэмы Сьера-Невада. Засн. ў 1940. Пл. 186,2 тыс. га. Горныя хрыбты (выш. 1500—2500 м), хрыбет Сьера-Невада (выш. 4116 м), самы глыбокі ў Паўн. Амерыцы аднайм. каньён (2400 м, цясніна р. Кінгс), азёры, вадаспады, горныя лугі, хвойныя лясы (хвоя, піхта, секвоядэндран гіганцкі). Водзяцца чорны мядзведзь, горны баран і інш. Агаленні меза- і кайназойскіх адкладаў. Біясферны рэзерват. Аб’ект турызму.

Г.​Я.​Рылюк.

т. 8, с. 268

КІ́НДЗІ, аль-Кіндзі Абу Юсуф Якуб ібн Ісхак (латынізаванае Аль-кіндус; Alchindus, канец 8 ст., Куфа, Ірак — паміж 860 і 879), арабскі вучоны, філосаф, першы прадстаўнік усх. арыстоцелізму. У сваіх працах спалучаў філас. думку араб. ўсходу з ант. філасофіяй, наблізіўся да неаплатанізму. Аўтар пераказу твораў шэрагу грэч. філосафаў і каментарыяў да «Катэгорый» і «Другой аналітыкі» Арыстоцеля, «Элементаў» Эўкліда і «Альмагесту» Пталамея. Пад уплывам поглядаў мутазілітаў імкнуўся пагадзіць ідэі і светапогляд грэч. філосафаў з асновамі ісламу, за што праследаваўся. Распрацаваў канцэпцыю аб 3 ступенях навук. пазнання: ад логікі і матэматыкі праз прыродазнаўчыя навукі да праблем філасофіі. Прапанаваў тэорыю пра 5 прасубстанцый (матэрыя, форма, рух, прастора і час). Абгрунтаваў канцэпцыю аб 4 відах розуму (актуальны, патэнцыяльны, набыты і які праяўляецца). Яго філас. погляды паўплывалі на развіццё сярэдневяковай араб. і еўрап. філасофіі. Напісаў каля 200 навук. прац (захавалася больш за 40 трактатаў).

Тв.:

Рус. пер. — Трактат о количестве книг Аристотеля и о том, что необходимо для усвоения философии;

О первой философии;

Книга о пяти сущностях;

Объяснение ближней действующей причины возникновения и уничтожения // Избр. произв. мыслителей стран Ближнего и Среднего Востока IX—XIV вв. М., 1961.

Літ.:

Григорьян С.Н. Средневековая философия народов Ближнего и Среднего Востока. М., 1966.

В.​І.​Боўш.

т. 8, с. 268

КІНЕМАТАГРА́ФІЯ,

галіна культуры (гл. Кінамастацтва) і эканомікі, што ажыццяўляе вытворчасць, тыражаванне і пракат кінафільмаў. Іх вытв-сць пры дапамозе кінатэхнікі сканцэнтравана на кінастудыях. Дэманструюцца фільмы ў кінатэатрах, на перасоўнай апаратуры, па тэлебачанні, у форме відэакасет і відэадыскаў.

т. 8, с. 268