Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КСІ́РГУ ((Xirgu) Маргарыта) (1888, г. Молінс-дэ-Рэй, Іспанія — 1969),

іспанская актрыса. Вучылася ў Каталонскай школе драм. мастацтва ў Барселоне. У 1906 дэбютавала ў прафес. т-ры. Выступала ў т-рах Барселоны і Мадрыда. Пасля ўстанаўлення франкісцкага рэжыму (з 1939) працавала ў Аргенціне і Уругваі. Выканаўца камед., быт. і трагедыйных роляў. Найб. талент К. раскрыўся ў п’есах Ф.Гарсіі Лоркі: Марыяна Пінеда («Марыяна Пінеда»), Башмачніца («Цудоўная башмачніца»), Іерма («Іерма»), Узначальвала ўласныя трупы, ставіла творы класічнай драматургіі.

т. 8, с. 544

КСЯНДЗО́ВА ГАРА́,

паселішча 2200—1400 да н.э. сярэднедняпроўскай культуры ў пойме правага берага Дняпра, на ўзгорку Ксяндзова гара, на ўскраіне г. Быхаў Магілёўскай вобл. У выніку даследаванняў К.М.Палікарповіча (1928) і І.І.Арцёменкі (1956 і 1958) выяўлены рэшткі наземных жытлаў слупавой канструкцыі, каменных агнішчаў, ачаговых ям. Знойдзены крамянёвыя скрабкі, скрэблы, нажы, клінападобныя сякеры, наканечнікі дроцікаў і стрэл, фрагменты керамікі 3 тыпаў: посуд з круглаватым тулавам і плоскім дном, неарнаментаваныя пласкадонныя пасудзіны слоікападобнай формы, танкасценныя пасудзіны з шарападобным тулавам і круглаватым дном.

т. 8, с. 544

КСЯНДЗО́Ў (Аляксандр Паўлавіч) (н. 18.8.1954, в. Баравое Крупскага р-на Мінскай вобл),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1978). З 1994 выкладае ў Бел. АМ. Творчасці характэрны сімволіка-алегарычнае асэнсаванне рэчаіснасці, а таксама міфал. і біблейскіх сюжэтаў, якія ён імкнецца ўбачыць праз прызму сучаснасці. Сярод асн. работ: «Прысвячэнне М.Гусоўскаму» (1980), «Вяртанне на Радзіму» (1982), «Боль» (1983), «Люда» (1985), «Сон» (1988), «Партрэт Т.Красуцкай» (1989), «Сад багоў», «Дзень нараджэння», «Мур», «Палёт начных матылькоў» (усе 1990), «Тайная вячэра», «Выкраданне Еўропы» (абедзве 1992), «Дзяды» (1994), «Чырвонае віно» (1996), «Картачны домік» (1998).

М.М.Паграноўскі.

А.Ксяндзоў. Выкраданне Еўропы. 1992.

т. 8, с. 544

КСЯНДЗО́Ў (Рыгор Васілевіч) (н. 23.4.1916, в. Рэчкі Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў Гомельскі заатэхнікум (1937), Краснадарскае ваен. авіяц. вучылішча (1940), 1-ю Разанскую вышэйшую ваен. школу штурманаў і лётчыкаў авіяцыі далёкага дзеяння (1942), Краснадарскую вышэйшую афіцэрскую авіяц. школу (1952). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941, штурман бамбардзіровачнай эскадрыллі авіяцыі далёкага дзеяння. Удзельнік абароны Масквы, Сталінградскай бітвы, прарыву блакады Ленінграда, Бел. аперацыі 1944, баёў на Украіне, у Прыбалтыцы і Польшчы, штурму Берліна; зрабіў 255 баявых вылетаў, з іх 24 да партызан Беларусі. Да 1963 у Сав. Арміі, да 1973 на адм. рабоце.

Р.В.Ксяндзоў.

т. 8, с. 544

КСЯНДЗО́Ў (Уладзімір Паўлавіч) (н. 25.7.1951, в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на),

бел: археолаг. Д-р гіст. н. (1994). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1973). З 1978 супрацоўнік Ін-та гісторыі Нац. АН Беларусі. Даследуе помнікі палеаліту і мезаліту на тэр. Бел. Падняпроўя і бас. Зах. Дзвіны. Вылучыў 2 этапы засялення тэр. Беларусі ў каменным веку. Выявіў у мезаліце Падняпроўя і Падзвіння помнікі грэнскай, яніславіцкай, днепра-дзяснінскай і Кунда археал. культур.

Тв.:

Палеолит и мезолит Белорусского Поднепровья. Мн., 1988.

т. 8, с. 544

КСЯНДЗО́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 4 км на З ад г. Паставы. Пл. 0,18 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 290 м, найб. глыб. 4,6 м, даўж. берагавой лініі каля 2,1 км. Пл. вадазбору 3,8 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, разараныя, на Пд і З невыразныя. Берагі сплавінныя, месцамі пад хмызняком. На З, Пд і ПдУ забалочаная пойма шыр да 250 м, парослая хмызняком. Дно глеістае. Зарастае.

т. 8, с. 544

Ксяневіч Іван Паўлавіч

т. 18, кн. 1, с. 412