Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КРАКАДЗІ́ЛЫ (Crocodylia),

атрад паўзуноў падкл. архазаўраў. З сям. (алігатары: 4 роды, 8 відаў; гавіялы: 1 род, 1 від; сапраўдныя К.: 3 роды, 14 відаў). Пашыраны ў трапічным і субтрапічных паясах, па берагах прэсных вадаёмаў, у балотах. У некат. краінах (Егіпет, Індыя) лічацца свяшчэннымі жывёламі. У Чырв. кнізе МСАП 19 відаў.

Даўж. 1,2—7 м. Галава прадаўгаватая, хвост доўгі, сплюшчаны з бакоў. Цела ўкрыта рагавымі шчыткамі. Найб. высокаарганізаваныя паўзуны: маюць 4-камернае сэрца, другаснае касцявое паднябенне, зубы ў асобных ячэйках, мазжачок добра развіты. Кормяцца воднымі беспазваночнымі, рыбай, наземнымі пазваночнымі, іншы раз нападаюць на жывёлу, нават на людзей. Актыўныя ўначы. Размнажаюцца яйцамі (20—100 шт.). Жывуць да 100 гадоў. Мяса ядомае, скура ідзе на галантарэйныя вырабы. Разводзяць у шэрагу краін. Гл. таксама Кайманы.

Э.Р.Самусенка.

т. 8, с. 444

КРАКАІ́Т (ад грэч. krokos шафран),

мінерал класа храматаў, храмат свінцу, Pb(CrO4). Прымесі серабра, цынку. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі пласціністыя; характэрны крышт. друзы. Бывае таксама зярністым. Колер аранжава-чырвоны. Бляск алмазны. Паўпразрысты. Цв. 2,5—3. Шчыльн. 5,9—6,1 г/см³. Утвараецца ў зоне акіслення гідратэрмальных радовішчаў, якія змяшчаюць сульфіды свінцу і залягаюць сярод ультраасноўных парод. Каштоўны калекцыйны мінерал.

т. 8, с. 444

КРАКАТА́Ў (Krakatau),

дзеючы вулкан у Зондскім прал., паміж а-вамі Ява і Суматра, у Інданезіі. Утварыў востраў пл. 10,5 км². Складзены з базальтаў, андэзітаў, рыалітаў. Выш. 813 м, кальдэра дыям. 4—5,5 км. Вядомы выключна моцным вывяржэннем у жн. 1883, у час якога была разбурана б.ч. конуса вулкана (раней быў выш. каля 2000 м) і выкінута больш за 18 км³ вулканічнага попелу на вялізную тэрыторыю. Інтэнсіўныя зоры, абумоўленыя змяншэннем празрыстасці атмасферы, назіраліся некалькі гадоў. Апошняе вывяржэнне ў 1972—73. Запаведнік Кракатаў.

т. 8, с. 444

КРА́КАЎ, Кракуў (Kraków),

горад на Пд Польшчы, у верхнім цячэнні р. Вісла. Адм. ц. Малапольскага ваяводства. 745,1 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Баліцы. Важны эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: самы вял. ў краіне металургічны камбінат (Гута імя Т.Сэндзіміра), маш.-буд. (вытв-сць абсталявання для нафтавай, хім., харч. прам-сці, эл.-тэхн. і радыёэлектронных вырабаў, кабелю), харч. і харчасмакавая (цукр., тытунёвая), хім. (коксахімія, фармацэўтычная, гумавая, вытв-сць соды), эл.-тэхн., буд. матэрыялаў, цэм., швейная, паліграф., мэблевая, гарбарна-абутковая, парфумерная. 15 ВНУ, у т. л. старэйшы ў Польшчы Ягелонскі універсітэт (з 1364), акадэміі горна-металургічная, мед. прыгожых мастацтваў, с.-г., фіз. выхавання, эканам., муз. і інш. Аддзяленне Польскай АН. Ягелонская б-ка. Астр. абсерваторыя Ягелонскага ун-та (з 1792). Тэатры, у т. л. Музычны, Стары, імя Ю.Славацкага. Кансерваторыя. Месца правядзення нац. і міжнар. фестываляў, маст. выставак і інш. Турыстычны цэнтр.

Паводле падання, засн. міфалагічным Кракам на месцы пасялення племя віслян. У 996 згадваецца араб. падарожнікам Ібрагімам ібн-Якубам. У 10 ст. К. — адзін з гал. эканам., паліт., ваен. і культ. цэнтраў Малапольшчы на гандл. шляху Русь—Чэхія—Зах. Еўропа. З канца 10 ст. ў складзе польск. дзяржавы. З 1000 рэзідэнцыя біскупства. Каля 1040 стаў гал. рэзідэнцыяй уладароў Польшчы і сталіцай дзяржавы; важны рэліг. цэнтр са шматлікімі касцёламі, кляштарамі і кафедральнай школай з багатай б-кай. У 11 ст. ў мясц. капітуле створана самая стараж. польская хроніка. У 1241 зруйнаваны татарамі. Гар. правы з 1257. З 1320 месца каранацыі польск. каралёў. У выніку эканам і культ. росквіту ў 14—16 ст. ператварыўся ў буйнейшы цэнтр інтэлектуальнага жыцця Польшчы. У 1364 засн. Кракаўская акадэмія. Важны цэнтр гандлю, маст. рамёстваў, кнігадрукавання (у 16 ст. існавала 9 друкарняў), архітэктуры, скульптуры, жывапісу. Значэнне К. пачало змяншацца пасля пераносу ў 1596 каралеўскай рэзідэнцыі ў Варшаву і ператварэння яе ў сталіцу дзяржавы (1611). У 1655 захоплены, абрабаваны і зруйнаваны шведамі; у 18 ст. заняпаў у выніку набегаў, пажараў, эпідэмій, выплаты кантрыбуцый. Месца абвяшчэння паўстання 1794. У 1795—1809, 1846—1918 пад уладай аўстр. Габсбургаў. У 1781—85 у К. дзейнічаў першы ў Польшчы прафес. тэатр. У 1809—15 у складзе Варшаўскага герцагства, у 1815—46 сталіца Кракаўскай рэспублікі. Тут адбылося Кракаўскае паўстанне 1846. У 2-й пал. 19 ст. цэнтр культ. і навук. жыцця (засн. АН, кансерваторыя, Акадэмія прыгожых мастацтваў). У 2-ю сусв. вайну цэнтр ням.-фаш. генерал-губернатарства; адзін з буйнейшых у Польшчы цэнтраў Руху Супраціўлення. 19.1.1945 вызвалены Сав. Арміяй. У 1963—78 арцыбіскупам кракаўскім быў К.Вайтыла (цяпер рым. папа Іаан Павел II). У канцы 1970—80-х г. цэнтр шматлікіх дэманстрацый і забастовак, незалежнага культ. жыцця (па-за цэнзурай ставіліся спектаклі, арганізоўваліся выстаўкі, ствараліся прыватныя выдавецтвы, выходзілі часопісы).

Гіст. ядро К. — узгорак Вавель з комплексам пабудоў 10—17 ст. і раён Старога горада з квадратнай у плане плошчай Рынку і рэгулярнай сеткай вуліц. Захаваліся фрагменты гар. умацаванняў (канец 13—14 ст.) з надбрамнымі вежамі і барбаканам (1498—99). Сярод помнікаў: раманскі касцёл св. Анджэя (каля 1090); гатычныя касцёлы Дзевы Марыі (Марыяцкі касцёл, 1355—97; у інтэр’еры вітражы канца 14 ст., драўляны алтар, 1477—89, мастак В.Ствош, размалёўкі Я.Матэйкі, 1889—91, і інш.) і св. Крыжа (14 — пач. 16 ст., фрэскі пач. 15 ст.); гандл. рады «Сукеніцы» (1342—92, часткова перабудаваны ў стылі рэнесансу, 1555—59, арх. Дж.М.Падавана); б. будынак Ягелонскага ун-та («Калегіум Майус», 15 ст.); барочныя касцёлы св. Пятра і Паўла (1596—1619, арх. Дж.Трэвана), бернардзінцаў на Страдоме (1670—80, арх. К.Мерашэўскі), св. Ганны (1689—1703, арх. Тыльман Гамерскі) і інш. У 19—1-й пал. 20 ст. вакол кальца бульвараў (т.зв. Планты) узведзены новыя кварталы з радыяльна-кальцавой сістэмай вуліц і параднымі грамадскімі пабудовамі ў духу псеўдарэнесансу (Польская АН, 1857—64, арх. Ф.Пакутынскі), эклектыкі (Т-р імя Ю.Славацкага, 1889—93, арх. Я.Завейскі), мадэрну (Стары т-р, 1904—06, арх. Т.Стрыенскі, Ф.Манчынскі), функцыяналізму (Ягелонская б-ка, да 1939, арх. В.Кшыжаноўскі). У 2-й пал. 20 ст. ўзведзены будынкі Дома студэнтак (1964, арх. В.Брызек і інш.), Вышэйшай с.-г. школы (1963), Ін-та фізікі і матэматыкі (1965, абодва арх. С.Юшчык), гасцініца «Краковія» (1965, арх. Ю.Цэнцкевіч) і інш. У К. помнікі А.Міцкевічу (1898, скульпт. Т.Рыгер), Т.Касцюшку (1921, скульпт. Л.Марконі), Ю.Дзітлю (1937—39, скульпт. К.Дунікоўскі). Сярод музеяў: Дзярж. маст. зборы ў Вавелі, Нацыянальны, Гістарычны, Маладой Польшчы, Чартарыйскіх; маст. галерэі. Гіст. цэнтр К. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Іл. гл. таксама да арт. Гандлёвыя рады.

Літ.:

Савицкая В.И. Краков. М., 1975.

Т.Каліцкі, Н.К.Мазоўка (гісторыя).

Кракаў. Фрагмент гарадскіх умацаванняў.
Кракаў. Фрагмент каралеўскага замка на Вавелі.

т. 8, с. 444

КРА́КАЎСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Krakowskie),

былая адм.-тэр. адзінка на Пд Польшчы. З 1999 тэр. ў складзе Малапольскага ваяводства.

т. 8, с. 445

КРА́КАЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1846,

паўстанне супраць аўстр. панавання ў Кракаўскай рэспубліцы. Планавалася як частка агульнапольск. паўстання, якое рыхтавалася польскімі нац.-вызв. арг-цыямі на чале з Польскім дэмакратычным таварыствам. Пачалося 20 лютага. Авалодаўшы Кракавам, паўстанцы 22 лют. сфарміравалі Нац. ўрад, які ў сваім маніфесце заклікаў народ да агульнага паўстання, скасаваў саслоўныя адрозненні і тытулы, феад. павіннасці, абвясціў аб надзяленні зямлёй сялян, якія прымуць удзел у паўстанні. Пасля разгрому 26 лют. пад Гдовам паўстанцкага атрада А.Сухажэўскага і гібелі 27 лют. фактычнага кіраўніка паўстання Э.Дэмбоўскага дыктатар К.п. Я.Тысоўскі разам з паўстанцкімі атрадамі 3 сак. пакінуў Кракаў і 4 сак. склаў зброю на тэр. Прусіі. Горад захапілі аб’яднаныя войскі Расіі і Аўстрыі.

т. 8, с. 445

КРА́КАЎСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА, Вольны незалежны і строга нейтральны горад Кракаў з акругай. Існавала ў 1815—46. Створана паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15. Уключала Кракаў, 3 мястэчкі і 244 вёскі (пл. 1164 км², нас. 96 тыс. чал., 1815). Паводле канстытуцыі з 1818 на чале К.Р. знаходзіўся Правячы сенат (13 чл., прадстаўнікі мясц. арыстакратыі) на чале з прэзідэнтам; заканад. ўлада належала аднапалатнаму Сходу прадстаўнікоў (41 чл., выбіраліся на аснове маёмаснага і адукац. цэнзу). Дзейнічалі цывільны кодэкс Напалеона, франц. гандл. кодэкс і інш. Была важным цэнтрам польскага незалежніцкага руху. У выніку рэпрэсій супраць тайных патрыят. арг-цый пад аўстр. акупацыяй (1836—41). Пасля задушэння Кракаўскага паўстання 1846 далучана да Аўстрыі.

т. 8, с. 445

КРА́КАЎСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

гл. Ягелонскі універсітэт.

т. 8, с. 445

КРАКЕЛЮ́Р (франц. craquelure),

растрэскванне слаёў грунту, фарбы або лаку ў творах жывапісу. Бывае паверхневы ці глыбокі, жорсткі (з вострымі краямі), мяккі, або, плывучы. К. ўзнікаюць ад нераўнамернага высыхання (усадкі) сувязных рэчываў, мех. уздзеянняў (удар, страсенне) і інш.

т. 8, с. 445

КРАКЕ́Т (англ. і франц. croquet ад франц. crochet кручок),

гульня спарт. тыпу, у якой гульцы ўдарамі драўлянага малатка імкнуцца як мага хутчэй правесці свой шар праз шэраг драцяных варот да калка праціўніка і вярнуць яго назад да свайго калка. Вядомы ў Францыі з 17 ст., з 19 ст. пашыраны ў многіх краінах пераважна для адпачынку і забавы. Гуляюць на роўнай земляной або падстрыжанай травяной пляцоўцы памерам 24—90 × 13,5—45 м. Для гульні патрэбны 8 драўляных шароў дыям. 8,28 см, 2 калкі, 10 варот (прыблізна 25 × 25 см) і малаткі з ручкай да 1 м. У канцы 19 ст. склалася разнавіднасць К. — рокі (гульня на глінянай пляцоўцы 18 × 9 м з уманціраванымі ў грунт варотамі, стойкі якіх на 2,54 см шырэйшыя за дыяметр шара). У 1904 рокі ўключаны ў праграму Алімп. гульняў. Ад К. ўзнік більярд.

т. 8, с. 446