КРАКЕ́Т (англ. і франц. croquet ад франц. crochet кручок),
гульня спарт. тыпу, у якой гульцы ўдарамі драўлянага малатка імкнуцца як мага хутчэй правесці свой шар праз шэраг драцяных варот да калка праціўніка і вярнуць яго назад да свайго калка. Вядомы ў Францыі з 17 ст., з 19 ст. пашыраны ў многіх краінах пераважна для адпачынку і забавы. Гуляюць на роўнай земляной або падстрыжанай травяной пляцоўцы памерам 24—90 × 13,5—45 м. Для гульні патрэбны 8 драўляных шароў дыям. 8,28 см, 2 калкі, 10 варот (прыблізна 25 × 25 см) і малаткі з ручкай да 1 м. У канцы 19 ст. склалася разнавіднасць К. — рокі (гульня на глінянай пляцоўцы 18 × 9 м з уманціраванымі ў грунт варотамі, стойкі якіх на 2,54 см шырэйшыя за дыяметр шара). У 1904 рокі ўключаны ў праграму Алімп. гульняў. Ад К. ўзнік більярд.
т. 8, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)