КВАЛІФІКА́ЦЫЯ (ад лац. qualis які, якой якасці + facere рабіць),
1) характарыстыка прадмета, з’явы, аднясенне яго да якой-н. групы, катэгорыі, напр., кваліфікацыя злачынства.
2) Ступень і від прафесійнай падрыхтаванасці працоўных і служачых да выканання пэўнага віду працы. Уключае тэарэт. веды, практычныя навыкі і прафес. майстэрства. Ступень К. працоўных вызначаецца прысвоенымі ім кваліфікацыйнымі разрадамі, якія ўстанаўліваюцца з улікам складанасці, адказнасці, умоў працы на аснове тарыфна-кваліфікацыйнага даведніка. Паказчыкам К. работніка таксама можа быць катэгорыя, дыплом, наяўнасць звання і вучонай ступені. Гл. таксама Тарыфная сістэма.
т. 8, с. 207
КВАЛІФІКА́ЦЫЯ ЗЛАЧЫ́НСТВА,
крымінальна-прававая ацэнка злачыннага дзеяння, якая заключаецца ва ўстанаўленні адпаведнасці яго прыкмет да прыкмет складу злачынства, прадугледжанага крымін. законам. К.з. ажыццяўляецца органамі папярэдняга расследавання, а канчаткова — прыгаворам суда.
т. 8, с. 207
КВА́НГА, Куангу (Kwango, Cuango),
рака ў Анголе і Дэмакр. Рэспубліцы Конга, левы прыток р. Касаі (бас. р. Конга). Даўж. каля 1200 км, пл. бас. 263,5 тыс. км². Пачынаецца на плато Лунда, цячэ на Пн у шырокай і глыбокай даліне, утварае парогі і вадаспады (Тваза, Франца-Іосіфа і інш.). Гал. прытокі — Вамба і Квілу (справа). Паводкі з вер. да красавіка. Сярэдні гадавы расход вады ў ніжнім цячэнні 2700 м³/с. Рыбалоўства. Суднаходная ад парогаў Кінгушы да вусця (307 км) і часткова ў сярэднім цячэнні.
т. 8, с. 207
КВАНДЖУ́,
горад на ПдЗ Рэспублікі Карэя (Паўд. Карэі). Адм. ц. прав. Чала-Намдо. 1,1 млн. ж. (1990). Аэрапорт. Прам-сць: тэкст., харчасмакавая (у т. л. тытунёвая), ваенная, маш.-буд., хімічная. 2 ун-ты. Нац. музей (у т. л. вялікая калекцыя кіт. керамікі).
т. 8, с. 207
КВА́НЗА, Куанза (Kwanza, Cuanza),
рака ў Анголе. Даўж. 960 км, пл. бас. 147,7 тыс. км². Пачынаецца на пласкагор’і Біе, цячэ ў глыбокай даліне, утварае парогі і вадаспады, ніжняе цячэнне па прыморскай нізіне. Упадае ў Атлантычны ак. на Пд ад г. Луанда. Сярэдні гадавы расход вады 950 м³/с. Суднаходная на 258 км ад вусця. У сярэднім цячэнні ГЭС Камбамбе.
т. 8, с. 207
КВАНТАВА́ННЕ,
вылучэнне дыскрэтнай сукупнасці з мноства неперарыўных значэнняў фіз. велічыні. Адпавядае заканамернасцям мікрасвету, дзе для некаторых фіз. характарыстык існуе толькі пэўны шэраг асобных магчымых значэнняў (гл. Момант імпульсу, Узроўні энергіі).
К. ўведзена ў фізіку М.Планкам (1900), які выказаў меркаванне, што энергія асцылятара з частатой ваганняў ν можа мець толькі дыскрэтны шэраг значэнняў E = nhν, дзе h — Планка пастаянная. Дастасаванне гэтых суадносін да планетарнай мадэлі атама прывяло да К. энергіі атама вадароду (Н.Бор, 1913; гл. Бора тэорыя). А.Зомерфельд (1915) абагульніў умовы К. на больш складаныя выпадкі, што дазволіла распрацаваць метады разліку атамных спектраў. Да стварэння квантавай механікі К. мела характар некат. спец. правіл. У квантавай механіцы К. ўзнікае як вынік агульных матэм. патрабаванняў, якім падпарадкоўваюцца яе ўраўненні. З Шродынгера ўраўнення для электрона ў атаме вадароду вынікае, што для электрона магчымыя толькі некат. дыскрэтныя ўзроўні энергіі. Пад К. разумеюць таксама працэдуру замены суадносін паміж класічнымі фіз. велічынямі на суадносіны паміж адпаведнымі аператарамі.
Літ..: Шпольский Э.В. Атомная физика. Т. 1. М., 1984; Борн М. Атомная физика: Пер. с англ. 3 изд. М., 1970; Гольдин Л.Л., Новикова Г.И. Введение в квантовую физику. М., 1988.
Л.М.Тамільчык.
т. 8, с. 207
КВАНТАВА́ННЕ СІГНА́ЛУ,
пераўтварэнне неперарыўнага сігналу ў паслядоўнасць імпульсаў (К.с. па часе) або ў сігнал са ступеньчатай зменай амплітуды (К.с. па ўзроўні) ці адначасова па часе і па ўзроўні. Атрыманыя ў выніку такіх пераўтварэнняў дыскрэтныя (імпульсныя) або дыскрэтна-неперарыўныя (ступеньчатыя) сігналы ў сваёй сукупнасці адлюстроўваюць зыходны сігнал з загадзя ўстаноўленай памылкай. К.с. выкарыстоўваецца пры пераўтварэнні пэўных значэнняў неперарыўнай велічыні ў код у выліч. прыстасаваннях, лічбавых вымяральных прыладах і інш. Гл. таксама Кадзіраванне.
т. 8, с. 207
КВА́НТАВАЯ БІЯХІ́МІЯ,
навука, якая вывучае структуры, уласцівасці і ўзаемадзеянне біял. макрамалекул з дапамогай сродкаў, уяўленняў і метадаў квантавай механікі.
Сфарміравалася ў 1950—60-я г. на стыку біяхіміі, біяфізікі і малекулярнай біялогіі. Асновы К.б. закладзены франц. вучонымі А.Пюльман і Б.Пюльманам, амер. Р.Рэйнам і І.Тынака, італьян. Э.Клеменці і інш. Выкарыстоўвае таксама метады квантавай хіміі, з іх дапамогай выяўлена прырода макраэргічнасці АТФ, кропкавых мутацый і інш.
На Беларусі навук. даследаванні па К.б. праводзяцца ў ін-тах фотабіялогіі, біяхіміі, біяарган. хіміі Нац. АН Беларусі, БДУ і інш. Вывучаюцца механізмы ферментнага каталізу, фотапераўтварэнняў, асаблівасці структур біяпалімераў, вядзецца пошук біялагічна актыўных рэчываў і мед. прэпаратаў.
т. 8, с. 207
КВА́НТАВАЯ ВА́ДКАСЦЬ,
вадкасць, уласцівасці якой вызначаюцца квантавымі эфектамі (захоўваннем вадкага стану да абс. нуля т-ры, звышцякучасцю і інш.). З рэальных вадкасцей толькі ізатопы гелію (3He і 4He) маюць уласцівасці К.в., якія адкрыты і даследаваны Л.Капіцай у 1938 для вадкага 4He.
Пры нізкіх т-рах К.в. можна разглядаць як сукупнасць неўзаемадзейных элементарных узбуджэнняў (квазічасціц) з пэўнай залежнасцю энергіі ад імпульсу. У адпаведнасці з цэлым ці паўцэлым значэннем спіна адрозніваюць бозе-вадкасці (напр., вадкі 4He, атамы якога маюць спін, роўны 0) і фермі-вадкасці (вадкі 3He, спін 1/2). Уласцівасці фермі-вадкасці маюць электроны праводнасці ў нармальных (незвышправодных) металах і ядз. матэрыя ў нейтронных зорках (пульсарах).
т. 8, с. 208