Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЖУКО́ЎСКАГА ТЭАРЭ́МА,

тэарэма аб пад’ёмнай сіле, што дзейнічае на цела ў плоскапаралельнай плыні несціскальнай вадкасці або газу. Паводле Ж.т., пад’ёмная сіла абумоўлена звязанымі з абцякальным целам віхрамі (т. зв. далучанымі віхрамі), што ўзнікаюць з-за наяўнасці вязкасці ў вадкасці або газе. Ж.т. выконваецца пры дагукавых скарасцях і ляжыць у аснове тэорыі крыла самалёта, грабнога вінта, лапатак турбін, кампрэсараў і інш. Устаноўлена М.Я.Жукоўскім (1904).

т. 6, с. 447

ЖУКО́ЎСКАЯ ((Żukowska) Юзафата) (1772, Лідскі пав. — 23.1.1845),

польская актрыса. Працавала на Беларусі: у трупах Д.Мараўскага (1795) і М.Кажынскага (1801—04) у Гродне, у 1804, 1806 у т-ры С.Дэшнер у Мінску, у 1811—32 у трупе мужа А.Ш.Жукоўскага, у 1844 — Я.Хелмікоўскага. Пасля 1795 і ў 1834—38 працавала ў Вільні. З поспехам выконвала рознахарактарныя ролі: пажылых кабет і бабуль, ключніц, цыганак, прыслужніц, жабрачак і інш.

Ю.А.Пашкін.

т. 6, с. 447

Жукоўская Зоя Іосіфаўна

т. 18, кн. 1, с. 386

ЖУКО́ЎСКІ [імя невяд.; 1746 (?), г. Слуцк Мінскай вобл. — ?],

танцоўшчык. З мяшчан. Вучыўся ў балетнай школе Г.Ф.Радзівіла з 1756 (у А.Пуціні і Л.М.Дзюпрэ) і танцаваў у яго прыдворным т-ры ў Слуцку (дэбютаваў у 1758 у «Балеце на тры пары», лібрэта і паст. Пуціні), а таксама ў г. Белым (Бяла-Падляска, Польшча), гастраліраваў у Нясвіжы (1757, 1759). З 1760 саліст балета Нясвіжскага т-ра М.К.Радзівіла Рыбанькі (упамінаецца ў складзе трупы ў 1787—90).

Г.І.Барышаў.

т. 6, с. 447

ЖУКО́ЎСКІ ((Żukowski) Антані Шыман [1766) (?) — 1834 (?)], бел. акцёр, антрэпрэнёр. У 1790—92 узначальваў польскія трупы ў Мінску і Вільні. У 1795 стварыў у Магілёве трупу, якая ставіла спектаклі на польск. і рус. мовах. У 1795 трупа вольных акцёраў пад кіраўніцтвам Ж. па запрашэнні графа С.Зорыча працавала ў яго Шклоўскім т-ры (выконвала польск. і рус. камедыі). Трупа Ж. выступала ў Гродне (1827, 1828, 1830),

Зэльве (1816). З 1811 узначальваў мінскую антрэпрызу, фактычна наладзіў рэгулярныя тэатр. паказы ў горадзе. З мінскай трупай гастраліраваў па Беларусі. У ёй выступалі вядомыя тагачасныя акцёры — К.Скібінскі, Ю.Жукоўская.

т. 6, с. 447

ЖУКО́ЎСКІ (Барыс Елісеевіч) (14.5.1900—13.1.1973),

рускі тэатр. педагог, акцёр. Нар. арт. Расіі (1955). З 1922 на пед. рабоце (з 1924 у Ленінградскім тэатр. ін-це імя А.Астроўскага). Праф. (1944). З 1923 акцёр Ленінградскага т-ра імя А.Пушкіна. У 1934—37 маст. кіраўнік Бел. студыі пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе. Вял. ўвагу аддаваў развіццю вобразнага мыслення студыйцаў, уменню пранікнуць у сутнасць вобраза, што яскрава выявілася ў спектаклях «Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.Астроўскага (1936) і «Банкір» А.Карнейчука (1937). Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 6, с. 447

ЖУКО́ЎСКІ (Васіль Андрэевіч) (9.2.1783, с. Мішанскае Тульскай вобл., Расія — 24.4.1852),

рускі паэт, адзін з заснавальнікаў рус. рамантызму. Акад. Пецярбургскай АН (з 1841). Выхавальнік пры царскім двары (1815—41). Бараніў ад урадавай рэакцыі А.Пушкіна, М.Лермантава, дзекабрыстаў, садзейнічаў выкупу з прыгонніцкай няволі Т.Шаўчэнкі. Удзельнік групы «Арзамас». Выступіў у л-ры як паэт-сентыменталіст (элегіі «Сельскія могілкі», 1802, «Вечар», 1806). Аўтар рамант. балад «Людміла» (1808), «Касандра» (1809), «Святлана» (1808—12), «Вадзім» (1814—17), «Іванаў вечар» (1822) і інш., оды «Пясняр у стане рускіх воінаў» (1812). Паэзіі Ж. ўласцівы інтанацыйна-рытмічнае багацце, эмац. выразнасць, музыкальнасць. Шырока вядомы яго пераклады балад і драмы Ф.Шылера «Арлеанская дзева» (1817—21), «Адысеі» Гамера (1842—49), часткі паэмы Фірдаўсі «Шахнамэ» і інш. Аўтар вершаваных апрацовак нар. казак, якія трапілі ў бел. фальклор (зб. А.Глінскага). На бел. мову творы Ж. перакладалі В.Зуёнак, Э.Валасевіч.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М.; Л., 1959—60;

Соч. Т. 1—3. М., 1980;

Эстетика и критика. М., 1985.

Літ.:

Бессараб М. Жуковский. 2-е изд. М., 1983;

Афанасьев В. Жуковский. М., 1985;

Иезуитова Р.В. Жуковский и его время. Л., 1989.

І.У.Саламевіч.

В.А.Жукоўскі.

т. 6, с. 447

ЖУКО́ЎСКІ (Мікалай Ягоравіч) (17.1.1847, г. Арэхава-Зуева Уладзімірскай вобл., Расія — 17.3.1921),

рускі вучоны, заснавальнік сучаснай гідра- і аэрамеханікі. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1894). Скончыў Маск. ун-т (1868). Праф. Маск. ун-та (з 1886) і Маск. вышэйшага тэхн. вучылішча (з 1887). Арганізатар і першы кіраўнік (з 1918) Цэнтр. аэрагідрадынамічнага ін-та (ЦАГІ). Навук. працы па тэорыі авіяцыі, механіцы цвёрдага цела, гідрадынаміцы, гідраўліцы, астраноміі, матэматыцы і інш. Стварыў тэорыю гідраўлічнага ўдару (1898), адкрыў закон, які вызначае пад’ёмную сілу крыла самалёта (гл. Жукоўскага тэарэма), тэарэтычна прадказаў шэраг магчымых траекторый лёту (напр., «мёртвую пятлю», якую выканаў рус. лётчык П.М.Несцераў, 1913). У 1912—18 распрацаваў віхравую тэорыю паветр. вінта; вызначыў найб. прыдатныя профілі крылаў і лопасцей вінта самалёта. Прапанаваў тэорыю ўтварэння каметных хвастоў, метад вызначэння элементаў планетных арбіт, выканаў шэраг грунтоўных даследаванняў па тэорыі механізмаў, тэорыі ўстойлівасці руху і інш. Стварыў некалькі навук. школ у галіне дастасавальнай механікі.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—7. М.; Л., 1948—50.

Літ.:

Космодемьянский А.А. Н.Е.Жуковский. М., 1969;

Н.Е.Жуковский — библиография печатных трудов. М., 1968.

М.Я.Жукоўскі.

т. 6, с. 447

ЖУКО́ЎСКІ Міхал, бел. гравёр 18 ст. Працаваў у г. Львоў (Украіна) і Нясвіжы пры двары кн. М.К.Радзівіла Рыбанькі. Стварыў медзярыты на тэмы пастановак Нясвіжскага прыдворнага т-ра У.Радзівіл, якія былі выкарыстаны ў кнізе «Камедыі і трагедыі...» (1754, с. Жоўква, цяпер г. Несцераў, Украіна).

т. 6, с. 448

ЖУКО́ЎСКІ (Пётр Міхайлавіч) (22.1.1888, Кішынёў — 2.10.1975),

савецкі батанік і раслінавод. Акад. УАСГНІЛ (1935), чл.-кар. (1955) і ганаровы д-р (1967) Герм. акадэміі с.-г. навук. Скончыў Новарасійскі ун-т (Адэса, 1911). З 1920 дырэктар Бат. сада, з 1923 праф. Політэхнічнага ін-та ў Тбілісі; у 1934—52 праф. Маскоўскай с.-г. акадэміі імя К.А.Ціміразева; у 1951—60 дырэктар Усесаюзнага н.-д. ін-та раслінаводства, з 1962 праф. Ленінградскага ўн-та. Навук. працы па паходжанні, эвалюцыі, геаграфіі культ. раслін, марфалогіі і генетыцы. Аўтар падручніка «Батаніка» (5 выд., 1982). Дзярж. прэмія СССР 1943. Прэмія імя М.І.Вавілава АН СССР 1967.

т. 6, с. 448