ЖУКО́ЎСКІ (Васіль Андрэевіч) (9.2.1783, с. Мішанскае Тульскай вобл., Расія — 24.4.1852),
рускі паэт, адзін з заснавальнікаў рус. рамантызму. Акад. Пецярбургскай АН (з 1841). Выхавальнік пры царскім двары (1815—41). Бараніў ад урадавай рэакцыі А.Пушкіна, М.Лермантава, дзекабрыстаў, садзейнічаў выкупу з прыгонніцкай няволі Т.Шаўчэнкі. Удзельнік групы «Арзамас». Выступіў у л-ры як паэт-сентыменталіст (элегіі «Сельскія могілкі», 1802, «Вечар», 1806). Аўтар рамант. балад «Людміла» (1808), «Касандра» (1809), «Святлана» (1808—12), «Вадзім» (1814—17), «Іванаў вечар» (1822) і інш., оды «Пясняр у стане рускіх воінаў» (1812). Паэзіі Ж. ўласцівы інтанацыйна-рытмічнае багацце, эмац. выразнасць, музыкальнасць. Шырока вядомы яго пераклады балад і драмы Ф.Шылера «Арлеанская дзева» (1817—21), «Адысеі» Гамера (1842—49), часткі паэмы Фірдаўсі «Шахнамэ» і інш. Аўтар вершаваных апрацовак нар. казак, якія трапілі ў бел. фальклор (зб. А.Глінскага). На бел. мову творы Ж. перакладалі В.Зуёнак, Э.Валасевіч.