Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДРАЗДО́ВА (Лілія Сцяпанаўна) (н. 12.6.1927, г. Байрам-Алі, Туркменія),

бел. і рус. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1953), нар. арт. Расіі (1971). Скончыла Бел. тэатр. ін-т (1950). Працавала ў Бел. т-ры імя Я.Купалы. Выконвала ролі маладых гераінь. Яе знешнія даныя, сцэн. абаяльнасць, мяккасць, творчая індывідуальнасць спрыялі ўвасабленню на бел. сцэне нац. характару: Алена («Салавей» З.Бядулі), Дуня («Простая дзяўчына» К.Губарэвіча), Насця («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы, Дзярж. прэмія СССР 1952; і ў фільме-спектаклі). З інш. роляў: Таня («Таня» А.Арбузава), Галя («У добры час!» В.Розава), Ніна Зарэчная («Чайка» А.Чэхава). Знялася ў фільмах-спектаклях «Паўлінка», «Несцерка», «Хто смяецца апошнім». З 1957 у Ніжагародскім драм. т-ры імя М.Горкага.

т. 6, с. 193

ДРАЗДО́ВА (Маргарыта Сяргееўна) (н. 7.5.1948, Масква),

руская артыстка балета. Нар. арт. Расіі (1980). Нар. арт. СССР (1986). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1967), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1988). У 1967—87 салістка Маскоўскага муз. т-ра імя К.Станіслаўскага і У.Неміровіча-Данчанкі. Сярод партый: Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Папялушка («Папялушка» С.Пракоф’ева), Гаянэ («Гаянэ» А.Хачатурана), Флёр дэ Ліс («Эсмеральда» Ц.Пуні), Медора («Карсар» А.Адана), Сванільда («Капелія» Л.Дэліба). Яе творчасці ўласцівы віртуознае валоданне тэхнікай класічнага танца, элевацыя, драм. выразнасць. Лаўрэат міжнар. конкурсаў артыстаў балета ў Варне (1972, Балгарыя) і Маскве (1973). Прэмія імя Г.Паўлавай (Парыж, 1968). Дзярж. прэмія Расіі 1980.

т. 6, с. 194

ДРАЗДО́ВІЧ (Вікенцій Іосіфавіч) (15.8.1911, в. Навасёлкі Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 3.12.1942),

удзельнік партыз. руху ў Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1965). З жн. 1941 ствараў падп. арг-цыі на радзіме. З ліп. 1942 камандзір узвода ў атрадзе імя Катоўскага партыз. брыгады імя К.Я.Варашылава Мінскай вобл. У час карнай экспедыцыі гітлераўцаў супраць партызан у Капыльскім р-не Д. узначаліў партыз. засаду каля в. Клецішча. 18 партызан на працягу 4 гадзін адбілі 8 атак фаш. батальёна, сарвалі намер ворага нанесці раптоўны ўдар па партыз. брыгадзе, аднак былі акружаны і ўсе загінулі ў баі (гл. Лаўскі бой 1942). У в. Навасёлкі Д. пастаўлены помнік.

В.І.Драздовіч.

т. 6, с. 194

ДРАЗДО́ВІЧ (Язэп Нарцызавіч) (13.10.1888, б. засценак Пунькі, Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 15.8.1954),

бел. мастак, скульптар, этнограф, фалькларыст, археолаг, пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў нац. гіст. жывапісу. Скончыў Віленскую школу рысавання (1908). Выкладаў маляванне ў бел. школах. Заснавальнік маст. студыі пры Віленскай бел. гімназіі (1927). Прадстаўнік рамант. кірунку ў бел. мастацтве. У пейзажах (графічная серыя «Старажытная будоўля на Беларусі», 1910 — пач. 20-х г.), «Вёска Стадолішча», 1919), тэматычных кампазіцыях «Усяслаў Чарадзей у парубе пад палатамі кіеўскага князя» (1923), «Усяслаў Чарадзей пад Гародняй», «Песня Баяна» (1940-я г.), партрэтах Ф.Багушэвіча, Я.Пачопкі, полацкіх і смаленскіх князёў асн. ўвагу аддае адлюстраванню праз паэтызаваныя, сімвалічныя вобразы стараж. бел. гісторыі. Шэраг работ прысвечаны Ф.Скарыне («Францыск Скарына. Развітанне з родным Полацкам, або У свет па навуку», «Са свету з навукай», «Друкарня Францішка Скарыны ў Вільні ў 1525 годзе» (1927—1-я пал. 40-х г.). У 2-й пал. 1920-х г. стварыў графічныя серыі, прысвечаныя стараж. замкавай архітэктуры Беларусі і Літвы («Мір», «Крэва», «Ліда» і інш.). Этнаграфічнае і гіст.-краязнаўчае значэнне маюць замалёўкі сял. тыпажоў, узораў нар. дойлідства, прылад працы і прадметаў побыту, адзення. Асобную групу складаюць творы з сімволіка-алегарычнымі вобразамі («Мужык з панам цягаецца», 1935, «Пагоня», 1927, «Дух цемры», 1932, і інш.). Касмічная тэма прадстаўлена серыямі «Жыццё на Марсе» (1931), «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы» (абедзве 1932), творамі «Пейзаж» (1930-я, г.), «Трывень» (1932—33), «Космас» (1940), «Артаполіс» (1934—35) і інш., у якіх спалучаецца гуманіст. зямны пачатак з наіўным бачаннем ірэальнага. Прымаў удзел у афармленні час. «Саха» (1912—15), «Рунь» (1920) і інш., кніг «Беларускі каляндар на 1910 год», «Курганная кветка» К.Буйло (1914), «Школьны спеўнік» А.Грыневіча (1920), «Лемантар» (1919), уласнай кнігі «Вар’ят без вар’яцтва, або Вялікая шышка» (1923, псеўд. Я.Нарцызаў), брашуры «Нябесныя бегі» (1931). Маляваў насценныя дываны. У аснову іх кампазіцыі паклаў раслінныя, зааморфныя, арх.-сюжэтныя матывы. Стварыў партрэты-барэльефы А.Грыневіча, Я.Пачопкі, М.Машары, маці (пач. 1930-х г.), бюст Ф.Скарыны, «Плач Гарыславы» (1920-я г.). Працаваў у галіне плаката. Запісваў фальклор і апрацоўваў для слоўнікаў нар. лексіку Дзісеншчыны і Піншчыны. Праводзіў археал. даследаванні, вёў археал. дзённікі «Дзісенская дагістарычная старына». У Мінску помнік Д., яго імем названы Германовіцкі музей мастацтва і этнаграфіі (Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.).

Тв.:

Дзённік // Маладосць. 1991. № 5—12.

Літ.:

Ліс А.С. Вечны вандроўнік. Мн., 1984;

Язэп Драздовіч: [Фотаальбом] // Аўтар тэксту Т.В.Габрусь. Мн., 1993;

Язэп Дроздович: «Меня еще поищут...» // Нёман. 1997. № 1.

М.Л.Цыбульскі.

Я.Н.Драздовіч.
Я.Драздовіч. Пейзаж. 1930-я г.
Я.Драздовіч. Космас. 1940.
Я.Драздовіч. Вёска Стадолішча. 1919. Пяро, туш.

т. 6, с. 194

ДРАЗДО́ВЫЯ (Turdidae),

сямейства пеўчых птушак атр. вераб’інападобных. 50—55 родаў, каля 300 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды і халодных раёнаў Арктыкі. Жыхары лясоў, зараснікаў, кустоў, абрываў і скал. У Чырв. кнізе МСАП 4 віды і 8 падвідаў. На Беларусі 14 відаў з 6 родаў: гарыхвосткі, дразды (Turdus), заранкі (Erithacus), каменкі (Oenanthe), салаўі (Luscinia), чаканы (Saxicola).

Даўж. 12—40 см, маса 13—200 г. Вонкавы выгляд і афарбоўка дарослых птушак разнастайныя Птушаняты плямістыя. Ногі ў большасці моцныя, пярэдні бок цэўкі ўкрыты 1 шчытком Дзюба моцная, але тонкая. Хвост у большасці прамы. Ва ўмераных шыротах Д. — пералётныя птушкі. Гняздуюцца на дрэвах, кустах, зямлі, у дуплах і інш. Нясуць 2—6 яец. Гадуюць за год 1—2 патомствы. Кормяцца насякомымі, восенню і зімой — ягадамі, насеннем. Многія Д. добра спяваюць.

т. 6, с. 195

ДРАЗДО́Ў (Вадзім Аляксандравіч) (н. 12.2.1930, г. Цвер, Расія),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1974), праф. (1976). Скончыў Маскоўскі фін. ін-т (1953). З 1963 у Бел. эканам. ун-це. Даследуе тэарэт. праблемы грашовага абарачэння, крэдыту і фінансаў у рыначнай эканоміцы.

Тв.:

Денежное обращение и кредит капиталистических стран. М., 1977 (у сааўт.).

т. 6, с. 195

ДРАЗДО́ЎСКАЯ (Петранела Аляксандра) (1761 ці 1767—4.11.1812),

драматычная актрыса і спявачка. Працавала ў прыдворным т-ры М.К.Агінскага ў Слоніме (у 1780 выступала ў оперы «Тэлемак»), са студз. 1783 у прыдворным т-ры К.Радзівіла Пане Каханку ў Нясвіжы. У 1784 у п’есе «Святкі» дэбютавала трупе В.Багуслаўскага ў Гродне, пазней працавала з яго тэатрам і ў інш. антрэпрызах (Варшава, Гродна, Львоў і інш.).

т. 6, с. 195

ДРАЗДО́ЎСКІЯ,

польскія, бел. і рускія акцёры 19 ст., бацька і дачка.

Войцех (?—1850), камедыйны акцёр, рэжысёр і антрэпрэнёр. З 1840 працаваў у Мінску (трупа Я.Хелмікоўскага), у 1842 выступаў у Гродне ў трупе пад кіраўніцтвам Шмідкафа; іграў на польскай і рус. мовах. З 1847 трымаў уласную антрэпрызу (працавала пераважна ў Мінску), дзе ў 1848—50 паставіў больш за 40 п’ес, у т. л. ўпершыню на Беларусі камедыі «Рэвізор» і «Жаніцьба» М.Гогаля, таксама п’есы Р.Квіткі-Аснаўяненкі, П.Каратыгіна, Ф.Коні, П.Грыгор’ева. У рэпертуары яго трупы былі оперы («Аскольдава магіла» А.Вярстоўскага, «Сарока-зладзейка» Дж.Расіні), муз.-драм. творы («Наталха-Палтаўка» І.Катлярэўскага), аперэты і вадэвілі.

Марыя (?—?), драм. актрыса і спявачка (мецца-сапрана). У 1847—63 выступала ў Мінску. Выканаўца вадэвільнага рэпертуару. Для яе кампазітар Ф.Міладоўскі напісаў аперэту «Канкурэнты» (тэкст М.Лапіцкага і У.Сыракомлі). У канцэртным рэпертуары актрысы творы А.Варламава, М.Глінкі, нар. песні.

Г.І.Барышаў.

т. 6, с. 195

Драздоў Юрый Іванавіч

т. 18, кн. 1, с. 381

ДРАЗДЫ́,

вёска ў Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., на левым беразе р. Зах. Дзвіна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 4 км на ПнУ ад Бешанковіч, 55 км ад Віцебска, 36 км ад чыг. ст. Чашнікі. 309 ж., 124 двары (1997). Пачатковая школа, Дом культуры, б-ка,.аддз. сувязі.

т. 6, с. 195