ДРУ ((Drew) Джон) (13.11.1853, Нью-Йорк — 9.7.1927),
амерыканскі акцёр. Сцэн. дзейнасць пачаў у т-ры «Арч-стрыт». У 1875—92 у трупе антрэпрэнёра О.Дэйлі (Нью-Йорк), адзін з вядучых акцёраў трупы. Яго ігра вызначалася вытанчанасцю манер, лёгкасцю і шчырасцю. Сярод роляў: Розенкранц, Петручыо («Гамлет», «Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра), гаспадар гасцініцы («Рып Ван Вінкль» паводле У.Ірвінга). З 1892 выступаў у якасці «зоркі» ў гастрольных трупах.
т. 6, с. 209
ДРУ́ГАСНАЕ КВАНТАВА́ННЕ,
метад апісання квантавых сістэм з вял. пераменнай колькасцю часціц, у якім ролю незалежных пераменных хвалевых функцый выконваюць лікі часціц у індывід. станах асобнай часціцы (т.з. лікі запаўнення).
Д.к. распрацавана П.Дзіракам для базонаў (1927) і незалежна Ю.Вігнерам і ням. фізікам П.Іорданам для ферміёнаў (1928). Д.к. дасягаецца ўвядзеннем аператараў, што павялічваюць (аператары нараджэння) або памяншаюць (аператары знікнення) лік часціц у вызначаным стане на 1. Матэм. ўласцівасці такіх аператараў устанаўліваюцца перастановачнымі суадносінамі (камутантамі), выгляд якіх вызначаецца спінам часціцы (відам квантавай статыстыкі). Пры такім падыходзе хвалевая функцыя сама становіцца аператарам. Д.к. выкарыстоўваецца ў квантавай тэорыі поля.
А.І.Балсун.
т. 6, с. 209
ДРУ́ГАСНАЯ СЫРАВІ́НА,
адходы жыццезабеспячэння і жыццядзейнасці грамадства, якія пасля адпаведнай апрацоўкі могуць выкарыстоўвацца як вытв. або энергет. сыравіна. Уключае адходы прамысл. вытв-сці, буд-ва (рэшткі металаў, драўніны, шкла), прамысл. вырабаў (брак дэталей, зношаныя аўтапакрышкі), бытавыя (макулатура) і інш.
Неабходнасць выкарыстання Д.с. абумоўлена неўзнаўляльным памяншэннем карысных выкапняў і сыравінных энерганосьбітаў, абмежаванасцю самааднаўлення арган. матэрыялаў расліннага паходжання, таксама эфектыўнасцю. Напр., кошт выплаўкі сталі з металалому ў 10 разоў меншы, чым з руды, медзі — у 5, алюмінію — у 6, прычым затраты эл. энергіі ў 25 разоў; з 1 т косці атрымліваюць 160 кг клею, 110 кг тэхн. тлушчу і 420 кг касцявой мукі.
У Беларусі нарыхтоўкай Д.с. (гл. табл.) займаюцца канцэрн «Белдругрэсурсы» і «Белкаапсаюз», перапрацоўкай — розныя прадпрыемствы і з-ды, у т. л. Жлобінскі металургічны, Магілёўскія рэгенератарны і жэлацінавы, Слонімскі кардонна-папяровы «Альберцін», будматэрыялаў «Даманава» і інш.
А.А.Саламонаў, Я.П.Мініна.
Аб’ёмы нарыхтоўкі некаторых відаў другаснай сыравіны ў Беларусі
| Гады |
Від другаснай сыравіны |
| Драўнінныя адходы шчыльныя м3 |
Макулатура, тыс. т |
Шыны зношаныя тыс. т |
| 1990 |
2161,7 |
261 |
33,7 |
| 1995 |
719,8 |
93 |
4,8 |
| 1996 |
792,1 |
100,2 |
4 |
т. 6, с. 209
ДРУ́ГАСНАЯ ЭЛЕКТРО́ННАЯ ЭМІ́СІЯ,
выпрамяненне электронаў цвёрдымі і вадкімі целамі (эмітэрамі) пры іх бамбардзіроўцы першаснымі электронамі. Паток другасных электронаў складаецца з пругка і няпругка адбітых першасных электронаў і ўласна другасных электронаў, выбітых з эмітэра. Выкарыстоўваецца для ўзмацнення электронных патокаў (напр., у фотаэлектронных памнажальніках), узнаўлення інфармацыі ў сістэмах электрастатычнага запісу, атрымання газавага разраду ў прыладах з халодным катодам і інш.
т. 6, с. 209
ДРУ́ГАСНЫЯ ДАХО́ДЫ,
даходы фіз. і юрыд. асоб, атрыманыя не ў сферы матэрыяльнай вытв-сці.
т. 6, с. 210
ДРУ́ГАСНЫЯ ПАЛАВЫ́Я ПРЫКМЕ́ТЫ,
сукупнасць асаблівасцей ці прыкмет, што адрозніваюць адзін пол ад другога (за выключэннем першасных палавых прыкмет). Па стадыях развіцця адрозніваюць генетычны (храмасомны), ганадны, саматычны (фенатып) і псіхасексуальны пол. Развіццё Д.п.п. адбываецца ў перыяд палавога выспявання чалавека: у мужчын — вусы, барада, адамаў яблык; у жанчын — тыповае развіццё грудных залоз, форма таза, значнае развіццё тлушчавай клятчаткі. Д.п.п. жывёл: характэрнае яркае апярэнне самцоў птушак, пахучыя залозы, добра развітыя рогі, клыкі ў самцоў млекакормячых.
т. 6, с. 210
ДРУ́ГАСНЫЯ Я́КАСЦІ ў філасофіі,
гл. Першасныя і другасныя якасці.
т. 6, с. 210
ДРУГА́Я ІМПЕ́РЫЯ,
перыяд праўлення ў Францыі імператара Напалеона III
[2.12.1852—4.9.1870],
які прыйшоў да ўлады ў выніку дзярж. перавароту, што скасаваў Другую рэспубліку. Вераснёўская рэвалюцыя 1870 знішчыла Д.і. і абвясціла Францыю рэспублікай.
ДРУГА́Я КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КАМПА́РТЫІ ЛІТВЫ́ І ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ.
Адбылася 2—4.2.1919 у Вільні. Прысутнічалі 32 дэлегаты з рашаючым і 32 з дарадчым голасам ад больш чым 5 тыс. чл. КПЛіЗБ. Парадак дня: справаздача ЦК (П.Эйдукевіч), тактыка партыі (К.Цыхоўскі), даклады з месцаў, сав. будаўніцтва, агр. пытанне (З.І.Ангарэціс), адносіны да Часовага рэв. рабоча-сял. ўрада, аб’яднанне Літ. і Бел. Сав. рэспублік. Канферэнцыя паставіла перад парт. арг-цыямі задачу мабілізаваць рабочы клас на далейшае развіццё рэвалюцыі, падкрэсліла, што «выбарчым правам могуць карыстацца толькі пралетарыі і паўпралетарыі». Парт. арг-цыям даручалася неадкладна пачаць узбройваць і абучаць ваен. справе ўсіх членаў партыі. Канферэнцыя выказалася супраць падзелу памешчыцкай зямлі паміж сялянамі, пастанавіла ў мэтах спынення спекуляцыі ўвесці манаполію на гандаль. Ухваліла дзейнасць Часовага рэв. рабоча-сял. ўрада на чале з В.С.Міцкевічам-Капсукасам і прыняла рашэнне пра аб’яднанне Літ. і Бел. Сав. рэспублік. У прынятай рэзалюцыі аб камсамоле гал. яго задачай вызначыла «падрыхтоўку свядомых барацьбітоў за камунізм». Адначасова ў Мінску праходзіў Першы Усебеларускі з’езд Саветаў, які прыняў пастанову пра аб’яднанне Беларусі і Літвы.
Літ.:
КП(б)Б у рэзалюцыях. Ч. 1 (1903—1921 гг.). Мн., 1934;
Борьба за Советскую власть в Литве в 1918—1920 гг.: Сб. док. Вильнюс, 1967.
У.М.Міхнюк.
т. 6, с. 210
ДРУГА́Я КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КПЗБ.
Адбылася нелегальна 30.11.1924 у Вільні. У рабоце канферэнцыі ўдзельнічала 17 дэлегатаў, з іх 14 з рашаючым голасам ад Баранавіцка-Слонімскай, Беластоцкай, Брэсцкай, Віленскай, Гродзенскай і Пінскай акруг, ЦК КПЗБ, ЦК КСМЗБ. Парадак дня: справаздача ЦК КПЗБ; даклад аб V кангрэсе Камінтэрна; пытанні тактыкі; арганізац. і бягучыя пытанні; выбары ЦК КПЗБ, дэлегатаў на III з’езд Кампартыі Польшчы. Канферэнцыя адзначала, што за перыяд ад Першай канферэнцыі КПЗБ (1923) партыя вырасла колькасна, умацавалася арганізацыйна, стала сур’ёзнай паліт. сілай у Зах. Беларусі і Польшчы. Паставіла перад партыяй нерэальную задачу «пачаць арганізацыйную і палітычную падрыхтоўку ўзброенага паўстання». Адхіліла лозунг аўтаноміі для Зах. Беларусі ў межах Польшчы, выстаўлены ППС і інш. партыямі, і проціпаставіла яму лозунг уз’яднання Зах. Беларусі з БССР. Асудзіла сэцэсію як антыпарт. групоўку. У склад ЦК КПЗБ абраны Л.Н.Аранштам, А.П.Данялюк, А.Р.Капуцкі, І.К.Лагіновіч (П.Корчык), С.А.Мертэнс, С.Т.Мілер, Л.І.Родзевіч, В.З.Харужая і інш., дэлегатамі на III з’езд КПРП — Аранштам, Данялюк, Лагіновіч, Мертэнс, Харужая.
Літ.:
Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966.
І.Ф.Дзяшко.
т. 6, с. 210
«ДРУГА́Я ПРАМО́ВА РУСІ́НА АБ НАРАДЖЭ́ННІ ХРЫСТА́»
[«Ulia Concio Ruthena pro Nativitate Oni (Domini)»],
ананімны сатыр. твор бел. л-ры 1-й пал. 18 ст. Уваходзіць у рукапісны зб. твораў на бел., лац. і польск. мовах (нап. 1711—41, часткова апубл. 1965). Напісана на бел. мове лацінкай, цытаты з рэліг. л-ры на лац. мове, трапляецца польская і рус. лексіка. Пабудавана па канонах царк. казання, у аснове якога традыц. рэліг. сюжэт (пастыры—авечкі—ваўкі), напоўнены актуальным зместам. У творы выявіліся асветніцкія ідэі і парадаксальнасць, барочная квяцістасць стылю. Належыць, відаць, таму ж аўтару, што і «Прамова Русіна».
Публ.: Прамова Русіна аб нараджэнні Хрыста // Полымя. 1965. № 9.
Літ.:
Міско С. Невядомыя беларускія творы першай паловы XVIII ст. // Полымя. 1965. № 9;
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Мн., 1968. Т. 1. С. 412—414;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 295—297.
т. 6, с. 210