ДРАЗДО́ВЫЯ (Turdidae),
сямейства пеўчых птушак атр. вераб’інападобных. 50—55 родаў, каля 300 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды і халодных раёнаў Арктыкі. Жыхары лясоў, зараснікаў, кустоў, абрываў і скал. У Чырв. кнізе МСАП 4 віды і 8 падвідаў. На Беларусі 14 відаў з 6 родаў: гарыхвосткі, дразды (Turdus), заранкі (Erithacus), каменкі (Oenanthe), салаўі (Luscinia), чаканы (Saxicola).
Даўж. 12—40 см, маса 13—200 г. Вонкавы выгляд і афарбоўка дарослых птушак разнастайныя Птушаняты плямістыя. Ногі ў большасці моцныя, пярэдні бок цэўкі ўкрыты 1 шчытком Дзюба моцная, але тонкая. Хвост у большасці прамы. Ва ўмераных шыротах Д. — пералётныя птушкі. Гняздуюцца на дрэвах, кустах, зямлі, у дуплах і інш. Нясуць 2—6 яец. Гадуюць за год 1—2 патомствы. Кормяцца насякомымі, восенню і зімой — ягадамі, насеннем. Многія Д. добра спяваюць.
т. 6, с. 195
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)