ДРАЗДО́ЎСКІЯ,

польскія, бел. і рускія акцёры 19 ст., бацька і дачка.

Войцех (?—1850), камедыйны акцёр, рэжысёр і антрэпрэнёр. З 1840 працаваў у Мінску (трупа Я.​Хелмікоўскага), у 1842 выступаў у Гродне ў трупе пад кіраўніцтвам Шмідкафа; іграў на польскай і рус. мовах. З 1847 трымаў уласную антрэпрызу (працавала пераважна ў Мінску), дзе ў 1848—50 паставіў больш за 40 п’ес, у т. л. ўпершыню на Беларусі камедыі «Рэвізор» і «Жаніцьба» М.​Гогаля, таксама п’есы Р.​Квіткі-Аснаўяненкі, П.​Каратыгіна, Ф.​Коні, П.​Грыгор’ева. У рэпертуары яго трупы былі оперы («Аскольдава магіла» А.​Вярстоўскага, «Сарока-зладзейка» Дж.​Расіні), муз.-драм. творы («Наталха-Палтаўка» І.​Катлярэўскага), аперэты і вадэвілі.

Марыя (?—?), драм. актрыса і спявачка (мецца-сапрана). У 1847—63 выступала ў Мінску. Выканаўца вадэвільнага рэпертуару. Для яе кампазітар Ф.​Міладоўскі напісаў аперэту «Канкурэнты» (тэкст М.​Лапіцкага і У.Сыракомлі). У канцэртным рэпертуары актрысы творы А.​Варламава, М.​Глінкі, нар. песні.

Г.​І.​Барышаў.

т. 6, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)