Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРАБНІ́ЦКІ Отан Мікалаевіч

(12.3.1829, маёнтак Арэхаўна Лепельскага пав., зараз Ушацкі р-н — 19.1.1865),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Пасля вучобы ў прыватным пансіёне ў Вільні на вайск. службе ў Крыме, юнкер уланскага палка. У 1854 за сувязь з татарскім антыцарскім рухам на 2 гады зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, потым адпраўлены радавым у Сібірскі асобны корпус. У 1859 вярнуўся на радзіму. У час паўстання 1863—64 камандаваў атрадам паўстанцаў у Віцебскай губ. Засуджаны на 6 гадоў катаргі. Памёр па дарозе ў Сібір.

Г.В.Кісялёў.

т. 5, с. 380

ГРАБНІ́ЦКІ Фларыян

(1664?, Полацкае ваяводства — 1762),

уніяцкі царк. дзеяч Рэчы Паспалітай. Скончыў Львоўскі папскі калегіум (паводле інш. звестак — Віленскую акадэмію), д-р тэалогіі. Чл. ордэна базыльян (1709), епіскап віцебскі (1716—19), архіепіскап полацкі (1719—62), мітрапаліт кіеўскі (1748—62). Пашыраў уніяцтва ў Полацкай архіепархіі, выкарыстоўваў місіянерскую дзейнасць і прымусовыя метады. Удзельнік Замойскага сабора грэка-каталіцкай царквы (1720). Ахвяраваў сродкі на адбудову Полацкага Сафійскага сабора (1738—50).

С.В.Казуля.

т. 5, с. 380

Грабніцкі Адам Станіслававіч

т. 18, кн. 1, с. 373

ГРАБНЫ́ ВІНТ,

найбольш пашыраны суднавы рухач. Мае насаджаную на грабны вал калодку з лопасцямі, якія размешчаны на аднолькавых вуглавых адлегласцях адна ад адной і арыентаваны пад пэўным вуглом да падоўжнай восі вала. Грабныя вінты бываюць суцэльныя (лопасці адлітыя або адштампаваныя разам з калодкай), са здымнымі або паваротнымі (вінты са зменным ходам) лопасцямі. Вырабляюць з латуні, бронзы, чыгуну, сталі, пластмас.

т. 5, с. 380

ГРАБНЯКІ́,

тое, што грабавыя лясы.

т. 5, с. 381

ГРАБО́ЎСКІ Павел Арсенавіч

(11.9.1864, в. Грабоўскае Сумскай вобл., Украіна — 12.12.1902),

украінскі паэт, рэв. дэмакрат. У 1874—82 вучыўся ў Ахтырскім духоўным вучылішчы і Харкаўскай духоўнай семінарыі. Удзельнік харкаўскай групы «Чорнага перадзелу». У 1882 за рэв. агітацыю арыштаваны і сасланы на катаргу. Каля 20 гадоў правёў у сібірскіх турмах і ссылцы. Майстар кароткага верша, насычанага глыбінёй думкі і пачуццяў (зб-кі «Пралеска», 1894; «З Поўначы», 1896; «Кобза», 1898). У творах адлюстроўваў мінулае і сучаснае Украіны, героіку рэв. барацьбы. Як крытык і публіцыст выступаў супраць дэкадэнцтва, тэорыі «мастацтва дзеля мастацтва», апалітычнасці ў маст. творчасці, ліберальнага народніцтва, сцвярджаў прынцыпы рэалізму. Пісаў для дзяцей. Перакладаў з рус., груз., арм., балг., польск., англ., італьян., франц. і інш. моў свету (зб. «З чужога поля», 1895).

Тв.:

Зібрання творів. Т. 1—3. Київ, 1959—60;

Рус. пер. — Избранное. М., 1964.

т. 5, с. 381

ГРАБО́ЎСКІ Стафан

(24.6.1767, в. Асташына Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.6.1847),

военачальнік, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794. Пасля заканчэння Рыцарскай школы ў Варшаве харунжы ў войску ВКЛ. У час ваенных дзеянняў Рэчы Паспалітай з Расіяй 1792 вызначыўся ў баях пад Мірам і Брэстам. Атрад Грабоўскага адыграў вырашальную ролю пры выгнанні з Вільні рас. гарнізона (крас. 1794), удзельнічаў у баях пад в. Солы, Паляны, у абароне Вільні. У жн. 1794 Грабоўскі ўзначаліў рэйд 2-тысячнага атрада паўстанцаў на Міншчыну і Магілёўшчыну. Пасля няўдалага бою пад Любанню (4.9.1794) капітуляваў. Высланы ў Кастрамскую губ., пазней амнісціраваны. У вайну 1812 ваяваў на баку Напалеона, ген.-маёр, трапіў у палон. Пры падтрымцы А.Чартарыйскага вызвалены, увайшоў у склад вышэйшай адміністрацыі Варшаўскага княства. З 1816 дырэктар Вайсковай камісіі, з 1825 міністр-сакратар Каралеўства Польскага, ген. дывізіі (1826). Удзельнік руска-турэцкай вайны 1826—29. У 1832—39 чл. Дзярж. савета Рас. імперыі.

У.П.Емяльянчык.

т. 5, с. 381

ГРАБЯНЕ́Ц,

вёска ў Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 15 км на ПдУ ад Чэрвеня, 83 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Градзянка. 420 ж., 139 двароў (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 5, с. 381

ГРАБЯНЁЎСКІ,

пасёлак у Руднянскім с/с Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 13 км ад горада і чыг. ст. Жыткавічы, 230 км ад Гомеля. 250 ж., 82 двары (1996). Клуб, б-ка, аптэка, аддз. сувязі.

т. 5, с. 381

ГРАБЯНІ́,

вёска ў Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 19 км на ПдУ ад Лельчыц, 226 км ад Гомеля, 85 км ад чыг. ст. Козенкі. 359 ж., 126 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 5, с. 381