Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

МУРАГІ́,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача (цячэ праз возера), за 24 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,59 км², даўж. каля 2,6 км, найб. шыр. 470 м, найб. глыб. 19,4 м, даўж. берагавой лініі каля 5,8 км. Пл. вадазбору 102 км². Схілы катлавіны выш. да 36 м, парэзаныя ярамі. Берагі нізкія, пясчаныя, ’пад хмызняком. У прыбярэжнай зоне дно пясчанае, глыбей — ілістае. Мелкаводны ўсх. заліў зарос. Упадае шмат ручаёў.

т. 11, с. 28

МУРА́ДАЎ (Шырын) (уста Шырын; 18.8.1880, г. Бухара, Узбекістан — 12.2.1957),

узбекскі нар. дойлід. Засл. дз. маст. Узбекістана. (1943). Ганаровы чл. АН Узбекістана (1943). Мастак-арнаменталіст, рэзчык па ганчы. Развіваў традыцыі ўзб. нар. арнаменту. Ствараў дэкар. кампазіцыі для аздаблення жылых дамоў Бухары (1895—1910-я г.) і палаца Сітараі-Махі-хаса каля Бухары (1912—14). Аўтар разнога дэкору Бухарскай залы Т-ра оперы і балета імя Наваі ў Ташкенце (1947) і інш. Рэстаўрыраваў арх. помнікі. Дзярж. прэмія СССР 1948.

Літ.:

Ноткин И.И. Бухарская резьба по ганчу в работах усто Ширина Мурадова. Ташкент, 1961.

т. 11, с. 28

МУРАДЭ́ЛІ (Вано Ільіч) (6.4.1908, г. Горы, Грузія — 14.8.1970),

грузінскі і расійскі кампазітар. Нар. арт. Расіі (1957). Нар. арт. СССР (1968). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1931). Вучань С.​Бархударана, М.Мяскоўскага і інш. У 1931—34 у драм. т-рах Грузіі. У 1938—39 адказны сакратар Саюза кампазітараў СССР. У 1942—44 начальнік і маст. кіраўнік Цэнтр. ансамбля ВМФ СССР. Для яго творчасці былі характэрны грамадз. накіраванасць, публіцыстычная завостранасць, увага да праблем сучаснасці. Сярод твораў: оперы «Вялікая дружба» (паст. 1947), «Кастрычнік» (паст. 1964), аперэты «Дзяўчына з блакітнымі вачыма» (паст. 1966), «Масква—Парыж—Масква» (паст. 1968), кантаты; 2 сімфоніі (1938, 1945), «Грузінскі сімфанічны танец» (1936); хары, песні (больш за 100); рамансы на вершы А.​Пушкіна, апрацоўкі нар. песень, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар мемуараў «З майго жыцця» (1970). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1951.

Літ.:

Сеженский К. Вано Мурадели. М., 1962;

В.​Мурадели: Воспоминания и статьи. М., 1983.

В.І.Мурадэлі.

т. 11, с. 28

Мурад Ферыд

т. 18, кн. 1, с. 431

МУ́РАМ,

горад, цэнтр раёна ва Уладзімірскай вобл. Расіі. 126 тыс. ж. (1996). Прыстань на р. Ака. Чыг. вузел. Прам-сць: машынабудаванне (цепла- і электравозы, халадзільнікі), прыладабудаванне, дрэваапр. прадпрыемствы (фанерны з-д, мэблевая ф-ка), харч., лёгкая (баваўняны камбінат, абутковая ф-ка): вытв-сць буд. матэрыялаў. Філіял Уладзіміра-Суздальскага гіст.-арх. і маст. музея-запаведніка. Царква Касьмы і Даміяна (16 ст.), Троіцкі манастыр (17 ст.).

Першапачаткова слав. паселішча на тэр. фіна-угорскага племя мурама Летапісныя звесткі з 862. З 1097 сталіца Мурама-Разанскага княства, у сярэдзіне 12 — пач. 15 ст. — Мурамскага княства. У 1088 разбураны волжска-камскімі булгарамі, у 1239, 1281, 1293 — мангола-татарамі. Заняпаў. Адноўлены ў 1351. З сярэдзіны 15 ст. ў складзе Маскоўскага вял. княства, з 1708 — Маскоўскай губ., з 1778 павятовы горад Уладзімірскага намесніцтва (з 1796 губерні).

т. 11, с. 28

МУ́РАМА,

роднаснае мардве стараж. фіна-угорскае племя, што жыло ў 1-м тыс. да н.э. — 12 ст. н.э. на берагах р. Ака, у межах сучаснага Мурамскага р-на Уладзімірскай вобл. Расіі. Асн. заняткі — жывёлагадоўля, земляробства, пушное паляванне, рыбалоўства, бортніцтва, металургія жалеза, медналіцейнае і ювелірнае рамёствы. Вяла гандаль са славянамі, волжскімі булгарамі, народамі Прыуралля і Сярэдняй Азіі. Грамадскі лад М. — патрыярхальна-родавы. У 10—11 ст. М. плаціла даніну князям Кіеўскай Русі (згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў»), у 12 ст. асімілявана слав. насельніцтвам і пазней увайшла ў склад рускай народнасці.

т. 11, с. 28

МУРАМІДА́ЗА,

тое, што лізацым.

т. 11, с. 28

МУ́РАМЦАЎ (Генадзь Ільіч) (н. 18.11.1931, С.-Пецярбург),

бел. скульптар, педагог. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1952), Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1958). З 1958 выкладчык Мінскага маст. вучылішча, з 1961 — Бел. АМ. Працуе ў галіне станковай і манум. скульптуры. Творы вызначаюцца пластычнай выразнасцю, псіхалагізмам унутр. зместу. Сярод станковых работ кампазіцыі «Вясна» (1959), «Рамонак» (1962), «Квітней, Беларусь!» (1972), партрэты М.​Багдановіча (1957), І.​Лучанка (1970), М.​Керзіна (1973), В.​Быкава (1975), І.​Мележа (1977), А.​Куляшова (1980), З.​Азгура (1981), А.​Паслядовіч (1985), Я.​Чамадурава (1995), В.​Шаранговіча (2000) і інш. Аўтар помнікаў К.​Заслонаву ў Оршы (1965), падпольшчыкам Асінторфа непадалёку ад р.п. Асінторф Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. (1966, абодва з В.​Занковічам і Л.​Левіным), Маршалу Сав. Саюза В.​Д.​Сакалоўскаму ў Гродне (1973), вызваліцелям Полацка (1981, абодва з В.​Аладавым), вызваліцелям Віцебска (1984, з А.​Заспіцкім, М.​Рыжанковым, А.​Тарасянам), Я.​Купалу ў філіяле «Акопы» літ. музея Я.​Купалы ў Лагойскім р-не Мінскай вобл. (1991, з Заспіцкім) і інш., мемар. дошак М.​Чуркіну, І.​Мележу ў Мінску. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967.

Л.​Ф.​Салавей.

Г.Мурамцаў. Партрэт А.​Паслядовіч. 1985.

т. 11, с. 28

МУ́РАМЦАЎ (Ілья Аляксеевіч) (2.8.1901, с. Кірушкіна Бугурусланскага р-на Арэнбургскай вобл., Расія — 8.8.1968),

бел. і расійскі спявак (бас). Засл. арт. Беларусі (1938). Вучыўся ў Ленінградскім муз. тэхнікуме і на оперных курсах (1923—30). У 1933—52 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі (у 1941—42 у Вял. т-ры ў Маскве). З 1952 саліст Башкірскага т-ра оперы і балета. Валодаў голасам прыгожага тэмбру. Яго індывідуальнасці найб. адпавядалі партыі характарнага, у т. л. камедыйнага, плана. У нац. операх стварыў запамінальныя вобразы Тараса («Ў пушчах Палесся» А.​Багатырова), Анішчука і Данілы («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.​Цікоцкага). Партыі класічнага рэпертуару на бел. сцэне: Галіцкі, Канчак («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Чуб («Чаравічкі» П.​Чайкоўскага), Стары цыган («Алека» С.​Рахманінава), Сабакін («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно) і інш.

т. 11, с. 29

МУРА́НАЎ (Леў Барысавіч) (н. 1.12.1930, г. Іванава, Расія),

расійскі і бел. дырыжор, педагог. Нар. арт. Расіі (1978). Скончыў Ін-т ваен. дырыжораў у Маскве (1952). Маст. кіраўнік армейскіх ансамбляў. У 1979—88 начальнік і муз. кіраўнік Ансамбля песні і танца Бел. ваен. акругі (з 1992 Ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Беларусі). З 1988 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1997 праф.), з 1995 кіраўнік камернага аркестра гімназіі-каледжа пры ёй. Аўтар песень («Пяюць гвардзейцы на прывале», «Беражом зямлі світанні», «Сцягоў прамяністая слава», «Мы ідзём па вуліцы» і інш.), аранжыровак твораў муз. класікі і сучасных кампазітараў, у т. л. «Змрок багоў» Р.​Вагнера, «Музычныя вечары» Б.​Брытэна паводле Дж.​Расіні, уверцюра да оперы «Італьянка ў Алжыры» Расіні, «Трыумфальны марш» з балета «Спартак» А.​Хачатурана, сюіта на тэмы оперы «Поргі і Бес» Дж.​Гершвіна і інш.

т. 11, с. 29