Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

МУРА́ШКА (Аляксандр Аляксандравіч) (7.9.1875, Кіеў — 14.6.1919),

украінскі жывапісец. Вучыўся ў Кіеўскай рысавальнай школе М.І.Мурашкі, Пецярб. АМ (1894—1900) у І.​Рэпіна, у Мюнхене ў школе А.​Ажбе (1901). У 1902—04 наведаў Парыж. Член т-ва перасоўнікаў (з 1916). З 1912 выкладаў у Кіеўскім маст. вучылішчы, у 1912—17 — у Маст. студыі, якую адкрыў у Кіеве разам з А.​Кругер-Прахавай. Творы адметныя натурнай пераканаўчасцю, дэкар. экспрэсіяй колеру: «Пахаванне кашавога» (1900), «На вуліцах Парыжа» (1902—03), «Сялянская сям’я» (1913). Аўтар партрэтаў «Дзяўчынка з сабачкам», «Дзяўчынка ў чырвоным капелюшы» (1902—03), Я.​Станіслаўскага (1906), М.​Мурашкі (1907), аўтапартрэта (1918).

В.​А.​Сімакова.

А.Мурашка. Дзяўчынка з сабачкам.

т. 11, с. 32

МУРА́ШКА (Анатоль Іванавіч) (29.4.1927, в. Беразіно Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 18.3.1990),

бел. вучоны ў галіне меліярацыі і воднай гаспадаркі. Акад. УАСГНІЛ (1982, чл.-кар. 1978), д-р тэхн. н. (1972), праф. (1974). Скончыў БПІ (1955). З 1958 у Бел. НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі. З 1983 дырэктар Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў. Навук. працы па метадах асушэння балот і пераўвільготненых зямель з выкарыстаннем палімерных і інш. матэрыялаў, праблемах прыродакарыстання.

Тв.:

Сельскохозяйственный дренаж в гумидной зоне. М., 1982;

Охрана сельскохозяйственных угодий и окружающей среды. Мн., 1984 (у сааўт.);

Технология преобразования торфяников в органоминеральные почвы и система сельскохозяйственного освоения их. Горки, 1987 (у сааўт.).

А.І.Мурашка.

т. 11, с. 32

МУРА́ШКА (Анцінея Рыгораўна) (н. 15.10.1924, в. Кірава Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1959). Скончыла БДУ (1948). З 1950 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, у 1963—93 у БДУ. Навук. працы па бел. дыялекталогіі, пытаннях узаемадзеяння бел. мовы з суседнімі слав. і неслав. мовамі. Сааўтар «Хрэстаматыі па беларускай дыялекталогіі» (1962), «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (1963), «Нарысаў па беларускай дыялекталогіі» (1964), «Лінгвістычнай геаграфіі і групоўкі беларускіх гаворак» (1969), падручніка «Сучасная руская мова» (ч. 1—2, 1979—81). Дзярж. прэмія СССР 1971 за ўдзел у комплексе прац па бел. лінгвагеаграфіі.

І.​К.​Германовіч.

т. 11, с. 32

МУРА́ШКА (Дзяніс) (? — пасля 1671),

кіраўнік атрада бел. сялян у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, наказны бел. палкоўнік. Арганізаваны ім у 1656—57 атрад дзейнічаў у Мінскім і Аршанскім пав., рабіў рэйды па шляхецкіх маёнтках. Яго рэзідэнцыямі былі Ігумен (1656) і Камень (з 1657) у Мінскім пав. У вер. 1658 перайшоў на бок Рэчы Паспалітай, вёў баявыя дзеянні супраць рас. войск ва ўзаемадзеянні з І.Нячаем і С.​Аскеркам (гл. Аскеркі). 22.5.1659 сейм Рэчы Паспалітай надаў М. шляхецтва. У снеж. 1664 здзейсніў рэйд у Ноўгарад-Северскі пав., у студз. 1665 — у ваколіцы Чарнігава. У маі 1665 на шляху паміж Старадубам і Гомелем яго атрад (400 чал.) разбіты і сам ён паранены. Пазней служыў у войску гетмана ВКЛ П.Сапегі.

Літ.:

Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995.

т. 11, с. 32

МУРА́ШКА (Ларыса Фёдараўна) (н. 17.5.1951, Мінск),

бел. кампазітар. Скончыла Бел, кансерваторыю (1975, клас П.Падкавырава). З 1977 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1997 дацэнт), у 1978—88 адначасова рэдактар рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Мін-ва культуры Беларусі. У яе творчасці пераважаюць камерна-інстр. і вак. жанры, музыка для дзяцей. Распрацоўвае розныя пласты нац. муз. фальклору. Сярод твораў; кантата «Замчышча» на словы Я.​Купалы, канцэрт для фп. з арк. (абодва 1975), «Званы Нямігі» для духавога аркестра (1995), санаты, сюіты, прэлюдыі і фугі для фп., саната-імправізацыя ў трох медытацыях (1990) для цымбалаў; камерна-інстр., у т. л. стр. квартэт (1979), «Драматычная паэма» для фагота і фп. (1993); цыкл «Жалейка» на словы Я.​Купалы для хору a cappella, рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў.

Т.​Г.​Слабодчыкава.

т. 11, с. 32

МУРА́ШКА (Мікалай Іванавіч) (20.5.1844, г. Глухаў Сумскай вобл., Украіна — 22.9.1909),

украінскі мастак. У 1863—68 вучыўся ў Пецярбургскай АМ. У 1875—1901 кіраваў заснаванай ім Кіеўскай рысавальнай школай. Аўтар лірычных пейзажаў, блізкіх да творчасці перасоўнікаў: «Матыў ваколіц Кіева» (1879), «Восень», «Дняпро», «Над Дняпром» (усе 1880—90-я г.), «Крым» (1892); партрэтаў Т.​Шаўчэнкі (1864—67), М.​Ге (1906). Аўтар кнігі «Успаміны старога настаўніка» (вып. 1—3, 1907—09).

В.​А.​Сімакова.

т. 11, с. 32

МУРА́ШКА (Міхаіл Рыгоравіч) (н. 12.7. 1913, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне гідраэнергетыкі і воднай гаспадаркі. Канд. тэхн. н. (1951). Засл. меліяратар Беларусі (1973). Скончыў БПІ (1937). З 1951 вучоны сакратар прэзідыума і нам. дырэктара Ін-та энергетыкі АН Беларусі. У 1962—83 дырэктар Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў. Навук. працы па комплексным выкарыстанні і ахове водных рэсурсаў рэспублікі і басейнаў асобных рэк. Удзельнічаў у распрацоўцы праекта Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, праграм аховы навакольнага асяроддзя і інш.

Тв.:

Водноэнергетический кадастр Белорусской ССР. Т. 1—2. Мн., 1960—62 (у сааўт.);

Водные ресурсы Белоруссии и перспективы их использования. Мн., 1976 (разам з І.​Я.​Куксіным).

т. 11, с. 32

МУРА́ШКА (Рыгор Данілавіч) (16.2.1902, в. Бязверхавічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — крас. 1944),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі (1917—18). Скончыў інструктарскія курсы пры Наркамаце ўнутр. спраў Беларусі (1920). У 1921—24 на сав. і парт. рабоце. З 1926 адказны сакратар час. «Бальшавік Беларусі», у 1930—33 у Дзярж. выд-ве БССР. У Вял.

Айч. вайну ўдзельнік Мінскага падполля, з восені 1943 у партызанах. Загінуў у час прарыву ням.-фаш. блакады партызан на Лагойшчыне. Друкаваўся з 1924. Асн. тэматыка першага зб. апавяданняў «Стрэл начны ў лесе» (1926) — падзеі грамадз. вайны. Аўтар зб-каў апавяданняў «Прыгранічны манастыр» (1930), «Званкі» (1931), «Рузікі» (1932), «Мюдаўская ноч» (1934), напісаных на матэрыяле жыцця бел. вёскі, аповесці «У іхным доме» (1929). Раман «Сын» (1929, 3-е выд. 1957) пра жыццё бел. народа ў рэвалюцыю 1905—07, раман «Салаўі святога Палікара» (1940, асобнае выд. 1967) пра калектывізацыю, бел. вёску 1930-х г. Раман «Таварышы» (1942, пад псеўд. Максім Загорскі) пра драм. лёс мастака з рабочага асяроддзя, жыццё даваен. Мінска. Думкамі аб гіст. праве бел. народа на самаст. жыццё прасякнуты раман «Насуперак лёсу» (1942, пад псеўд. Мікалай Дуброўскі) пра сацыяліста-рэвалюцыянера А.​Савіцкага.

Літ.:

Хведаровіч М. Памятныя сустрэчы 3 выд. Мн., 1977;

Строева Т. Рыгор Мурашка // Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг. Мн., 1985;

Мурашка А. Захоўваю памяць // Полымя, 1993. № 6.

Л.​С.​Савік.

Р.Д.Мурашка.

т. 11, с. 32

МУРАШКАЕ́ДАВЫЯ (Myrmecophagidae),

сямейства млекакормячых жывёл атр. непаўназубых. Вядомы з ніжняга міяцэну Паўд. Амерыкі (каля 25 млн. г. назад). 3 роды (мурашкаеды гіганцкія — Myrmecophaga, карлікавыя — Cyclops, тамандуа — Tamandua), 3 віды. Пашыраны ад Паўд. Мексікі да Паўн. Аргенціны. Жывуць у трапічных лясах, трапляюцца ў саваннах. Наземныя і дрэвавыя жывёлы. Гіганцкі, або трохпальцы, мурашкаед (M. trydactila) у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. цела да 120 см, хваста да 90 см, маса да 23 кг. Валасяное покрыва развітое. Канец морды трубкападобны. Кіпцюры на пярэдніх лапах доўгія (да 10 см), загнутыя, вострыя. Язык доўгі (да 60 см), ліпучы; служыць для лоўлі насякомых (пераважна мурашак і тэрмітаў). Нараджаюць 1 дзіцяня.

Э.​Р.​Самусенка.

Да арт. Мурашкаедавыя. Мурашкаеды: 1 — карлікавы; 2 — вялікі; 3 — тамандуа.

т. 11, с. 33

МУРА́ШКАЎЦЫ, евангельскія хрысціяне святыя сіяністы,

рэлігійная секта. Узнікла ў канцы 1920-х г. у Зах. Беларусі. Назва ад імя заснавальніка Івана Мурашкі, які абвясціў сябе прарокам ад бога і стаў прапаведаваць канец свету і страшны суд. Члены секты павінны былі выконваць запаведзі Майсея, святкаваць суботу і нядзелю, не спажываць мяса, не галіць бараду, не чытаць свецкую л-ру, не мець зносін з іншаверцамі. У 1936 Мурашка заснаваў каля г. Сарны Валынскага ваяв. рэліг. камуну «Новы Іерусалім». У 2-й пал. 1930-х г. М. было каля 800—1000 чал. У 1938, забраўшы касу, Мурашка з жонкай уцёк у Аргенціну. Пасля Вял. Айч. вайны найб. актыўныя «апосталы» секты стварылі новыя «сіёны» ў Антопальскім, Высокаўскім, Іванаўскім, Кобрынскім р-нах. У 1951 секта перайменавана ў царкву св. Тройцы, аднак ніколі не рэгістравалася. Да 1953 усе «сіёны» разагнаны, многія члены секты арыштаваны і асуджаны. Вернікі раз’ехаліся па Малдавіі, Грузіі, Казахстане, Краснадарскім краі. У Беларусі засталіся адзінкі М., якія не маюць сваёй арг-цыі, але выконваюць веравучэнне і абрады секты, часам наведваюць малітоўныя сходы пяцідзесятнікаў і адвентыстаў, радзей баптыстаў.

Літ.:

Камейша Б.И. Кто такие мурашковцы. Мн., 1970.

Б.​І.​Камейша.

т. 11, с. 33