МУРА́ШКА (Рыгор Данілавіч) (16.2.1902, в. Бязверхавічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — крас. 1944),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі (1917—18). Скончыў інструктарскія курсы пры Наркамаце ўнутр. спраў Беларусі (1920). У 1921—24 на сав. і парт. рабоце. З 1926 адказны сакратар час. «Бальшавік Беларусі», у 1930—33 у Дзярж. выд-ве БССР. У Вял.
Айч. вайну ўдзельнік Мінскага падполля, з восені 1943 у партызанах. Загінуў у час прарыву ням.-фаш. блакады партызан на Лагойшчыне. Друкаваўся з 1924. Асн. тэматыка першага зб. апавяданняў «Стрэл начны ў лесе» (1926) — падзеі грамадз. вайны. Аўтар зб-каў апавяданняў «Прыгранічны манастыр» (1930), «Званкі» (1931), «Рузікі» (1932), «Мюдаўская ноч» (1934), напісаных на матэрыяле жыцця бел. вёскі, аповесці «У іхным доме» (1929). Раман «Сын» (1929, 3-е выд. 1957) пра жыццё бел. народа ў рэвалюцыю 1905—07, раман «Салаўі святога Палікара» (1940, асобнае выд. 1967) пра калектывізацыю, бел. вёску 1930-х г. Раман «Таварышы» (1942, пад псеўд. Максім Загорскі) пра драм. лёс мастака з рабочага асяроддзя, жыццё даваен. Мінска. Думкамі аб гіст. праве бел. народа на самаст. жыццё прасякнуты раман «Насуперак лёсу» (1942, пад псеўд. Мікалай Дуброўскі) пра сацыяліста-рэвалюцыянера А.Савіцкага.
Літ.:
Хведаровіч М. Памятныя сустрэчы 3 выд.Мн., 1977;
Строева Т. Рыгор Мурашка // Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг.Мн., 1985;