сямейства млекакормячых жывёл атр. непаўназубых. Вядомы з ніжняга міяцэну Паўд. Амерыкі (каля 25 млн.г. назад). 3 роды (мурашкаеды гіганцкія — Myrmecophaga, карлікавыя — Cyclops, тамандуа — Tamandua), 3 віды. Пашыраны ад Паўд. Мексікі да Паўн. Аргенціны. Жывуць у трапічных лясах, трапляюцца ў саваннах. Наземныя і дрэвавыя жывёлы. Гіганцкі, або трохпальцы, мурашкаед (M. trydactila) у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. цела да 120 см, хваста да 90 см, маса да 23 кг. Валасяное покрыва развітое. Канец морды трубкападобны. Кіпцюры на пярэдніх лапах доўгія (да 10 см), загнутыя, вострыя. Язык доўгі (да 60 см), ліпучы; служыць для лоўлі насякомых (пераважна мурашак і тэрмітаў). Нараджаюць 1 дзіцяня.