Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

МУМІФІКА́ЦЫЯ (ад мумія + лац. facio раблю),

высыханне трупа ці асобных адмерлых частак жывога арганізма. Натуральная М. адбываецца пры пераходзе вільгаці з мёртвай тканкі ці трупа ў навакольнае асяроддзе і адсутнасці ўмоў для гніласнага распаду тканак (напр., высокая т-ра). Пры штучнай М. труп насычаецца спец. рэчывамі, якія яго кансервуюць. Пасля М. труп ці яго ч. захоўвае форму, страта масы дасягае 75%.

т. 11, с. 25

МУ́МІЯ,

высахлы труп чалавека або жывёлы, які натуральным (пры спрыяльных умовах) ці штучным спосабам захаваўся ад гніення. Самы стараж. спосаб муміфікацыі зафіксаваны сярод рыбакоў племя чынчорас, што жылі на ўзбярэжжы Ціхага ак. паміж Іла (Перу) і Антафагастай (Чылі) больш за 6 тыс. г. назад. З 3-га тыс. да н.э. практыка стварэння М. бальзаміраваннем пашырылася ў Стараж. Егіпце, дзе целы нябожчыкаў апрацоўвалі пераважна прыроднай соллю (натронам), а шырокія льняныя палосы, якімі абгортвалі М., прамочвалі камеддзю і смоламі. Лічылася, што захаванне цела — адна з гал. умоў захавання душы. Пахаванні з М. звычайна маюць багаты пахавальны інвентар і даюць каштоўныя матэрыялы аб культуры, мастацтве, рэлігіі і побыце стараж. грамадстваў. Муміфікацыя была пашырана ў краінах Лац. Амерыкі і на Канарскіх а-вах. На Алтаі ў час раскопак Пазырыкскіх курганоў 5—4 ст. да н.э. знойдзены М. У шматлікіх хрысц. цэрквах захоўваюцца натуральныя М., т.зв. мошчы святых.

І.​М.​Язэпенка.

Галава муміі фараона Рамсеса II (1317—1251 да н.э.).

т. 11, с. 25

МУНГУ́Н-ТАЙГА́,

другая назва горнага масіву Мангун-Тайга ў Расіі на ПдЗ Рэспублікі Тыва.

т. 11, с. 25

МУНДЗІ́Р (ад лац. mundus убор, убранне),

1) верхняя частка ваеннага і цывільнага адзення, пры якой належала насіць галаўны ўбор, зброю і ордэны. У пач. 17 ст. тэрмін «М.» абазначаў усё абмундзіраванне вайсковае, а таксама рыштунак салдата і афіцэра (у Расіі — стральцоў).

2) Частка форменнага адзення ваеннаслужачых у арміях шэрагу краін. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь тэрмін «М.» не выкарыстоўваецца. Гл. таксама Форма адзення.

С.​М.​Абрамаў.

т. 11, с. 25

МУ́НІ (Muni) Пол [сапр. Вайзенфройнд

(Weisenfreund) Фрэдэрык Маер; 22.9.1895, г. Львоў, Украіна — 26.8.1967], амерыканскі акцёр. Выступаў у нью-йоркскім яўрэйскім т-ры, з 1926 на Брадвеі. З 1929 здымаўся ў кіно пад псеўданімам М. Творчасці ўласцівы выдатная акцёрская тэхніка, выкарыстанне складаных партрэтных грымаў. Зняўся ў фільмах «Аповесць пра Луі Пастэра» (1936; прэмія «Оскар», прыз міжнар. кінафестывалю ў Венецыі),

«Жыццё Эміля Заля» (1937), «Хуарэс» (1939; усе рэж. У.​Дытэрле). Пасля 2-й сусв. вайны выступаў у т-ры; зняўся ў фільмах, «Анёл на маім плячы» (1946), «Незнаёмец крадзецца» (1952, ЗША—Італія), «Апошні раззлаваны чалавек» (1959).

т. 11, с. 25

МУНІ́С ХАРЭЗМІ́, Шыр-Мухамед Авазбій-аглы (1778, Харэзм, Узбекістан — 1829),

узбекскі паэт і гісторык. Прыдворны хівінскага хана Ільтузара, па даручэнні якога напісаў гісторыю Хівінскага ханства — «Райскі сад шчасця». У ёй вял. фактычны матэрыял пра гісторыю, побыт і звычаі ўзбекаў. Аўтар мноства невял. вершаў любоўнага складу — газелей.

т. 11, с. 25

МУНІЦЫПАЛІЗА́ЦЫЯ (франц. municipalisation ад лац. municipium самакіравальная абшчына),

прымусовая перадача дзярж. уладай уласнасці прыватных асоб (бязвыплатна або за выкуп) органам гар. і сельскага самакіравання. Аб’ектам М. звычайна з’яўляецца нерухомая маёмасць — зямля, пабудовы і да т.п., што перадаецца ў веданне мясц. органаў. Адрозніваецца ад нацыяналізацыі, пры якой маёмасць паступае ў распараджэнне цэнтр. органаў улады.

У Сав. Расіі М. ажыццяўлялася ў 1918—21 на падставе дэкрэта ВЦВК ад 20.8.1918 «Аб адмене права ўласнасці на нерухомую маёмасць у гарадах», паводле якога ў распараджэнне мясц. Саветаў перадаваліся канфіскаваныя ў прыватных асоб будынкі і прадпрыемствы, якія абслугоўвалі гар. гаспадарку, школы, тэатры і інш. У БССР паводле пастановы СНК БССР ад 10.5.1940 «Аб муніцыпалізацыі і нацыяналізацыі будынкаў на тэрыторыі заходніх абласцей БССР» муніцыпалізаваны ў жыллёвы фонд мясц. выканкомаў у гар. паселішчах домаўладанні вял. жылой плошчы, безгаспадарныя ўладанні, гандл. будынкі, а таксама пэўная нерухомая маёмасць у сельскіх мясцовасцях.

т. 11, с. 25

МУНІЦЫПАЛІТЭ́Т (ням. Munizipalität ад лац. municipium самакіравальная абшчына),

1) сукупнасць выбарных органаў мясцовага кіравання і самакіравання, а таксама ніжэйшая адм.-тэр. адзінка ў некаторых краінах. Тэрмін «М.» вядомы з часоў Стараж. Рыма, дзе так наз. гарады, якія мелі права самакіравання. У сярэднявеччы гэты інстытут атрымаў развіццё ў магдэбургскім праве. Сучасная структура муніцыпальных органаў складаецца з выбарных устаноў (саветаў, сходаў) і выканаўчага апарата, якія ўзначальвае мэр, бургамістр, староста. М. займаецца мясц. пытаннямі, што маюць важнае значэнне для насельніцтва: жыллёвыя і быт. паслугі, мед. абслугоўванне, школьная адукацыя, санітарыя, мясц. служба правааховы грамадскага парадку, пажарная служба, дарогі і г.д. М. правамоцны займацца гасп. дзейнасцю, мець ва ўласнасці жылыя будынкі, кватэры, зямельныя ўчасткі, устанаўліваць мясц. падаткі і зборы за карыстанне рознымі дабротамі і выгодамі, выдаваць ліцэнзіі. М. таксама называецца будынак, дзе размяшчаецца яго выканаўчы апарат.

2) Самакіравальная абшчына з правам юрыд. асобы.

В.​А.​Кадаўбовіч.

т. 11, с. 25

МУНК ((Munk) Анджэй) (16.10.1921, г. Кракаў, Польшча —21.9.1961),

польскі кінарэжысёр. Скончыў Вышэйшую школу т-ра і кіно ў Лодзі (1950), у 1957—60 выкладаў у ёй. З 1949 аператар і рэжысёр кінахронікі. Паставіў дакумент. фільмы: «Накірунак—Новая Гута» (1951), «Слова чыгуначнікаў» (1953), «Зоркі павінны гарэць» (1954, з В.​Лясевічам) і інш. У 1955 дэбютаваў у маст. кіно. Вядомасць М. прынеслі фільмы «Чалавек на рэйках» (1957), «Eroica» (1958), «Касавокае шчасце» (1959, у сав. пракаце — «Шэсць ператварэнняў Яна Пішчыка»), «Пасажырка» (1961—63, завершаны Лясевічам). Яго фільмы адметныя вострымі і напружанымі сітуацыямі, гратэскам, сатыр. і трагікамічнай формай. Прэміі міжнар. кінафестываляў у Венецыі (1955, 1958, 1964), Карлавых Варах (1957), Канах (1964). Дзярж. прэмія Польшчы 1954.

т. 11, с. 25

МУНК ((Munch) Петэр Андрэас) (15.12. 1810, Осла — 25.5.1863),

нарвежскі гісторык. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1857). З 1841 праф. ун-та ў Крысціяніі (цяпер Осла). З 1861 архіварыус Дзярж. архіва. Аўтар «Гісторыі нарвежскага народа» (т. 1—6, 1852—63), якая ахоплівае перыяд са стараж. часоў да 1397. Апіраючыся на шырокі крытычна правераны матэрыял розных крыніц рэканструяваў стараж. перыяд гісторыі Нарвегіі. Вядомы як выдавец і каментатар стараж. актаў.

т. 11, с. 26