Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

МУЛЬЧЫ́РАВАННЕ (ад англ. mulch абкладваць карані раслін саломай, гноем і інш),

пакрыццё глебы ахоўным слоем з розных матэрыялаў (мульчы); агратэхн. прыём. У якасці мульчы выкарыстоўваюць кампосты, тарфяную крошку, перагной, адкіды, адходы дрэваапрацоўкі (апілкі, папера і інш.), іржышча збожжавых, лісце, салому, палімерныя матэрыялы і інш. Адрозніваюць М. суцэльнае, міжрадковае, у прыствольных кругах дрэў і кустоў і вертыкальнае (з запаўненнем мульчой верт. шчылін для перахоплівання паверхневага сцёку). Затрымлівае вільгаць, рэгулюе паветр. і тэмпературны рэжымы глебы, угнойвае яе, узмацняе карысныя біяхім. глебавыя працэсы, перашкаджае ўтварэнню глебавай скарынкі, ветравой і воднай эрозіі, прыгнечвае прарастанне пустазелля. Выкарыстоўваецца пры вырошчванні с.-г. культур, лясных парод. Найб. эфектыўна ў раёнах з недастатковым увільгатненнем.

Л.​В.​Круглоў.

т. 11, с. 24

МУЛЬЧЫ́РАВАННЕ ў меліярацыйным будаўніцтве,

размеркаванне па паверхні глебагрунтоў мульчы (пераважна тарфакрошкі) з наступным замацаваннем яе плёнкаўтваральнымі эмульсіямі. Робіцца пры залужэнні адхонаў каля гідравузлоў, мастоў, шлюзаў і стромкіх адхонаў каналаў, дамб, плацін, дарог з мэтай папярэджання воднай (змыву, размыву) і ветравой (выдзімання) эрозіі.

Перад М паверхню адхонаў рыхляць, выраўноўваюць, засяваюць травамі, уносяць угнаенні. Нанесены слой мульчы (5—10 см) пакрываюць латэкснымі або бітумнымі эмульсіямі (выкарыстоўваюцца таксама эмульсіі водарастваральных сінт. палімераў, распрацаваныя ў Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства). Замест эмульсій ужываюць таксама паветраводапранікальнае палатно або біяпалатно, распрацаванае тым жа ін-там (выпускаецца акц. т-вам у Жлобіне). У якасці мульчара (мульчыравальніка) выкарыстоўваюць гідрасеялкі, пераабсталяваныя раскідвальнікі ўгнаенняў. М. адхонаў магістральных каналаў робяць таксама бульдозерамі, самазваламі, каўшовымі экскаватарамі.

В.​М.​Кандрацьеў.

т. 11, с. 24

МУ́ЛЬЧЭР ((Multscher) Ганс) (каля 1400, г. Лойткірх, Германія — 1467),

нямецкі скульптар і жывапісец. З 1427 працаваў ва Ульме. Зазнаў уплывы Р.Кампена, нідэрл. і франц. скульптуры Ранняга Адраджэння. Адзін з першых у ням. мастацтве звярнуўся да вывучэння натуры, у рэліг. кампазіцыі ўводзіў быт. сюжэты, імкнуўся да перадачы індывід. характарыстыкі персанажаў праз гратэскава-выразную міміку і жэстыкуляцыю. Аўтар статуй Карла Вялікага, двух яго збраяносцаў, каралёў Чэхіі і Венгрыі (каля 1427—33), Хрыста-пакутніка на гал. партале (1429) і алтара (1433) у кафедральным саборы ва Ульме, Маці Божай для царквы ў Ландсбергу, св. Варвары і Магдаліны для капэлы св. Лаўрэнція ў Ротвайлі, мадэлі грабніцы Людвіга Барадатага (1435), алтара Марыі для Фраўэнкірхе ў Віпітэна (Італія, 1456—58), 8 карцін Ландсбергскага алтара (1437) і інш.

т. 11, с. 24

МУЛЯ́ВІН (Уладзімір Георгіевіч) (н. 12.1.1941, г. Екацярынбург, Расія),

бел. артыст эстрады, кампазітар. Нар. арт. Беларусі (1979). Засл. дз. культ. Польшчы (1980). Нар. арг. СССР (1990). Вучыўся ў Свярдлоўскім муз. вучылішчы (1956—58). З 1962 артыст Бел. філармоніі, з 1969 маст. кіраўнік Дзярж. бел. эстр. ансамбля «Песняры». У творчай дзейнасці своеасаблівае выканальніцкае майстэрства спалучаецца з глыбокім веданнем нар. песеннай творчасці, захаваннем і ўзбагачэннем яе лепшых традыцый. Аўтар шматлікіх апрацовак бел. нар. песень, якія вызначаюць стыль і творчую накіраванасць ансамбля, арганічна спалучаюць стылістыку бел. нар. песеннасці і сучаснай эстр. музыкі («Касіў Ясь канюшыну», «Па ваду ішла», «А ў месяцы верасні», «Рэчанька», «Купалінка», «Перапёлачка», «А ў полі вярба», «Каліна» і інш.). Сярод твораў: опера-прытча «Песня пра долю» (1972), вак. цыкл «Я не паэта...» (1981) і песенна-інстр. кампазіцыя «Песня — бясцэнны дар» (1982) на словы Я.​Купалы, муз. спектакль «На ўвесь голас» на словы У.​Маякоўскага (1988), песенна-інстр. кампазіцыі «Ванька-Устанька» на словы Я.​Еўтушэнкі (1975), «Праз усю вайну» на словы бел. і рас. паэтаў (1985), «Вянок Багдановічу» на вершы М.​Багдановіча (1991), вак. кампазіцыя «Крык птушкі» на словы Ю.​Рыбчынскага, песні, у т. л. «Александрына», «Завушніцы», «Чырвона ружа», «Ой, калядачкі»; «Балада пра чатырох заложнікаў»; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976. Лаўрэат Усесаюзных конкурсаў артыстаў эстрады (1970), выканаўцаў сав. песні (1973, 1-я прэмія), міжнар. фестывалю песні «Залаты леў» (1973, Лейпцыг), 2-га фестывалю паліт. песні ў Хельсінкі (1978). Гал. прыз фірмы «Мелодыя» «Залаты дыск» (1982).

Літ.:

Бржазоўскі А. Лідэр «Песняроў» у сямейным ансамблі // Работніца і сялянка. 1991. № 6;

Завадская Н. Вокально-инструментальный ансамбль «Песняры» // Певцы советской эстрады. М., 1992. Вып. 3.

Г.​М.​Загародні.

У.Г.Мулявін.

т. 11, с. 24

МУЛЯ́Ж (франц. moulage ад mouler фармаваць),

злепак або мадэль прадмета (з гіпсу, воску, парафіну і інш.) у натуральную велічыню; служыць у якасці нагляднага дапаможніка, напр., М. плода, органа, часткі цела.

т. 11, с. 24

МУ́ЛЯР Іван, бел. дойлід 1-й пал. 17 ст. Жыў у, в. Рубяжэвічы Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Прымаў удзел у буд-ве Рубяжэвіцкай сядзібы.

т. 11, с. 24

МУЛЯ́РАЎКА,

вёска ў Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., каля аўтадарогі Жыткавічы—Калінкавічы; чыг. станцыя на лініі Калінкавічы—Лунінец. Цэнтр сельсавета. За 12 км на Пн ад г. Петрыкаў, 178 км ад Гомеля. 649 ж., 210 двароў (1999). Акц. т-вы «Аграпрамтэхніка» і «Петрыкаўснаб», раённае аб’яднанне «Сельгасхімія». Школа-сад, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Малітоўны дом хрысціян веры евангельскай. Каля вёскі адбылася Муляраўская аперацыя 1942.

т. 11, с. 24

МУЛЯ́РАЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,

бой партызан аб’яднанага гарнізона Ф.​І.​Паўлоўскага па разгроме ням.-фаш. гарнізона на чыг. ст. Муляраўка Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. на лініі Жыткавічы—Калінкавічы 22 лют. ў Вял. Айч. вайну. Для выканання аднаўленчых работ на чыгунцы на станцыю прыбыла частка буд. батальёна гітлераўцаў. Атрадам А.​Ф.​Каваленкі, І.​Р.​Жулегі, «Чырвоны Кастрычнік» (камандзір Э.​Я.​Чырлін) і Капаткевіцкаму (камандзір А.​Ц.​Міхайлоўскі) было даручана разграміць гарнізон праціўніка. Да раніцы 21 лют. атрады сканцэнтраваліся ў в. Залессе Акцябрскага р-на, правялі разведку, удакладнілі сілы, узбраенне праціўніка. Аперацыяй кіравалі Паўлоўскі і камісар С.​В.​Маханько. 22 лют. раніцай партызаны акружылі станцыю і казарму, у якой размяшчаліся гітлераўцы, і адкрылі агонь. У выніку аперацыі фаш. гарнізон на ст. Муляраўка разгромлены, аднаўленчыя работы сарваны.

т. 11, с. 24

МУЛЯ́РЧЫК (Сцяпан Рыгоравіч) (н. 8.1.1943, в. Азярцо Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. радыёфізік. Д-р тэхн. н. і праф. (1988). Засл. работнік адукацыі Беларусі (1996). Скончыў БДУ (1966). З 1967 у БДУ. Навук. працы ў галіне электронікі, інфарматыкі. Распрацаваў метады і алгарытмы лікавага мадэліравання мікраэлектронных структур, разліку параметраў паўправадніковых элементаў, аўтаматызаванага схематэхн. праектавання інтэгральных схем.

Тв.:

Экстремальные задачи при схемотехническом проектировании в электронике. Мн., 1976 (разам з І.​П.​Наранковым, С.​Р.​Івановым);

Интегральная схемотехника. Мн., 1983;

Численное моделирование микроэлектронных структур. Мн., 1989.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 11, с. 24

МУМІЁ,

прыродны смалападобны прадукт біял. паходжання. Трапляецца ў гарах Пярэдняй, Сярэдняй і Паўд.-Усх. Азіі, на Каўказе. Уяўляе сабой бясформенныя кускі з нераўнамерна-ячэістай ці гладкай паверхняй, цвёрдай або пругкай кансістэнцыі, з характэрным бальзамічным пахам. Састаў М. з розных месцаў паходжання мае падобныя фіз. і хім. ўласцівасці і адрозніваецца суадносінамі асобных кампанентаў. Мае вял. колькасць арган. і неарган. рэчываў, гіпуравую і бензойную к-ты, амінакіслоты, смолы і воскі, камедзі, раслінныя рэшткі. Адрозніваюць М. т.зв. залатое (чырв. колеру), сярэбранае (белага), меднае (блакітнага ці сіняга) і жалезнае (чарнавата-карычневага; найб. пашыранае). Выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне больш як 2 тыс. гадоў.

т. 11, с. 25