МУМІЁ,
прыродны смалападобны прадукт біял. паходжання. Трапляецца ў гарах Пярэдняй, Сярэдняй і Паўд.-Усх. Азіі, на Каўказе. Уяўляе сабой бясформенныя кускі з нераўнамерна-ячэістай ці гладкай паверхняй, цвёрдай або пругкай кансістэнцыі, з характэрным бальзамічным пахам. Састаў М. з розных месцаў паходжання мае падобныя фіз. і хім. ўласцівасці і адрозніваецца суадносінамі асобных кампанентаў. Мае вял. колькасць арган. і неарган. рэчываў, гіпуравую і бензойную к-ты, амінакіслоты, смолы і воскі, камедзі, раслінныя рэшткі. Адрозніваюць М. т.зв. залатое (чырв. колеру), сярэбранае (белага), меднае (блакітнага ці сіняга) і жалезнае (чарнавата-карычневага; найб. пашыранае). Выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне больш як 2 тыс. гадоў.
т. 11, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)