Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

МУНК ((Munch) Эдвард) (12.12.1863, Лётэн, Нарвегія — 23.1.1944),

нарвежскі мастак, адзін з заснавальнікаў экспрэсіянізму. Вучыўся ў Осла ў Каралеўскай школе малявання (1881—86) і ў майстэрні К.​Крога (1882—83). Працаваў у Нарвегіі, Даніі, Францыі, Германіі. У ранні перыяд зазнаў уплыў В. ван Гога і П.​Гагена. Светаўспрыманне М. сфарміравалася пад уплывам твораў пісьменнікаў-сімвалістаў Х.​Егера і А.​Стрындберга, што абумовіла ў яго карцінах матывы адзіноцтва, трывогі, смерці. Творам уласцівы эмацыянальная напружанасць і абвостраная выразнасць вобразаў, жорсткі, віхрападобны контурны малюнак, павышаная дынаміка кампазіцый, дысананс колераў: «Хворая дзяўчынка» (1885—86), «Сястра мастака» (1892), «Крык», «Пакой паміраючага» (1893), «Вампір» (каля 1893), «Самота» (1894), «Танец жыцця» (1899), «Танец на беразе» (1900—02), «Дзеці на вуліцы» (1910), «Начны вандроўнік» (1939) і інш. Большасць карцін 1890—1910-х г. уваходзяць у няскончаны цыкл «Фрыз жыцця». Графічныя творы вызначаюцца змрочным эратызмам, успрыняццем жанчыны як увасаблення негатыўнай, разбуральнай сілы: «Дзяўчына і смерць» (1894), «Мадонна» (1895—1902), серыя «Укус» (1913) і інш. Аўтар фрэсак для залаў ун-та ў Осла («Альма Матэр», «Гара людзей» і інш., 1909—15).

Э.Мунк. Мадонна. 1895—1902.

т. 11, с. 26

МУ́НКАЧЫ [Munkácsy; сапр. Ліб

(Lieb)] Міхай (20.2.1844, г. Мукачава Закарпацкай вобл., Украіна — 1.5.1900),

венгерскі жывапісец; прадстаўнік дэмакр. рэалізму. Вучыўся ў Э.​Самашы (1862—63), з 1865 у Венскай і Мюнхенскай АМ, у 1868—69 у Дзюсельдорфе ў Л.​Кнаўса. Зазнаў уплыў майстроў дзюсельдорфскай школы жывапісу, барбізонскай школы і Г.Курбэ. Пад уздзеяннем рэв.-дэмакр. ідэй напаўняў свае шматфігурныя карціны драматызмам і сац.-крытычным пафасам: «Камера смяротніка» (1870), «Шчыпальніцы корпіі» (1871), «Начныя валацугі» (1873) і інш. Творы вызначаліся псіхал. пераканаўчасцю, напружаным кантрастам каларыту, пастознасцю жывапіснай манеры. З канца 1870-х г. пісаў пераважна рэліг. кампазіцыі, адметныя рысамі акадэмізму і салоннасці: «Хрыстос перад Пілатам» (1881), «Се чалавек» (1896) і інш.

Літ.:

Алешина Л.С. М.​Мункачи. М., 1960.

М.Мункачы. Камера смяротніка. Апошні дзень прыгаворанага да смерці. Фрагмент.

т. 11, с. 26

МУНКУ́-САРДЫ́К,

найбольш высокі горны масіў ва Усх. Саяне, у Бураціі (Расія). Выш. да 3491 м (найвыш. пункт Саян). Складзены з гранітаў. У рачных далінах да выш. 2000 м трапляюцца лясы, вышэй на схілах — альпійскія лугі, горныя тундры і камяністыя россыпы. Ледавікі (агульная пл. каля 1,3 км²).

т. 11, с. 26

МУНКЭ́ (1208—1259),

4-ы вял. хан Мангольскай імперыі, унук Чынгісхана. Уступіў на прастол у 1251 пры падтрымцы Батыя пасля 3-гадовай барацьбы. Імкнуўся стварыць цэнтралізаваны дзярж. апарат. Пры М. заваяваны Іран і пачата заваяванне Паўд. Кітая. Памёр у час паходу ў Кітай.

т. 11, с. 26

МУНТЭ́НІЯ (Muntenia),

назва ўсх. ч. Валахіі (на У ад р. Олт) у паўд. Румыніі.

т. 11, с. 26

МУНЦЯ́Н (Міхаіл Іванавіч) (н. 15.8.1943, с. Крыва, Малдова),

малдаўскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар. арт. Малдовы (1980). Нар. арт. СССР (1986). Скончыў Кішынёўскі ін-т мастацтваў (1971). З 1971 саліст Малд. т-ра оперы і балета. З 1983 выкладае ў Кішынёўскай акадэміі музыкі. Валодае голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону, дасканалай вак. тэхнікай. Сярод партый: Герман, Ленскі, Княжыч, Вадэмон («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Чарадзейка», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Альфрэд, Рычард, Дон Карлас, Радамес, Манрыка, Дон Альвара («Травіята», «Баль-маскарад», «Дон Карлас», «Аіда». «Трубадур», «Сіла лёсу» Дж.​Вердзі), Турыду («Сельскі гонар» П.​Масканьі), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Каварадосі, Калаф («Тоска», «Турандот» Дж.​Пучыні), Паліён («Норма» В.​Беліні). Дзярж. прэмія Малдовы 1988.

т. 11, с. 26

МУР,

тое, што сель.

т. 11, с. 26

МУР ((Moore) Генры) (30.7.1898, г. Каслфард, Вялікабрытанія — 31.8.1986),

англійскі скульптар. Вучыўся ў маст. каледжы ў Лідсе (1919—21), скончыў Каралеўскі каледж мастацтва ў Лондане (1925), у якім выкладаў да 1933. Пазней выкладаў у маст. школах Чэлсі і Слейда. Чл.-заснавальнік маст. групоўкі «Першае падраздзяленне» (1933). Зазнаў уплыў стараж. мекс. пластыкі. З пач. 1920-х г. распрацоўваў нешматлікія сталыя кампазіцыі («Маш і дзіця», «Сямейная група», «Фігура ляжыць» і інш.), у якіх ствараў і жыццёва канкрэтныя, і абстрактныя, дэфармаваныя, фантастычна-мудрагелістыя вобразы. Творы вызначаюцца пластычнай абагульненасцю і манументальнасцю форм, напружанасцю ўнутр. структуры кампазіцыі, рытмічнай выразнасцю сілуэта. Майстар манум.-дэкар. скульптуры: скульпт. групы «Тры фігуры стаяць» у Батэрсі-парку ў Лондане (1947—48), «Кароль і каралева» на плато каля Дамфрыса (1952—53), «Фігура ляжыць» каля будынка ЮНЕСКА у Парыжы (1957—58), «Дзве вялікія формы» ў садзе Бундэсканцылярыі ў Боне (1979) і інш. Аўтар серыі малюнкаў, прысвечаных ваен. будням Лондана (1-я пал. 1940-х г.).

Літ.:

Валериус С. Прогрессивная скульптура XX в. М., 1973.

С.​І.​Пракоп’ева.

Г.Мур. Дзве вялікія формы. Бон. Сад Бундэсканцылярыі. 1979.

т. 11, с. 26

МУР ((Moore) Станфард) (4.9.1913, г. Чыкага, ЗША — 23.8.1982),

амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША і Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў ун-т Вандэрбільда ў штаце Тэнесі (1935). Працаваў у Ракфелераўскім ін-це мед. даследаванняў у Нью-Йорку, Брусельскім, Кембрыджскім (Вялікабрытанія) ун-тах. Навук. працы па хіміі бялкоў. Распрацоўваў аналітычныя метады вызначэння амінакіслотнага саставу бялкоў. Выкарыстаў іонаабменную храматаграфію для хім. аналізу, сканструяваў амінакіслотны аналізатар. Высветліў першасную структуру ферменту рыбануклеазы. Нобелеўская прэмія 1972 (разам з К.Б.Анфінсенам, У.Х.Стайнам).

т. 11, с. 27

МУР ((Moore) Томас) (28.5.1779, Дублін — 25.2.1852),

ірландскі паэт. Вучыўся ў Дублінскім ун-це. Дэбютаваў зб-камі вершаў «Оды Анакрэонта» (1800) і «Паэтычныя творы» (1801). Узор рамант. лірыкі — «Ірландскія мелодыі» (1807—34), у якіх апяваецца трагічны лёс Ірландыі і барацьба ірл. народа. Аўтар рамана «Эпікурэец» (1827), рамант. паэм «Лала Рук» (1817) і «Любоў анёлаў» (1823), сатыр. твораў («Казкі пра Свяшчэнны Саюз», 1823; «Мемуары капітана Рока», 1824, і інш.), біяграфіі Р.​Шэрыдана (1825). Апублікаваў «Пісьмы і дзённікі лорда Байрана з заўвагамі пра яго жыццё» (1830), «Гісторыю Ірландыі» (1835—46). На бел. мову яго верш «Вечаровыя званы» з паэт. цыкла «Песні народаў» (1818—27) пераклаў Л.​Баршчэўскі.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное = Selected verse. M., 1986.

С.Мур.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 11, с. 27