МУ́НКАЧЫ [Munkácsy; сапр. Ліб

(Lieb)] Міхай (20.2.1844, г. Мукачава Закарпацкай вобл., Украіна — 1.5.1900),

венгерскі жывапісец; прадстаўнік дэмакр. рэалізму. Вучыўся ў Э.Самашы (1862—63), з 1865 у Венскай і Мюнхенскай АМ, у 1868—69 у Дзюсельдорфе ў Л.Кнаўса. Зазнаў уплыў майстроў дзюсельдорфскай школы жывапісу, барбізонскай школы і Г.Курбэ. Пад уздзеяннем рэв.-дэмакр. ідэй напаўняў свае шматфігурныя карціны драматызмам і сац.-крытычным пафасам: «Камера смяротніка» (1870), «Шчыпальніцы корпіі» (1871), «Начныя валацугі» (1873) і інш. Творы вызначаліся псіхал. пераканаўчасцю, напружаным кантрастам каларыту, пастознасцю жывапіснай манеры. З канца 1870-х г. пісаў пераважна рэліг. кампазіцыі, адметныя рысамі акадэмізму і салоннасці: «Хрыстос перад Пілатам» (1881), «Се чалавек» (1896) і інш.

Літ.:

Алешина Л.С. М.Мункачи. М., 1960.

М.Мункачы. Камера смяротніка. Апошні дзень прыгаворанага да смерці. Фрагмент.

т. 11, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)