МУНІЦЫПАЛІЗА́ЦЫЯ (франц. municipalisation ад лац. municipium самакіравальная абшчына),
прымусовая перадача дзярж. уладай уласнасці прыватных асоб (бязвыплатна або за выкуп) органам гар. і сельскага самакіравання. Аб’ектам М. звычайна з’яўляецца нерухомая маёмасць — зямля, пабудовы і да т.п., што перадаецца ў веданне мясц. органаў. Адрозніваецца ад нацыяналізацыі, пры якой маёмасць паступае ў распараджэнне цэнтр. органаў улады.
У Сав. Расіі М. ажыццяўлялася ў 1918—21 на падставе дэкрэта ВЦВК ад 20.8.1918 «Аб адмене права ўласнасці на нерухомую маёмасць у гарадах», паводле якога ў распараджэнне мясц. Саветаў перадаваліся канфіскаваныя ў прыватных асоб будынкі і прадпрыемствы, якія абслугоўвалі гар. гаспадарку, школы, тэатры і інш. У БССР паводле пастановы СНК БССР ад 10.5.1940 «Аб муніцыпалізацыі і нацыяналізацыі будынкаў на тэрыторыі заходніх абласцей БССР» муніцыпалізаваны ў жыллёвы фонд мясц. выканкомаў у гар. паселішчах домаўладанні вял. жылой плошчы, безгаспадарныя ўладанні, гандл. будынкі, а таксама пэўная нерухомая маёмасць у сельскіх мясцовасцях.
т. 11, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)