ПО́ЛАЦКІ ЦАРКО́ЎНЫ САБО́Р 1839,
сход іерархаў уніяцкай царквы на Беларусі і Украіне (у межах Расійскай імперыі), які прыняў рашэнне аб яе далучэнні да Рускай праваслаўнай царквы. Адбыўся 24.2.1839 у Полацку. Пачынаючы з дзейнасці мітрапаліта Іраклія Лісоўскага (1806—09), у кіраўніцтве уніяцкай царквы (гл. Беларуская грэка-каталіцкая царква) выявіліся тэндэнцыі да збліжэння з праваслаўем (напачатку ў форме вяртання ад лац. да ўсх. абраднасці). Палітыка царскіх улад да уніяцкай царквы пры Кацярыне II, Паўле I, Аляксандру I была непаслядоўнай: ад масавага пераводу ў праваслаўе пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай да падтрымкі уніяцкага духавенства, каб мець у ім сац. апору. У 1820-я г. пры Мікалаю I праводзілася палітыка ўзмацнення «рускага элемента» ў зах. губернях; беларусы і ўкраінцы былі абвешчаны неадрыўнай часткай рус. народа, што выклікала пытанне аб іх рэліг. уніфікацыі. Гэта супадала з жаданнем шэрагу уніяцкіх іерархаў, якія хацелі далучыцца да праваслаўя — пануючага веравызнання як па ідэалаг. меркаваннях, так і для паляпшэння свайго сац. статуса. Ініцыятарам далучэння стаў у 1827 асэсар 2-га (уніяцкага) дэпартамента Рымска-каталіцкай калегіі Іосіф Сямашка (з 1829 епіскап). У канцы 1820-х—30-я г. з дапамогай дзярж. улад быў ажыццёўлены шэраг мер па збліжэнні грэка-каталіцкай царквы з праваслаўем: уніятам забаронена пераходзіць у лац. абрад; замест 4 уніяцкіх епархій пакінуты 2 — Полацкая (Беларуская) і Віленская (Літоўская); прымаліся захады па павышэнні адукац. ўзроўню белага духавенства, найб. схільнага да праваслаўя; закрываліся манастыры і школы базыльян; пашыраліся служэбнікі маскоўскага друку; ва уніяцкіх храмах інтэр’еры мяняліся паводле правасл. узораў; у епіскапы былі пасвячоны паплечнікі Сямашкі — Васіль Лужынскі і Антоній Зубко. Ідэя пераходу ў праваслаўе ахоплівала ўсё больш прадстаўнікоў духавенства; святароў, якія адмаўляліся даць распіску аб згодзе з праваслаўем, каралі пераводам у горшыя прыходы, паніжэннем у пасадзе, аж да зняволення ў манастырах. Смерць у 1838 апошняга праціўніка аб’яднання з праваслаўем мітрапаліта Ігнація Іасафата Булгака зняла апошнія перашкоды для скасавання Брэсцкай уніі 1596. Скліканы 24.2.1839 у Полацку сабор з 3 епіскапаў (Сямашка, Зубко, Лужынскі) і 21 інш. высокай духоўнай асобы, прыняў Акт з 2 пунктаў: у 1-м абвяшчалася адзінства з правасл. царквой, у 2-м змяшчалася просьба да Мікалая I садзейнічаць хутчэйшаму далучэнню уніятаў да праваслаўя. Да саборнага Акта прыкладаліся абавязацельствы 1305 святароў і манахаў, пасля прыняцця Акта іх колькасць павялічылася да 1607. Паводле распараджэння Мікалая I 6.4.1839 прынята пастанова Св.Сінода аб далучэнні уніятаў да праваслаўя. Напачатку ў храмах дазвалялася захоўваць уніяцкія абрады, аднак пры замене уніяцкіх царк. атрыбутаў праваслаўнымі быў нанесены значны культурны ўрон (страчаны многія старыя кнігі, абразы, посуд і інш.). Паводле Акта П.ц.с. да правасл. царквы далучана каля 1,5 млн. чал. Найб. цяжка скасоўвалася уніяцтва ў паўн. Беларусі, дзе лацінізацыя грэка-каталіцкай царквы была найб. глыбокая, частка уніятаў там перайшла ў рыма-католікі. Уніяцкая царква ў Царстве Польскім (у Люблінскай, Сувалкаўскай і Сядлецкай губ.) далучана да праваслаўя ў 1875.
Літ.:
Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Мн., 1990 [рэпр. выд.: Буэнос-Айрес. 1966];
Уния в документах. Мн., 1997. С. 415—490;
Шейкин Г.Н. Полоцкая епархия. Мн., 1997. С. 32—48.
В.Р.Кірэеў.
т. 12, с. 469
ПО́ЛАЦКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР Існаваў у 1585—1819 у г. Полацк Віцебскай вобл. пры езуіцкім калегіуме. У рэпертуары пераважалі драмы на рэліг., міфалагічныя і гіст. сюжэты, міраклі. Паказы адбываліся пераважна на лац., зрэдку на польскай, часам на бел. (1603) мовах, звычайна яны суправаджаліся інтэрлюдыямі і інтэрмедыямі. Паказы былі прымеркаваны да масленіцы, некат. свят, перад летнімі канікуламі і пасля завяршэння навуч. года. Аўтарамі пастановак былі выкладчыкі калегіума. Звесткі пра рэпертуар у канцы 16 ст. амаль не захаваліся. Сярод пастановак: «Аталія» (1593), «Вясёлае пасля хмар сонца» (1669), «Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба» (1693), «Крушэнне карабля на сушы», «Вянок з каштоўных камянёў, што ператварыліся ў лаўры» (абедзве 1723), «Вогненнае жала і вобраз вагнядышнага льва» (1724), «Язон па-за Калхідай» (1728), «Зрэнка Польшчы» (1730), «Пасол з сэрца Сарматыі» (1731), «Вянок з імён і вучоных галоў» (1737), «Час абеду, які працягваўся дзвесце гадоў» (1740) і інш.
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т.1. С. 131—133.
т. 12, с. 469
ПО́ЛАЦКІ ШПАЛАПРАПІ́ТНЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў на чыг. ст. Полацк Мікалаеўскай чыгункі ў 1908—1910. У 1910 была паравая машына, працавала 85 рабочых, выпушчана 450 тыс. шпал.
т. 12, с. 469
ПО́ЛБА,
група тэтраплоідных відаў пшаніцы з ломкім коласам і плевачным зернем. Пры выспяванні колас распадаецца на каласкі з членікамі каласавога стрыжня. Зерне пры малацьбе не вымалочваецца з плевак. Дзікарослая П. пашырана ў Еўразіі, Афрыцы; культурную П. (эмер) вырошчваюць на невял. плошчах у Закаўказзі і Пярэдняй Азіі. Адрозніваецца непатрабавальнасцю, скараспеласцю, устойлівасцю да грыбковых хвароб. З зерня атрымліваюць крупы і муку. П. — каштоўны зыходны матэрыял для селекцыі.
т. 12, с. 471
ПО́ЛЕ ў матэматыцы,
мноства, якое мае 2 і больш элементаў з зададзенымі бінарнымі алг. аперацыямі складання і множання; асобны падклас кольцаў. Задавальняе пэўныя ўмовы (аксіёмы П.).
Аксіёмы П.: складанне і множанне камутатыўныя і асацыятыўныя, множанне дыстрыбутыўнае адносна складання; у П. існуюць нулявы і адзінкавы элементы, а таксама для кожнага элемента а існуе процілеглы элемент -a і для ненулявога элемента а — адваротны элемент 1/a. Адсюль вынікае, што ў П. выконваюцца аперацыі адымання і дзялення (на ненулявы элемент). Напр., мноства рацыянальных лікаў, мноства сапраўдных лікаў.
т. 12, с. 471
«ПОЛЕ́ССКАЯ ЖИЗНЬ»,
грамадска-паліт. і літ. газета ліберальнага памяркоўна-апазіц. кірунку. Выдавалася з 17(30).Ю. 1909 да 27.12.1911 (9.1.1912) [з 11(24).1 да 27.6(10.7).1910 не выходзіла] у Гомелі на рус. мове 3 разы на тыдзень. Прадаўжала праграму газ. «Полесская мысль». Змяшчала інфармацыю пра дзейнасць урада і Дзярж. думы, асвятляла побыт гар. «дна», надзвычайныя падзеі ў краі. Публікавала артыкулы пра жыццё і творчасць М.Чарнышэўскага, М.Скабічэўскага, П.Якубовіча, мастака А.Куінджы, знаёміла з творамі Л.Андрэева, Шолам-Алейхема, прапагандавала этычную філасофію Л.Талстога. Друкавала нарысы сакратара рэдакцыі М.Л.Бахціна (псеўд. Міхаіл Хмуры), вершы і апавяданні-замалёўкі мясц. аўтараў, асвятляла тэатр. і муз. жыццё горада, дзейнасць Гомельскага музычна-драматычнага таварыства.
У.М.Конан.
т. 12, с. 471
«ПОЛЕ́ССКАЯ МЫСЛЬ»,
грамадска-паліт. і літ. газета радыкальна-ліберальнага кірунку. Выдавалася з 16(29).3 да 22.9(5.10).1909 у Гомелі на рус. мове спачатку штодзень, з крас. 3 разы на тыдзень. Друкавала артыкулы на грамадска-паліт., эканам. і літ. тэмы, мела рубрыкі «Тэатр, музыка і мастацтва», «Мясцовая хроніка». У цыкле «Культурныя нарысы» пісала пра дзярж. статус бел. мовы ў ВКЛ, ролю БСГ, «Нашай долі» і «Нашай нівы», творчасці Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, Я.Купалы ў нац. руху, адзначала перспектыўнасць бел. нац. ідэі; у «Эканамічных нататках» крытыкавала ўрад. Прапагандавала творчасць Л.Талстога, А.Чэхава, неадназначна ацэньвала мадэрнісцкія плыні ў рус. і зах.-еўрап. л-ры, крытыкавала арыентацыю на безыдэйнасць тэатра і кінематографа.
У.М.Конан.
т. 12, с. 471
«ПОЛЕ́ССКИЙ ЛИСТО́К»,
нелегальная бальшавіцкая газета. Выдавалася з вер. 1904 да сак. 1905 Палескім к-там РСДРП на рус. мове. Першы нумар выйшаў пад назвай «Листок Полесского комитета». Асвятляла рэв. падзеі ў Расіі і Беларусі. Надрукавала паведамленне аб стварэнні Палескага к-та РСДРП, справаздачу аб распаўсюджванні ў 1904 парт. л-ры, матэрыялы, прысвечаныя рэв. руху сялян.
т. 12, с. 472
«ПОЛЕ́СЬЕ»,
грамадска-паліт. і літ. газета радыкальна-ліберальнага кірунку. Выдавалася з 24.9(7.10).1909 да 7(20).10.1912 у Гомелі на рус. мове 3 разы на тыдзень. Друкавала інфармацыю пра дзейнасць Дзярж. думы, урада і мясц. улад, аб новай хвалі дэмакр. і рэв. руху ў 1912, арыентавала грамадскую думку на дэмакратыю еўрап. ўзору. Выступала супраць ідэі вял. Расіі Т.І.Струвэ, салідарызавалася з канцэпцыяй М.Горкага пра свабоднае развіццё ўсіх народаў. Прыхільна ставілася да культ.-нац. самавызначэння беларусаў, крытыкавала антыкаталіцкую і антыбел. прапаганду акцябрыстаў і «Саюза рускага народа» (арт. Р.Зялёнага «Пра беларускае пытанне»). Шмат увагі аддавала прапагандзе рус. і зах.-еўрап. л-ры, тэатра, інш. відаў мастацтва. Друкавала творы Л.Талстога, артыкулы пра творчасць А.Пушкіна, Ф.Дастаеўскага, А.Чэхава, Л.Андрэева, С.Надсана, У.Меерхольда і інш. Асвятляла тэатр. жыццё ў С.-Пецярбургу, Маскве і Гомелі. За крытыку палітыкі ўрада яе тыражы неаднаразова канфіскоўваліся.
У.М.Конан.
т. 12, с. 472
ПО́ЛЕ ЗРО́КУ аптычнай сістэмы,
частка прасторы (ці плоскасці), відарыс якой дае аптычная сістэма. Вызначаецца контурамі элементаў сістэмы, якія абмяжоўваюць светлавыя пучкі, напр., аправамі лінзаў і прызмаў, дыяфрагмамі.
Значэнне П.з. вымяраецца найменшым вуглом, пад якім такія контуры бачныя з цэнтра зыходнага пучка (вуглавое П.з.). Вугал П.з. ў прасторы прадметаў адваротна прапарцыянальны павелічэнню аптычнаму сістэмы; напр., у самых вялікіх тэлескопаў не перавышае некалькіх вуглавых мінут, у бінокляў ён складае 5—10°, у шырокавугольных фатагр. аб’ектываў дасягае 120—140° і больш.
т. 12, с. 471