Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мінскі тэхнікум прадпрымальніцтва

т. 18, кн. 1, с. 429

МІ́НСКІ УЗНЯСЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р (УШЭ́СЦЯ). Існаваў у канцы 15 — пач. 18 ст. ў Мінску. Засн. як праваслаўны пры Узнясенскай царкве вял. княгіняй ВКЛ Аленай Іванаўнай, якая адпісала манастыру в. Трасцянец і надала яму статус архімандрыі. Першым архімандрытам быў духоўнік Алены Іона (у 1503—07 мітрапаліт кіеўскі). У 1633 прывілеем караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV манастыр далучаны да мужчынскага Святадухаўскага манастыра (гл. ў арт. Мінская царква Святога Духа і базыльянскія манастыры). Пазней належаў уніяцкаму ордэну базыльян. Статус архімандрыі скасаваны ў 1675 на базыльянскай кангрэгацыі ў Жыровічах. Прыкладна тады ж князі Горскія адабралі ў манастыра Трасцянец, а ўзамен далі ў дзяржанне Слабодку (каля 1699). Дакладная дата закрыцця невядома.

А.А.Ярашэвіч.

т. 10, с. 452

МІ́НСКІ ЎМАЦАВА́НЫ РАЁН, Мінскі УР,

пабудаваны ў 1928—37 для прыкрыцця Мінска з З. Працягласць па фронту да 150 км. 26.6.1941 ударныя групоўкі ням.-фаш. войск (да 5 танк. дывізій) выйшлі да М.у.р. і атакавалі яго. Аднак сходу ўзяць не здолелі — М.у.р. на 3—4 дні затрымаў рух праціўніка на ўсх. напрамку і адыграў значную ролю ў абароне горада (гл. Мінска абарона 1941).

т. 10, с. 452

МІ́НСКІ ФАРФО́РАВЫ ЗАВО́Д.

Створаны ў 1883 у Мінску як з-д кафлянай пліткі. З 1920 кафляны, з 1951 фарфора-фаянсавы, з 1961 фарфоравы з-д, з 1994 сучасная назва. У 1954 уведзены ў дзеянне аддзяленне радыёкерамікі, у 1962 цэх фарфоравага посуду, у 1973 жывапісна-муфельнае аддзяленне. Асн. прадукцыя: фарфоравы посуд, электратэхн. фарфор, радыёкераміка, вогнетрывалыя вырабы, эмалі і грунты. Выпускае маст. фарфоравыя вырабы (каля 170 найменняў), у т.л. кававыя, чайныя, сталовыя сервізы, чайнікі, кубкі, вазы, статуэткі, сувеніры, дэкар. блюды, дзіцячыя наборы і інш. Вырабы аздабляюць ручной размалёўкай, метадам аэраграфіі, штампа, дэколем. Мае маст. лабараторыю. Мастакі В.Леантовіч (гал. мастак), І.Алісевіч, Л.Багданаў, В.Данчук, Г.Ліцвіненка, Л.Малышаў, А.Фядусь распрацоўваюць малюнкі, новыя формы посуду паводле традыцый бел. нар. і прафес. дэкар.-прыкладнога мастацтва. Сярод вырабаў: сервізы «Лянок», «Арнамент», « Павуцінка», «Слуцкі», «Сувенірны», «Сіняя галінка», «Матылёк», «Паўночнае ззянне», «Маладзёжны», «Вішнёвы», «Пяшчотны», «Карычневыя стужкі», «Званочак», «Чорная ружа», «Фантазія», «Няміга», «Кветкі лугавыя», «Бярозка», «Рабінка», «Залацістая мелодыя восені», «Беларускі краявід», «Дзянніца», вазы «Вішнёвая», «Слуцкая», «Каласок», «Чырвоная», «Традыцыя», «Галубка», «Беларуская», «Народная», статуэткі «Зубр», «Бусел», «Знакі Задыяка», электрачайнікі, самавары «Элегантныя».

В.Л.Леантовіч.

Да арт. Мінскі фарфоравы завод. І.Алісевіч. Дэкаратыўны набор ваз «Казіно». 1997.
Да арт. Мінскі фарфоравы завод. В.Леантовіч. Сталовы сервіз «Народны». 1998.

т. 10, с. 452

МІ́НСКІ ФІНА́НСАВА-ЭКАНАМІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ.

Засн. ў 1931 у Мінску як фін.-эканам. тэхнікум. З 1994 сучасная назва. Рыхтуе эканамістаў. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): фінансы; бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль; банкаўская справа. Прымаюцца асобы з сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае. Па спецыяльнасці страхавая справа на дзённае аддзяленне прымаюцца асобы пасля заканчэння прафес.-тэхн. вучылішчаў, дзе ёсць такая спецыяльнасць.

т. 10, с. 453

МІ́НСКІ ХАРЧО́ВЫ КАМБІНА́Т.

Засн. ў 1956 у Мінску як вучэбная база для сістэмы Бел. рэсп. саюза спажывецкіх т-ваў і быў вызначаны базавым прадпрыемствам у харч. прам-сці Белспажыўсаюза па перапрацоўцы садавіны і агародніны. Мае цэхі: сокавы, кансервавы і канцэнтраванага яблычнага соку. У 1999 асартымент прадукцыі складае каля 60 назваў: пладова-ягадныя сокі, варэнні і кампоты, марынаваныя агуркі і памідоры, абедзенныя і закусачныя кансервы з агародніны, канцэнтраваны яблычны сок, моцныя спіртаваныя напіткі і інш.

т. 10, с. 453

МІ́НСКІ ЦАРКО́ЎНА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.

Існаваў у 1908—15 пры Мінскім царкоўным гісторыка-археалагічным камітэце. З 1909 музеем кіраваў А.К.Снітка. Экспазіцыя мела 1363 экспанаты (1910), сярод іх рэчы царк. даўніны, рэліг. культу, тэксты нар. песень, казак, паданняў, матэрыялы этнагр. экспедыцый, па гісторыі гербаў і пячатак, каля 500 стараж. манет, археал. знаходкі з раскопак пад Пінскам, Радашковічамі, Слуцкам, Туравам. Сярод збораў кніжнага фонду (каля 1900 тамоў, 1910) Апостал і Тыпікон (16 ст.), Мінея агульная (канец 17 ст.), Сінопсіс (18 ст.), архіў Слуцкага Троіцкага (Трайчанскага) манастыра. У музеі зберагалася частка калекцыі бел. археолага Г.Х.Татура. У пач. 1-й сусв. вайны экспанаты музея эвакуіраваны ў Разань (Расія). У 1922 вернутая частка фонду і 250 кніг трапілі ў царк. аддзел Бел. дзярж. музея, астатнія выданні кніжнага фонду перададзены дзярж. б-цы, архівы — цэнтр. архіву. Некаторыя рэчы, у т.л. рукапісы, зберагаюцца ў Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі.

Будынак музея пастаўлены на тэр. архірэйскага падвор’я ў 1913 у азнаменаванне 300-годдзя дома Раманавых (арх. В.Струеў). Быў задуманы як частка арх.-маст. комплексу духоўнай рэзідэнцыі Мінскай епархіі, якая ўключала пабудовы архірэйскага падвор’я і праектуемыя будынак музея і агароджу з цэнтр. парадным уваходам. Выкананы ў неарускім стылі. 2-павярховы прамавугольны ў плане цагляны будынак пастаўлены на высокі цокаль і накрыты вальмавым дахам. Гал. фасад асіметрычнай кампазіцыі. З усх. боку да яго прыбудавана круглая ў плане вежа, завершаная шлемападобным купалам. Сцены вежы, стылізаванай пад стараж. абарончую, былі прарэзаны байніцамі, верхняя ч. аформлена машыкулямі і геам. арнаментам. З зах. боку фасад фланкіраваны невял. квадратнай у плане вежачкай, прарэзанай неглыбокімі нішамі і завершанай высокім 4-гранным шатром. Гал. ўваход падкрэслены кілепадобным франтонам, упрыгожаным арнаментам. Фасады падзелены карнізным паяском, прарэзаны высокімі лучковымі аконнымі праёмамі, упрыгожанымі дэкар. паўкалонамі, 2- і 3-лопасцевымі аркамі, філёнгамі і інш. элементамі. Агароджа з цэнтр. парадным уваходам аддзяляла архірэйскае падвор’е ад Аляксандраўскага сквера. Цэнтр. парадны ўваход меў тыя ж арх. формы, што і будынак музея: высокія фланкіруючыя квадратныя ў плане слупы-вежачкі завяршаліся вастраверхімі шатровымі дахамі, карнізныя паяскі, што апяразвалі вежачкі, з простым. геам. арнаментам. Лучковая металічная арка была вырашана ў духу венскага мадэрна. Кованыя рашоткі, агароджа, вароты, брамы былі зроблены высокакваліфікаванымі мясц. кавалямі. У 1930-я г. агароджа знішчана. У 1915—20 у будынку размяшчаўся Народны дом, з 1963 — Дом работнікаў мастацтваў.

Літ.:

Записки Северо-Западного отдела имп. Русского географического общества. Кн. 1. Вильна, 1910;

Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада: Пер. з рус. Мн., 1994;

Чернатов В.М. Памятнік творческого содружества // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1979. № 2.

А.С.Жмуроўскі, В.М.Чарнатаў (архітэктура).

Мінскі царкоўна-археалагічны музей. Здымак 1914.

т. 10, с. 453

МІ́НСКІ ЦАРКО́ЎНЫ ГІСТО́РЫКА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ КАМІТЭ́Т.

Дзейнічаў з лют. 1908 да пач. 1-й сусв. вайны. Створаны ў Мінску Сінодам пры Мінскай епархіі па ініцыятыве інтэлігенцыі для збору і вывучэння старажытнасцей на тэр. Міншчыны. К-т праводзіў даследаванні і апісанні помнікаў даўніны і гісторыі, збор і запісы фальклору, вывучэнне манастырскіх архіваў, меў бібліятэку і Мінскі царкоўна-археалагічны музей. Члены к-та чыталі лекцыі па гісторыі і культуры Беларусі. У яго рабоце ўдзельнічалі вядомыя навукоўцы Дз.І.Даўгяла, А.А.Шахматаў. К-т выдаў зб. дакументаў «Мінская даўніна» і 1-ы вып. кнігі «Апісанне рукапіснага аддзела і старадрукаў бібліятэкі Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага камітэта» (1909).

А.С.Жмуроўскі.

т. 10, с. 453

Мінскі цырк

т. 10, с. 453

Мінскі Чырвоны касцёл

т. 10, с. 454