Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КІНІ́НЫ (ад грэч. kineō рухаю),

фізіялагічна актыўныя поліпептыды: брадыкінін, лізілбрадыкінін і метыяніллізілбрадыкінін. У жывёл утвараюцца ў плазме крыві ці міжклетачных прасторах пры расшчапленні неактыўнага папярэдніка — кінінагена. Рэгулююць мясц. крывацёк, абумоўліваюць скарачэнне гладкай мускулатуры органаў, бронхаў, кішэчніка, маткі, выклікаюць болевую рэакцыю. К. таксама тое, што цытакініны, гармоны раслін, вытворныя 6-амінапурыну (напр., зеацін). Прысутнічаюць у выглядзе свабодных асноў, рыбазідаў і рыбатыдаў. Сінтэзуюцца гал. чынам у мерыстэме кораня, паступаюць у парасткі, удзельнічаюць у рэгуляцыі абмену рэчываў у надземных органах: стымулююць рост клетак, сінтэз РНК і бялку, раскрыццё вусцейкаў і інш. Выкарыстоўваюцца ў эксперыментах; у практычных мэтах — для атрымання сартавых раслін метадам культуры тканак.

т. 8, с. 270

КІНО́,

гл. Кінамастацтва.

т. 8, с. 271

КІНТА́ЛЬСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ, 2-я Цымервальдская канферэнцыя 1916,

міжнародная канферэнцыя ўдзельнікаў сацыяліст. аб’яднання, створанага на Цымервальдскай канферэнцыі 1915. Адбывалася 24—30.4.1916 у 1-ю сусв. вайну ў Швейцарыі ў г. Берн (першае пасяджэнне) і ў пас. Кінталь (адсюль назва). Прысутнічалі 43 дэлегаты з Аўстрыі, Германіі, Італіі, Нарвегіі, Партугаліі, Польшчы, Расіі, Сербіі, Францыі і Швейцарыі.

Парадак дня: барацьба за заканчэнне вайны, стаўленне пралетарыяту да пытанняў міру, агітацыя і прапаганда, адносіны да склікання Міжнар. сацыяліст. бюро. Асн. спрэчкі вяліся паміж Цымервальдскай левай (12 чал., у т. л. рас. бальшавікі на чале з У.І.Леніным) і правацэнтрысцкім крылом канферэнцыі [Р.Грым (Швейцарыя), А.Гофман (Германія) і інш.] па пытаннях аб адносінах пралетарыяту да міру і вайны і скліканні Міжнар. сацыяліст. бюро. Канферэнцыя прыняла антываен. маніфест і інш. дакументы, якія ўключалі заклік да ўсеаг. інтэрнац. барацьбы супраць вайны і за сацыялізм.

т. 8, с. 271

«КІ́НУЎ РЫ́НУЎ ПАЎСТА́ННЕ»,

«Кінуўшы-рынуўшы паўстанне», «Віншаванне Савасцея», «Віншаванне бондара Савасцея», бел. ананімны верш 1830-х г. Упершыню апубл. ў час. «Иллюстрация» (1848, т. 7). Паводле Я.Карскага, больш ранні запіс твора занатаваны ў зборах В.Бадзянскага. Пазней фіксаваўся збіральнікамі фальклору М.Дзмітрыевым, П.Шэйнам, М.Федароўскім (апубл. скарочана ў кн. «Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя», 1971, у каментарыях памылкова аднесены да паўстання 1863—64), І.Луцкевічам (запісаны ў в. Ухвішча Лепельскага пав. ў 1903). У жанравых адносінах верш — спалучэнне імяніннага віншавання і гутаркі. Выяўляе адносіны бел. сялян да паўстання 1830—31: скептычная ацэнка кіраўніцтва кансерватыўнай шляхты, класавыя інтарэсы якой былі далёкія ад надзённых патрэб прыгонных («Бо гэтак у нашай Польшчы: усякі хацеў быць большы»), расчараванне паўстанца-мужыка пасля паражэння («Польшчы не адбілі, народ паглумілі, а бяды па вушы нарабілі»). Гэтыя пачуцці прыводзілі героя да вернападданніцкіх, царысцкіх ілюзій («Бадай ці не лепей судару служыць»).

І.У.Саламевіч.

т. 8, с. 271

КІНША́СА (Kinshasa),

горад, сталіца Дэмакр. Рэспублікі Конга. 4241 тыс. ж. (1997, з прыгарадамі). Рачны порт на левым беразе р. Конга. Чыгункай злучаны з марскім портам Матады. Паромныя сувязі з г. Бразавіль. Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст. (больш за 50% вытв-сці баваўняных тканін у краіне), харчасмакавая (алейная, мукамольная, піваварная, тытунёвая), машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтазборка, эл.-тэхн., з-ды па вытв-сці матацыклаў і веласіпедаў, суднабуд. і суднарамонтныя верфі і інш.), дрэваапрацоўка, хім. вытв-сць (шыны, пластмасавыя вырабы, мыла, кіслародна-ацэтыленавы з-д). Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, гарбарна-абутковыя ф-кі, рамонтныя майстэрні. Металургічны комплекс. Нац. ун-т. Нац. акадэмія прыгожых мастацтваў, музей мясц. побыту.

Засн. Г.М.Стэнлі ў 1881 як гандл. цэнтр пад назвай Леапальдвіль (да 1966; у гонар бельг. караля Леапольда II) на месцы вёсак К. і Кінтама. Значэнне горада вырасла пасля буд-ва ў 1898 чыгункі. З 1926 адм. ц. калоніі Бельг. Конга, з 1960 сталіца Дэмакр. Рэспублікі Конга (у 1971—97 Заір).

В.У.Адзярыха (гісторыя).

т. 8, с. 271

КІН-КАМІ́НСКІ (Тадэвуш Карлавіч) (7.5.1922, Мінск — 7.2.1968),

бел. акцёр. У 1939—41 вучыўся ў рэсп. Тэатр.

вучылішчы. У Вял. Айч. вайну вязень фаш. канцлагераў у Зах. Еўропе. З 1945 у Мінску, высланы ў Сібір (да 1947). Скончыў студыю Бел. т-ра імя Я.Купалы (1948), працаваў у гэтым тэатры. Характарны акцёр. Ролі вызначаліся маст. пераканаўчасцю, лаканізмам сродкаў выразнасці, знешняй стрыманасцю пры напружаным унутр. жыцці персанажа. Сярод роляў: Быкоўскі («Паўлінка» Я.Купалы), Парфірый («У мяцеліцу» Л.Лявонава), Бем («Прага застаецца маёй» Ю.Буракоўскага), Цырульнік («Забыты ўсімі» Назыма Хікмета), Кяміль («Канец — справе вянец» У.Шэкспіра), Анастасіс («Востраў Афрадыты» А.Парніса), Петушкоў («Жывы труп» Л.Талстога) і інш.

М.А.Бартніцкая.

т. 8, с. 270

КІН-КАМІ́НСКІ (Уладзімір Тадэвушавіч) (14.11.1950, Мінск — 10.1.1995),

бел. акцёр. Сын Т.К.Кін-Камінскага. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). Працаваў у Нац. акад. т-ры імя Я.Купалы. Творчасці ўласцівы майстэрства пераўвасаблення, пошук выразных сцэн. фарбаў, імправізацыя, часам іранічнае стаўленне да персанажа: Драгун («Парог» А.Дударава), Сяржант («Цынкавыя хлопчыкі» С.Алексіевіч), Мужык («Страсці па Аўдзею» У.Буграмеева), Польскі афіцэр, Начальнік патруля і Нямецкі афіцэр («Тутэйшыя» Я.Купалы, Дзярж. прэмія Беларусі 1993), Жорж («Дзверы стукаюць» М.Фермо), сяржант Допель («Гаральд і Мод» К.Хігінса і Ж.К.Кар’ера), Я («Дом на мяжы» С.Мрожака). У тэатры-лабараторыі нац. драматургіі «Вольная сцэна» выконваў ролі Падушкападобнага («Ку-Ку» М.Арахоўскага), Сяржанта («Сабака з залатым зубам» У.Савуліча). У 1992—93 у Беластоцкім драм. т-ры: Х.Х., Ян («Эмігранты» і «У адкрытым моры» Мрожака), Майстар («Тэрмінатар» П.Хандке), Восіп («Рэвізор» М.Гогаля).

М.А.Бартніцкая.

т. 8, с. 271

КІ́О,

расійскія цыркавыя артысты-ілюзіяністы, бацька і сыны. Нарадзіліся ў Маскве. Эміль Тэадоравіч (сапр. Гіршфельд-Рэнард; 11.4.1894—19.12.1965). Нар. арт. Расіі (1958). Як ілюзіяніст дэбютаваў у 1921 на Маск. эстрадзе. З 1932 адзін з першых пачаў выступаць у цырках з ілюзійнай апаратурай на адкрытай арэне. У праграмах выкарыстоўваў балет, сцэн. ігру, кантакт з залай. Ствараў цэласныя праграмы-рэвю, дзе асобныя нумары мелі вострасатыр., надзённы характар. Канструяваў цыркавую апаратуру. Эміль Эмілевіч (н. 12.7.1938). Сын Эміля Тэадоравіча. Засл. арт. Паўн.-Асецінскай рэспублікі (1969), засл. арт. Расіі (1977). Скончыў Маск. інж.-буд. ін-т. У цырку пачаў працаваць з 1961 у атракцыёне бацькі, з 1966 выступае самастойна. Апіраючыся на рэпертуар бацькі, стварае новыя нумары і трукі. Ігар Эмілевіч (н. 13.3.1944). Сын Эміля Тэадоравіча. З 1959 асістэнт і дублёр бацькі, з 1966 выступае з яго нумарамі самастойна. Стварае арыгінальныя ілюзійныя атракцыёны.

Літ.:

Марьяновский В.А. Кио: отец и сыновья. М., 1984.

т. 8, с. 271

КІО́ДА ЦУСІ́Н,

агульнанацыянальнае інфарм. агенцтва Японіі. Засн. ў 1945 у Токіо на базе тэлегр. агенцтва Домей цусін (з 1936). Забяспечвае ўнутр. і міжнар. інфармацыяй органы друку, а таксама радыё- і тэлевяшчальную карпарацыю Эн-Эйч-Кей.

т. 8, с. 271

КІПА́РСКІ ((Kiparsky) Валянцін Юлій Аляксандр) (4.7.1904, С.-Пецярбург — 15.5.1983),

фінскі філолаг-славіст, балтыст, германіст. Акад. Фінскай АН (1977). Скончыў Хельсінкскі ун-т (1929), вучыўся ў Празе. У 1947—63 праф. Хельсінкскага, Індыянскага (г. Блумінгтан, ЗША), Бірмінгемскага (Вялікабрытанія), Вольнага (Берлін) ун-таў. Аўтар манаграфій: «Агульнаславянскія запазычаныя словы з германскіх моў» (1934), «Чужое ў мове балтыйскіх немцаў» (1936), «Курскае пытанне» (1939; пра мёртвы балт. дыялект), «Фінляндыя ў рускай літаратуры» (1943), «Поўнач у рускай літаратуры» (1947), «Англійскія і амерыканскія тыпы ў рускай літаратуры» (1964), «Руская гістарычная граматыка» (т. 1—3, 1963—75), артыкулаў па пытаннях этымалогіі.

А.Я.Супрун.

т. 8, с. 271