КІ́НІКІ (грэч. kynikoi ад Kynosarges; лац. cynici цынікі),

прадстаўнікі стараж.-грэч. філас. школы, заснаванай у 4 ст. да н.э. ў Афінах вучнем Сакрата Антысфенам. Школа размяшчалася на ўзгорку Кінасарг (адсюль назва). Найб. вядомыя прадстаўнікі школы Дыяген Сінопскі, Кратэт, Керкід, Дыён Хрысастом. Крытыкуючы вучэнне Платона аб ідэях, К. сцвярджалі існаванне толькі адзінкавых рэчаў, сапраўднымі ведамі лічылі толькі пачуццёвае адлюстраванне адзінкавага. Ідэал К. — бязмежная духоўная свабода індывіда. К. пераглядалі асн. светапоглядныя, этычныя і эстэт. катэгорыі, грэбавалі ўсякай культурай і звычаямі, што часам ператваралася ў цынізм, прапаведавалі спрошчанае разуменне свету, крытыкавалі асн. прынцыпы рабаўладальніцкай маралі, ухвалялі ўмеранасць і аскетызм, адмову ад задавальнення, збліжэнне чалавека з прыродай. К. называлі сябе «грамадзянамі свету», стварылі тэрмін «касмапаліт». Вучэнне К. паўплывала на фарміраванне стаіцызму.

А.М.Елсукоў.

т. 8, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)