Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПО́ЙНТЫНГ ((Poynting) Джон Генры) (9.9.1852, Монтан, Вялікабрытанія — 30.3.1914),

англійскі фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў Лонданскі (1872) і Кембрыджскі (1876) ун-ты. З 1876 у Манчэстэрскім ун-це, з 1878 у Кавендышскай лабараторыі, з 1880 у Бірмінгемскім ун-це (з 1890 праф.). Навук. працы па даследаванні эл. з’яў, пераносу энергіі, тэорыі выпрамянення. Увёў паняцце пра шчыльнасць патоку эл.-магн. энергіі (гл. Пойнтынга вектар), вызначыў шчыльнасць Зямлі (1891) і гравітацыйную пастаянную (1893). У 1903 выказаў ідэю аб тармажэнні сонечным святлом геліяцэнтрычнага руху касм. цел (гл. Пойнтынга—Робертсана з’ява).

Літ.:

Спасский Б.И. История физики. Ч. 2. 2 изд. М., 1977.

т. 12, с. 448

ПО́ЙНТЫНГА ВЕ́КТАР,

вектар шчыльнасці патоку эл.-магн. энергіі; асобны выпадак Умава вектара. Выражаецца формулай Π→ = E→ × H→ , дзе E→ і H→ — напружанасці эл. і магн. палёў у электрамагнітнай хвалі адпаведна. Паняцце ўведзена Дж.Г.Пойнтынгам.

Модуль П.в. роўны энергіі, якая пераносіцца за адзінку часу праз адзінку плошчы паверхні, перпендыкулярнай да напрамку распаўсюджвання эл.-магн. хвалі (напрамку П.в.). Паток П.в. праз замкнутую паверхню, якая абмяжоўвае сістэму зараджаных часціц, дае энергію, якую страчвае гэтая сістэма за адзінку часу ў выніку выпрамянення эл.магн. хваль (гл. Максвела ўраўненні).

т. 12, с. 448

ПО́ЙНТЫНГА—РО́БЕРТСАНА З’Я́ВА,

паступовае памяншэнне моманту імпульсу часціцы пры яе руху ў полі прыцягнення зоркі з прычыны тармажэння, выкліканага паглынаннем і перавыпрамяненнем целам фатонаў поля выпрамянення зоркі. Названы па імю Дк.Г.Пойнтынга і амер. фізіка Г.​Робертсана, які даследаваў гэтую з’яву ў 1937. П.—Р.з. ўлічваецца ў тэорыі эвалюцыі метэорнага рэчыва Сонечнай сістэмы і касмалогіі планетарных сістэм.

т. 12, с. 448

ПО́КАРНІ, Покарны (Pokorny) Карал (18.1.1891, Паўліцы, каля г. Знойма, Чэхія — 14.2.1962), чэшскі скульптар. Нар. мастак Чэхаславакіі (1956). Ганаровы чл. АМ СССР (1958). Вучыўся ў Маст.-прамысл. школе (1911—14), АМ (1914—17) у І.​Мысльбека ў Празе. Аўтар рэалістычна абагульненых па формах твораў: помнікі загінуўшым шахцёрам у Лазах (1925), у Осеку (1936—38), А.​Ірасеку (1952), Б.​Немцавай (1954) у Празе, рэльефы для Нац. помніка ў Празе (1936—38), манумент «Братанне» ў г. Чэска-Тршэбава (1947—50). Дзярж. прэміі Чэхаславакіі 1949, 1952, 1955.

Літ.:

Колпинский Ю.Д. Карел Покорны. М., 1961.

т. 12, с. 448

ПО́КАЦЬ,

рака ў Краснапольскім р-не Магілёўскай вобл., Чачэрскім і Веткаўскім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 76 км. Пл. вадазбору 504 км². Пачынаецца за 500 м на З ад пас. Няўмесны Краснапольскага р-на, вусце за 1 км на ПнЗ ад в. Петраполле Веткаўскага р-на. Цячэ па Чачорскай раўніне. Даліна на вял. працягу добра распрацаваная, трапецападобная, шыр. 0,5—1,5 км, у верхнім цячэнні невыразная, у ніжнім зліваецца з поймай р. Сож. Рэчышча каналізаванае ў Чачэрскім р-не на працягу 3,3 км, на астатнім працягу моцназвілістае, меандруе. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.

т. 12, с. 448

ПО́КЕЛЬСА З’Я́ВА,

змена паказчыка пераламлення святла ў крышталях, змешчаных у эл. поле, прапарцыянальная напружанасці прыкладзенага поля. Вядзе да ўзнікнення падвойнага праменепераламлення і яго змены. Выкарыстоўваецца ў сістэмах кіравання светлавымі патокамі з дапамогай эл. палёў (напр., мадуляцыя святла). Выяўлена ням. фізікам Ф.​Покельсам (1894).

т. 12, с. 449

ПО́КРАЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства каля в. Покры Брэсцкага р-на. Пабудавана ў 1739, часткова перабудавана ў 19 ст. Узор драўлянай пабудовы цэнтрычнай кампазіцыі, у архітэктуры якой адзначаюцца рысы стылю барока. Крыжападобны ў плане будынак з 5-граннай апсідай накрыты 2-схільным дахам. Сяродкрыжжа завершана фігурнай вежачкай. Да апсіды прылягаюць 2 маленькія рызніцы. З захаду да царквы прыбудавана 2-ярусная званіца (васьмярык на чацверыку), накрытая 8-гранным шатровым дахам. Сцены будынка вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі. Вуглы апрацаваны разьбянымі накладкамі.

С.​Ф.​Самбук.

Покраўская царква.

т. 12, с. 449

ПО́КРАШАВА,

вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Мінск—Слуцк. Цэнтр сельсавета. За 18 км на Пн ад горада і 20 км ад чыг. ст. Слуцк, 85 км ад Мінска. 519 ж., 221 двор (2000). Слуцкі воцатны з-д. Клуб, б-ка. Брацкія магілы сав. воінаў.

т. 12, с. 449

ПО́КРЫВА ТЭКТАНІ́ЧНАЕ, шар’яж,

пакаты насоў мас горных парод у выніку тэктанічных рухаў на іншыя (часцей больш маладыя пароды) па субгарыз. або пакатахвалістай паверхні на вял. плошчы з перамяшчэннем у дзесяткі — некалькі соцень кіламетраў. Перамешчаныя масы наз. алахтон, а пароды, што залягаюць у аснове покрыва, — аўтахтон. Выступы аўтахтона сярод алахтона наз. тэктанічныя вокны, а астанцы алахтона сярод аўтахтона — кліпы. Характэрны для горных збудаванняў Альпаў, Скалістых гор, Карпат, Каўказа і інш.

т. 12, с. 449

ПО́КРЫЎНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

с.-г. культуры, пад якія падсяваюць насенне інш. раслін (падсяўных культур). Сумеснае іх вырошчванне дазваляе атрымаць 2 ураджаі кармавых раслін за год, рацыянальна выкарыстоўваць сонечную энергію, вільгаць, пажыўныя рэчывы глебы.

П.к. павінны мець кароткі вегетац. перыяд, рана вызваляць пашу, не зацяняць падсяўную культуру. Як П.к. выкарыстоўваюць азімыя (жыта, пшаніца) і яравыя (ячмень, пшаніца, авёс) збожжавыя, лён і інш. Усходы падсяўных культур павінны добра пераносіць зацяненне, запаволена расці ў першую палову вегетац. перыяду, не пагаршаць умовы росту П.к. Часцей гэта травы — шматгадовыя (канюшына, цімафееўка, люцэрна, эспарцэт) або аднагадовыя (сырадэля, лубін, баркун, морква, турнэпс).

т. 12, с. 449