ПАДСТО́ЛІ,
пасада ў ВКЛ. Вядома з сярэдзіны 15 ст. Намеснік стольніка, дапамагаў яму сервіраваць велікакняжацкі стол. З часам яго функцыі становяцца намінальнымі. З сярэдзіны 17 ст. вядомы павятовыя П.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 11, с. 506
ПАДСТРА́ЎНІКАВАЯ ЗАЛО́ЗА,
залоза са змешанай сакрэцыяй у арганізме чалавека і жывёл. Ў чалавека размешчана ў забрушыннай прасторы на ўзроўні 1-га паяснічнага пазванка. Большая яе ч. мае функцыю вонкавай сакрэцыі (выдзяляе падстраўнікавы сок). У парэнхіме П.з. ёсць групы залозістых клетак (Лангерганса астраўкі), якія выпрацоўваюць гармоны (інсулін, глюкагон, саматастацін, панкрэатычны поліпептыд), што паступаюць непасрэдна ў кроў і ўдзельнічаюць у рэгуляцыі вугляводнага і тлушчавага абмену.
Літ.:
Елецкий Ю.К., Яглов В.В. Эволюция структурной организации эндокринной части поджелудочной железы позвоночных. М., 1978.
т. 11, с. 506
ПАДСТРА́ЎНІКАВЫ СОК, панкрэатычны сок,
стрававальны сакрэт падстраўнікавай залозы, бясколерная вадкасць шчолачнай рэакцыі. Мае ферменты (трыпсін, хіматрыпсін, эластаза і інш.), якія ў працэсе стрававання расшчапляюць бялкі, тлушчы, вугляводы. У састаў П.с. ўваходзяць таксама мачавая кіслата, мачавіна, мікраэлементы. У чалавека П.с. за суткі выдзяляецца 1,5—2 л. Сакрэцыя кантралюецца нерв. і эндакрыннай сістэмамі. Фізіял. стымулятары выдзялення П.с. — саляная і некат. інш. к-ты, жоўць, ежа.
т. 11, с. 506
ПАДСУ́ДАК,
намеснік, потым памочнік суддзі земскага, які рыхтаваў справы да суда. Пасада ўведзена ў час адм.-тэр. рэформы 1565—66. Выбіраўся шляхтаю. Разам з пісарам уваходзіў у склад суда.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 11, с. 507
ПАДСУ́ДНАСЦЬ,
размежаванне кампетэнцыі паміж судамі па разглядзе спраў па 1-й інстанцыі. У суд. працэсе Рэспублікі Беларусь адрозніваюць 2 віды П.: прадметную (радавую — па віду злачынства або прадмета і характару цывільнай справы); тэрытарыяльную (па месцы ўчынення злачынства або месцы жыхарства адказчыка). Калі месца ўчынення злачынства ўстанавіць немагчыма, П. устанаўліваецца па месцы заканчэння следства або дазнання. Па цывільных справах іск звычайна прад’яўляецца па месцы жыхарства адказчыка, іск да юрыд. асобы — па месцы знаходжання яго органа або маёмасці. Гл. таксама Судаўладкаванне ў Рэспубліцы Беларусь.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 11, с. 507
ПАДСУ́ДНЫ,
абвінавачаны, якога аддалі пад суд. Паводле працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь (КПК у рэдакцыі 1960) мае права браць удзел у суд. разглядзе яго справы, заяўляць адводы і хадайніцтвы, прад’яўляць доказы, выступаць у суд. спрэчках, выступаць з апошнім словам, абскарджваць прыгавор і вызначэнне суда. Яўка П. ў суд абавязковая. Разбор справы пры адсутнасці П. дапускаецца ў выключных выпадках, калі гэта не перашкаджае ўстанаўленню ісціны па сутнасці абвінавачвання. Свае правы П. рэалізуе сам або з дапамогай абаронца. Пасля вынясення абвінаваўчага прыгавору і набыцця ім законнай сілы П. становіцца асуджаным. КПК Рэспублікі Беларусь 1999 замест паняцця «П.» ўжывае паняцце «абвінавачаны», пакідаючы за ім тыя ж правы і абавязкі.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 11, с. 507
ПАДСУСЕ́ДНІКІ, падсуседзі, суседзі,
назва катэгорый насельніцтва ў Расіі і ВКЛ 16—17 ст. У ВКЛ 16—1-й пал. 17 ст. П. — беззямельныя сяляне, што жылі ў вёсках і гарадах на чужых дварах (адсюль назва; гл. ў арт. Каморнікі). У Расіі П. — сяляне і пасадскія людзі, што разарыліся і не мелі ўласнай гаспадаркі. Пасяляліся ў дварах цяглых сялян і дапамагалі весці гаспадарку іх уладальнікам.
т. 11, с. 507
«ПАДСЯВА́НКА»,
бел. нар. жартоўны танец. Муз. памер 2/4. Тэмп умерана хуткі. Зафіксаваны ў пач. 20 ст. на тэр. Чэрвеньскага і Бярэзінскага р-наў Мінскай вобл. Найчасцей П. танцуюць па аднаму. Пагойдваннем рук і тулава выканаўца імітуе прасейванне мукі праз сіта. Камічны характар танца падкрэсліваюць жартоўныя прыпеўкі юнакоў.
Л.К.Алексютовіч.
т. 11, с. 507
ПАДСЯЎНЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,
сельскагаспадарчыя расліны, якія высяваюцца пад покрыва асн. культуры з мэтай атрымання дадатковага ўраджаю. У якасці П.к. выкарыстоўваюць лубін, сырадэлю, райграс аднагадовы і інш., а таксама шматгадовыя травы (напр., канюшыну), якія падсяваюць пад азімыя ці яравыя збожжавыя і яны даюць ураджай у наступныя гады вегетацыі. П.к. выкарыстоўваюцца ў падпокрыўных пасевах. Гл. таксама Прамежкавыя культуры.
т. 11, с. 507
ПАДТАПЛЕ́ННЕ,
падняцце ўзроўню грунтавых вод, абумоўленае падпорам вады ў рэках, пры буд-ве вадасховішчаў і плацін, уцечкай вады з водаправоднай і каналізацыйнай сетак, заіленнем рэчышчаў рэк і інш.; натуральная прычына — падняцце ўзроўню мора. Пры П. забалочваюцца і засаляюцца глебы, пагаршаецца сан. стан мясцовасці, зніжаецца прадукцыйнасць лясоў і с.-г. угоддзяў, разбураюцца будынкі, дарогі і інш.
т. 11, с. 507