Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІ́НСКІ ЗАВО́Д ЭФЕКТЫ́ЎНЫХ ПРАМЫСЛО́ВЫХ КАНСТРУ́КЦЫЙ.

Створаны ў 1987 у Мінску. Выпускае вырабы з бетону і жалезабетону (1999): бэлькі, пакрыцці і перакрыцці, сценавыя панэлі для каркасных будынкаў, калоны, рыгелі, па́лі для фундаментаў, пліты пакрыццяў рабрыстыя, пліты перакрыццяў шматпустотныя, экраны агароджы лоджый, бэлькі керамзіта-бетонныя з тэрмаўкладышам, бэлькі-лаўкі для тэнісных кортаў, прамысл. перагародкі, бэлькі бетонныя для сцен падвалаў і інш.

т. 10, с. 439

МІ́НСКІ ЗАВО́Д «КІНАДЭТА́ЛЬ».

Засн. ў 1951 у Мінску. Спецыялізаваўся па выпуску фільматары і абсталявання для кінакапіравальных фабрык і кінапракату. Выпускаў фільмастаты для ўвільгатнення фільмакопій, бабіны для кіналент, супрацьпажарныя засланкі, склеечныя прэсы. Выконваў мантаж, наладку, рамонт і тэхн. абслугоўванне кінаабсталявання. У 1995—96 з-д перапрафіляваны, наз. «Светакон». Выпускае асвятляльную і светарэгулявальную апаратуру для тэатральна-канцэртных устаноў і клубаў.

т. 10, с. 438

МІ́НСКІ ЗАВО́Д «СПЕЦАЎТАМА́ТЫКА».

Засн. ў 1975 у Мінску. З 1996 адкрытае акц. т-ва. Асн. прадукцыя (1999): тэхн. сродкі пажарна-ахоўнай сігналізацыі, спец. тэхнал. аснастка (штампы, прэс-формы і інш.), тавары нар. ўжытку (помпы ручныя, эл. званкі і шчыткі і інш.). Выконвае работы па праектаванні, мантажу, наладцы, тэхн. абслугоўванні пажарна-ахоўнай сігналізацыі; грузаперавозкі.

т. 10, с. 439

МІ́НСКІ ЗАВО́Д «ТЭРМАПЛА́СТ».

Створаны ў 1944 у Мінску як кіслародны з-д. З 1966 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1999): камплектуючыя для радыётэхн., электроннай і прыладабуд. прам-сці (злучальнікі, пераключальнікі, раздымы і інш.), вырабы з пластмасы для аўтамаб., трактарнай і электратэхн. прам-сці: дапаможны інструмент для металаапр. станкоў, тавары быт. прызначэння на аснове пластмас і электрабыт. тавары (малагабарытныя пральныя машыны, міксеры, фены, фільтры для вады, энергазберагальныя свяцільнікі).

т. 10, с. 439

МІ́НСКІ ЗАВО́Д «УДА́РНІК».

Засн ў 1927 у Мінску як ф-ка «Адраджэнне» па выпуску металавырабаў, дзіцячых цацак і інш. З 1930 вагавы з-д «Ударнік». У Вял. Айч. вайну разбураны. У 1948—67 адноўлены на новай пляцоўцы. З 1975 у складзе Мінскага НВА «Дармаш», з 1991 — адкрытага акц. т-ва «Амкадор», з 1996 — прадпрыемства «Завод «Ударнік» ААТ «Амкадор». Асн. прадукцыя (1999): пагрузчыкі франтальныя аднакаўшовыя, пагрузчыкі-экскаватары, пагрузчыкі бесперапыннага дзеяння (для снегу і сыпучых матэрыялаў), шнэкаротарныя снегаачышчальнікі, навясное абсталяванне рознага прызначэння і інш.

т. 10, с. 439

МІ́НСКІ ЗА́МАК,

старажытная крэпасць, на аснове якой узнік г. Мінск. У стараж.-рус. летапісах вядомы пад назвай «град», «горад», у актах 15—17 ст. — замак, пазней — Стары горад, Старое места, Стары замак, Замкавая гара, Замчышча. Пабудаваны ў 2-й пал. 11 ст. на правым беразе р. Свіслач пры ўпадзенні ў яе Нямігі для абароны паўд. межаў Полацкага княства. Быў абнесены валам выш. каля 8 м, на грэбені якога пастаўлены драўляныя сцены, з паўд. боку — брама тыпу вежы. Замак меў форму няправільнага прамавугольніка (даўж. ад Свіслачы да процілеглага зах. краю 300 м, шыр. 120—150 м, пл. 3 га). Абкружаны з усіх бакоў вадой, меў выгляд умацаванага вострава. Гал. вуліца замка шыр. 4 м перасякала дзядзінец з У на З, ад яе адыходзілі вузкія завулкі. Шырыня астатніх вуліц была 3 м, праезная іх частка масцілася драўлянымі насціламі. Паміж вуліцамі размяшчаліся двары гараджан. Яны ўключалі 1—2 жылыя пабудовы, хлявы, клеці, майстэрні. Двор абгароджваўся парканам з бярвён, свабодная ад забудовы плошча масцілася насцілам. У 12—13 ст. у замку было 80—82 двары і 400—500 жыхароў. Умацаванні М.з. паспяхова вытрымалі асаду войска паўд.-рус. князёў і іх саюзнікаў у 1105 (у летапісе недакладна 1104) і 1116, няўдалымі былі спробы полацкага кн. Рагвалода Барысавіча ўзяць М.з. прыступам у 1159 і 1160 у час княжацкіх міжусобіц. Доўгі час замак быў паліт., ваенным і культ. цэнтрам, рэзідэнцыяй князёў, пазней велікакняжацкіх і каралеўскіх намеснікаў. У 1506 войскі крымскага хана Махмет-Гірэя, захапіўшы горад, не здолелі авалодаць крэпасцю. У замку былі ваенны гарнізон (залога), правіянцкія крамы, дом кіеўскага мітрапаліта, уладанні кн. Астрожскага. У вежы каля замкавай брамы размяшчалася турма. У М.з. знаходзіліся цэрквы Мікалаеўская і Раства Багародзіцы. З канца 17 ст. замак стаў паступова занепадаць, да канца 18 ст. асталіся земляныя валы, зафіксаваныя на планах Мінска канца 18 — пач. 19 ст. Археал. даследаванні М.з. праводзілі ў 1945—51, 1957 В.Р.Тарасенка, у 1958—61 Э.М.Загарульскі, у 1976 Г.В.Штыхаў, у 1981—82 В.Е.Собаль і Штыхаў, у 1983—87 Штыхаў.

Літ.:

Гісторыя Мінска. Мн., 1967;

Загорульский Э.М. Возникновение Минска. Мн., 1982;

Заяц Ю.А. Оборонительные сооружения Менска XI—XIII вв. Мн., 1996.

Г.В.Штыхаў.

Мінскі замак. Брама 12—1-й пал. 13 ст. Рэканструкцыя Ю.А.Зайца.
Забудова заходняй часткі Мінскага замка. 13 ст. Рэканструкцыя П.А.Русава. Мастак А.Зарх.

т. 10, с. 439

МІ́НСКІ ІНДУСТРЫЯ́ЛЬНА-ПЕДАГАГІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ.

Засн. ў 1947 у Мінску як Мінскі індустр.-пед. тэхнікум. З 1996 сучасная назва. Рыхтуе майстроў вытв. навучання, тэхнікаў-тэхнолагаў, настаўнікаў працы і чарчэння. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): прамыслова-грамадзянскае буд-ва; сан.-тэхн. ўпарадкаванне будынкаў; прац. навучанне. Прымае асоб з сярэдняй адукацыяй і пасля заканчэння буд. прафес.-тэхн. вучылішчаў. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 10, с. 440

МІ́НСКІ ІНДУСТРЫЯ́ЛЬНЫ ТЭ́ХНІКУМ БУДАЎНІ́ЧЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ.

Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1944 у Мінску. З 1995 Бел. тэхнікум прам-сці буд. матэрыялаў. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): тэхналогія сілікатных і тугаплаўкіх матэрыялаў і вырабаў; эксплуатацыя і рамонт абсталявання прадпрыемстваў буд. матэрыялаў; вытв-сць буд. вырабаў і канструкцый; аўтаматызацыя тэхнал. працэсаў вытв-сці; эканоміка і кіраванне прадпрыемствам. Прымаюцца асобы з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 10, с. 440

МІ́НСКІ ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.

Створаны ў 1945 у Мінску на базе даваеннай галантарэйнай ф-кі. Сучасныя вытв. карпусы пабудаваны ў 1955 і 1965. У 1986—93 галаўное прадпрыемства Бел. інструментальнага вытв. аб’яднання, з 1993 вытв. фірма «Мінскі інструментальны завод», заснаваная на калектыўнай форме ўласнасці, з 1996 вытв. прадпрыемства «Мінскі інструментальны завод». Асн. прадукцыя (1999): інструмент металаапр. (фрэзы адразныя, пілы сегментныя і запасныя да іх сегменты, ручныя і машынныя нажовачныя палотны, цэнтры ўпорныя); дрэваапр. (пілы дыскавыя для верт. лесапільных рам, фрэзы пазавыя, нажы рубаначныя і шавецкія) і каменеапр. (кругі алмазныя адразныя для граніту, мармуру, бетону).

т. 10, с. 440

МІ́НСКІ ІНСТЫТУ́Т МЕХАНІЗАВА́НАГА ІНСТРУМЕ́НТУ І БУДАЎНІ́ЧА-АПРАЦО́ЎЧЫХ МАШЫ́Н З ДО́СЛЕДНАЙ ВЫТВО́РЧАСЦЮ,

адкрытае акц. т-ва «МІБАМ ДВ». Засн. ў 1971 як Мінскі філіял Усесаюзнага н.-д. і праектна-канструктарскага ін-та механізаванага і ручнога будаўніча-мантажнага інструменту, вібратараў і буд.-апрацоўчых машын. З 1991 Мінскі арэндны н.-д. і канструктарска-тэхнал. ін-т буд.-апрацоўчых і дахавых машын, ручнога інструменту. З 1997 сучасная назва. Асн. кірункі дзейнасці: правядзенне н.-д. і доследна-канструктарскіх работ па буд.апрацоўчых машынах, кампрэсарах, інструменту, дрэваапр. машынах і тэхн. навук. дакументацыі, доследна-эксперым. работ і выпрабаванняў, пуска-наладачных і сэрвісных работ; вытв-сць новых буд. машын і інструменту; рамонт электраінструменту і сэрвіснае абслугоўванне; сертыфікацыя машынабуд. прадукцыі; выраб эмульсійных змазак з выкарыстаннем распрацаванага ў ін-це абсталявання; камерцыйная дзейнасць.

М.А.Цвірко.

т. 10, с. 440