Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мінскія ЦЭЦ

т. 10, с. 457

мінскія чыгуначныя вакзалы

т. 18, кн. 1, с. 429

МІ́НСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Створаны ў 1991 у г. Маладзечна Мінскай вобл. на аснове Маладзечанскага нар. т-ра гар. Дома культуры. Працуе на бел. мове. Першы спектакль — «Зямля» паводле паэмы Я.Коласа «Новая зямля» (1993). Вял. ўвага аддаецца фарміраванню бел. рэпертуару: «Прымакі» і «Час, Сымоне, час...» («Раскіданае гняздо») Я.Купалы, «Пан міністар» Ф.Аляхновіча, «Адцуранне» і «Прынц Мамабук» А.Дударава, «Саламея і яе амараты» С.Кавалёва, «Камедыя» У.Рудава паводле твораў К.Марашэўскага і Аляхновіча. Значную частку складаюць спектаклі па п’есах замежных аўтараў: сцэны з трагедыі «Гамлет» У.Шэкспіра, «Пры зачыненых дзвярах» Ж.П.Сартра, «Непаразуменне» А.Камю, «Карэль» С.Мрожака, «Двое на арэлях» У.Гібсана, «Гер Паўль» Т.Дорста, «Чорная нявеста» Ж.Ануя, «Восем жанчын» Р.Тама, «Вар’яцкі дзень, ці Два плюс два» М.Меё і М.Энекена, «Без мяне мяне ажанілі» Ф.Кроца. Пастаўлены п’есы рус. драматургаў: «Апошняя ахвяра» і «Жаніцьба Бальзамінава» А.Астроўскага, «Любоў — кніга залатая» А.Талстога, «Правінцыяльныя анекдоты» А.Вампілава, «Я стаю ля рэстарана» Э.Радзінскага, «Дыяген» Б.Рацара і У.Канстанцінава. Спектаклі для дзяцей: «Тата» («Залатое кураня») У.Арлова, «Чарадзейства ў краіне Оз» Г.Булыкі, «Драўляны рыцар» Кавалёва, «Парася, якое спявае, ці Нельга нам без сябра» і «Па блакітных хвалях васількоў» С.Казлова, «Адчыніце, казляняткі» П.Макаля, «Буслік супраць Кадука» Г.Марчука і інш. Большасць дзіцячых спектакляў пастаўлены рэж. В.Растрыжэнкавым. Вял. месца сярод іх займаюць муз. спектаклі і спектаклі-мюзіклы (кампазітары А.Атрашкевіч, А.Елісеенкаў, А.Залётнеў). Рэпертуар т-ра вызначаецца жанравай разнастайнасцю спектакляў і для дарослых (ірэальная драма, трагіфарс, сямейны дэтэктыў, балада пра каханне, меладрама, драм. клаунада) і для дзяцей (казка-канцэрт, трылер для дзяцей, добрая казка, казка нашых мар).

Асобныя спектаклі паставілі рэжысёры А.Андросік, Р.Баравік, У.Забела, У.Караткевіч. В.Раеўскі, Р.Таліпаў, у спектаклях прымаюць удзел актрысы з Мінска. М.Захарэвіч вядзе «майстар-клас», а таксама рэжысёр-пастаноўшчык спектакля «Апошняя ахвяра». З 1994 штогод праводзіцца рэсп. тэатр, фестываль «Маладзечанская сакавіца». Маст. кіраўнік і гал. рэжысёр т-ра М.Мацкевіч, гал. мастакі У.Жданаў (з 1992), Я.Волкаў (з 1994).

М.В.Шабовіч.

Мінскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Карэль» С.Мрожака.
Мінскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Чарадзейства ў краіне Оз» Г.Булыкі.

т. 10, с. 431

МІ́НСКІ АБЛАСНЫ́ КА́МЕРНЫ ХОР «САНО́РУС».

Створаны ў 1992 у г. Маладзечна Мінскай вобл., з 1994 працуе ў Мінску. Арганізатар, маст. кіраўнік — дырэктар і гал. дырыжор А.Шут. У складзе калектыву камерныя хор, аркестр (з 1996) і група салістаў, што набліжае яго да сімф. капэл 17—18 ст. У рэпертуары больш за 20 праграм, больш за 200 твораў розных эпох і жанраў, у т.л. творы духоўнай музыкі бел. кампазітараў мінулага (С.Манюшкі, М.Равенскага, М.Шчаглова, М.Анцава, А.Туранкова) і сучасных (С.Бельцюкова, А.Залётнева, А.Літвіноўскага, А.Мдывані, А.Рашчынскага, А.Хадоскі, Л.Шлег і інш.); духоўныя канцэрты Дз.Бартнянскага, А.Ведаля, В.Казлоўскага, С.Рахманінава, П.Чайкоўскага, П.Часнакова, месы І.Гайдна, В.А.Моцарта, Ф.Шуберта, А.Дыябелі, рэквіемы Л.Керубіні, М.Дзюруфле і інш. Хор — пастаянны ўдзельнік фестываляў «Мінская вясна», «Беларуская музычная восень», «Адраджэнне Беларускай капэлы», «Музы Нясвіжа» і інш. Лаўрэат Міжнар, фестываляў духоўнай і сучаснай хар. музыкі «Магутны Божа» (1993, 1997, Магілёў), «Сакрасонг-93», «Гайнаўка-94» і «Мендзыздрое-95» (усе Польшча).

Т.А.Цітова.

Мінскі абласны камерны хор «Санорус».

т. 10, с. 431

МІ́НСКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў ліп. 1959 у г. Маладзечна як Маладзечанскі абл. краязн, музей, з 1960 сучасная назва, адкрыты ў 1964. Пл. экспазіцыі 240 м², 41,6 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Мае 5 экспазіц. залаў, 1 выставачную. Сярод экспанатаў залатое скроневае кольца 12—13 ст., дакументы 17 ст. на старабел. мове «лацінкай», манетныя скарбы ВКЛ, Рэчы Паспалітай, старадрукі 17—18 ст., слуцкі пояс 18 ст., матэрыялы пра адну з першых у Рас. імперыі Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю і яе знакамітых выпускнікоў, у т.л. М.Забэйду- Суміцкага, М.Чарота. У музеі сабраны ўзоры нар. ткацтва і адзення вілейскага, капыльска-клецкага і слуцкага строяў, ганчарныя вырабы радашковіцкай і івянецкай керамікі, творы майстроў разьбы па дрэве, з бяросты. Захоўваюцца матэрыялы пра вядомых землякоў — удзельнікаў рэв. падзей пач. 20 ст., нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі С.А.Рак- Міхайлоўскага, Б.А.Тарашкевіча, партыз. руху ў Вял. Айч. вайну, пра сучаснае паліт., эканам. і культ. жыццё вобласці. Дэманструюцца творы прафес. і самадз. мастакоў Міншчыны, узоры флоры і фауны рэгіёна.

Т.Л.Лянкевіч.

т. 10, с. 431

МІ́НСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯЛЕК «БАТЛЕ́ЙКА».

Створаны ў 1990 у г. Маладзечна Мінскай вобл. Заснавальнік і маст. кіраўнік у 1990—92 рэжысёр-лялечнік С.Юркевіч. З 1992 маст. кіраўнік Г.Карбаўнічая, у 1994—95 — Ю.Сарычаў. Т-р арыентуецца на стараж. бел. мастацтва батлейкі, у падмурку якога традыцыі хрысц. духоўнасці. Працуе з рознымі сістэмамі лялек (марыянетка, трысцінавая, пальчаткавая, планшэтная, тантамарэска, шпянёвая), а таксама ў «жывым плане». У спектаклях выкарыстоўваюцца дэкарацыі, стылізаваныя ў адпаведнасці з афармленнем традыц. бел. батлейкі, а таксама нар., аўтэнтычныя сродкі выразнасці. Т-р імкнецца стварыць свой адметны, нац. рэпертуар. Сярод найб. значных пастановак: «Дзівосныя авантуры паноў Кубліцкага ды Заблоцкага» П.Васючэнкі і С.Кавалёва, «Піліпка і Ведзьма» і «Хохлік» Кавалёва, «Меч Анёла» І.Сідарука, «Чароўны камень» В.Лукшы, «Мая Іліяда» У.Караткевіча, «Казкі з куфэрка» А.Жугжды, «Пакінуты ўсімі» А.Ляляўскага, «Казкі Несцеркі» і «Сіняя світа» А.Туравай, «Доктар Айбаліт» У.Карастылёва і інш. У розны час у т-ры працавалі рэжысёры М.Андрэеў, Жугжда, В.Калядзіч, Ляляўскі, В.Шылкоўскі; гал. мастак — В.Рачкоўскі. Т-р удзельнічаў у міжнар. фестывалях т-раў лялек Беларусі (1993, 1995, 1999), у Германіі (1992, 1993), Італіі (1996, 1997), Польшчы (1999).

С.Ф.Юркевіч.

Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка» (Маладзечна). Сцэна са спектакля «Доктар Айбаліт» У.Карастылёва.
Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка» (Маладзечна). Сцэна са спектакля «Хохлік» С.Кавалёва.

т. 10, с. 432

МІ́НСКІ АВІЯРАМО́НТНЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1953 у Мінску як авіярамонтная база, з 1964 — завод № 407 грамадзянскай авіяцыі. З канца 1996 сучасная назва. Спецыялізаваўся на рамонце самалётаў грамадз. авіяцыі (Лі-2, Іл-14, Ту-124). З 1980-х г. рамантуе самалёты Ту-134, Як-40, Як-42 і іх мадыфікацыі авіякампаній Беларусі, краін СНД, замежных. Аказвае паслугі на рынку авіятэхнікі; мае банк даных, распрацоўвае авіяц. дакументацыю. Выпускае таксама складаную быт. тэхніку — пральныя машыны, мікрахвалевыя печы, электрацеплавентылятары, пластмасавыя рэчы і інш.

т. 10, с. 432

МІ́НСКІ АВІЯЦЫ́ЙНЫ КАЛЕ́ДЖ,

гл. Мінскі вышэйшы лётна-тэхнічны каледж.

т. 10, с. 432

МІ́НСКІ АГРА́РНА-КАМЕРЦЫ́ЙНЫ КАЛЕ́ДЖ,

сярэдняя спец. навуч. ўстанова. Засн. ў 1978 у в. Сеніца (Мінскі р-н) як Бел. с.-г. тэхнікум па падрыхтоўцы кіруючых кадраў калгасаў і саўгасаў. З 1993 сучасная назва. Рыхтуе тэхнолагаў па перапрацоўцы прадукцыі раслінаводства, эканамістаў па камерцыйнай дзейнасці. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч.г.): камерцыйная дзейнасць у аграпрамысл. комплексе; маркетынг; вытв-сць, захаванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства. Прымае асоб з сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.

т. 10, с. 432

МІ́НСКІ АДДЗЕ́Л БЕЛАРУ́СКАГА ТАВАРЫ́СТВА ДАПАМО́ГІ ПАЦЯРПЕ́ЛЫМ АД ВАЙНЫ́,

дабрачынная арг-цыя для дапамогі бежанцам 1-й сусв. вайны; адзін з цэнтраў бел. нац. руху. Існаваў у Мінску ў ліп. 1915—17 як аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, створанага ў Вільні ў крас. 1915. Налічваў каля 50 чал. (снеж. 1916). У к-т праўлення аддзела ўваходзілі: В.І.Чавусаў (старшыня), А.І.Лявіцкі (Ядвігін Ш., нам. старшыні), У.І.Голуб (У.Галубок, сакратар), А.С.Астрамовіч (А.Зязюля), В.А.Лявіцкая, Л.А.Сівіцкая (З.Верас), Э.Л.Сівіцкая, У.С.Фальскі. Адкрыў некалькі начных прытулкаў для бежанцаў, дзіцячы прытулак у Ратамцы (каля Мінска), 2 бясплатныя сталовыя і 1 платную — «Беларускую хатку», заснаваў 2 майстэрні — ткацкую і па рамонце ваен. абмундзіравання. У крас.—маі 1916 дзейнічалі курсы па садаводстве, агародніцтве і пчалярстве. Пасля Лют. рэв. 1917 аб’явіў сябе Часовым Бел. нац. к-там і пачаў арганізац. і прапагандысцкую працу ў новых умовах.

Яго прадстаўнік П.А.Аляксюк увайшоў у склад Выканаўчага к-та грамадскай бяспекі г. Мінска, быў выбраны нам. старшыні К-та прапаганды на вёсцы асноў новага грамадскага ладу. У час агульнагар. маніфестацыі 6.3.1917 адбылося першае выступленне членаў Бел. к-та з паліт. лозунгамі. 25—27.3.1917 склікаў у Мінску з’езд бел. нац. арг-цый, які выбраў Беларускі нацыянальны камітэт.

В.У.Скалабан.

т. 10, с. 432