Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КІ́ЗІНГЕР ((Kiesinger) Курт Георг) (6.4.1904, г. Альбштат, Германія — 9.3.1988),

германскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. У 1933—45 чл. Нацыянал-сацыялісцкай партыі, працаваў (1940—45) y МЗС фаш. Германіі. Пасля 2-й сусв. вайны ўступіў у Хрысціянска-дэмакратычны саюз (ХДС), у 1967—71 яго федэральны старшыня. У 1949—58 і 1969—80 дэп. бундэстага ФРГ, выступаў у падтрымку знешнепаліт. курсу ўрада К.Адэнаўэра. У 1950—58 чл., з 1955 — віцэ-старшыня Дарадчага сходу Савета Еўропы. У 1958—63 прэм’ер-міністр зямлі Бадэн-Вюртэмберг, у снеж. 1966 — кастр. 1969 федэральны канцлер ФРГ. Кааліцыйны ўрад К. [ХДС/ХСС (Хрысц.-сац. саюз) і С.-д. партыя Германіі] намагаўся ўпарадкаваць фінансы і інш., інтэнсіфікаваў адносіны ФРГ з краінамі Усх. Еўропы.

М.В.Стралец.

т. 8, с. 256

КІ́І,

праліў паміж усх. ч. в-ва Сікоку і паўд. канцавой ч. п-ва Хонсю (п-ваў Кіі). Злучае Унутр. Японскае м. (Сета-Найкай) з Філіпінскім м. Ціхага ак. Даўж. 50 км, шыр. 34—55 км, найменшая глыб. на фарватэры 67 м. Моцныя прыліўна-адліўныя цячэнні (да 17 км/гадз, з ваганнямі ўзр. м. да 2 м). Порт Вакаяма.

т. 8, с. 256

КІІ́К-КАБА́,

рэшткі палеалітычнай стаянкі ў пячоры Кіік-Каба (Крым), за 25 км на У ад Сімферопаля. Даследавана ў 1923—24 Г.А.Бонч-Асмалоўскім. Мае 2 напластаванні: ніжні — канца ашэльскага — пач. мусцьерскага часу і верхні — сярэдняга мусцье. Знойдзены пахаванні неандэртальцаў (дарослага чалавека і дзіцяці), крамянёвыя прылады працы і косці дзікіх жывёл.

т. 8, с. 256

КІ́Й, ШЧЭК, ХАРЫ́Ў,

князі палян, браты, якія паводле «Аповесці мінулых гадоў» заснавалі 3 паселішчы, што пазней склалі аснову г. Кіеў. Існаванне на тэр. Кіева некалькіх паселішчаў, якія ў 9—10 ст. зліліся ў адзін горад, пацверджаны данымі археал. раскопак. Паданне аб заснаванні Кіева ўзнікла ў 7—8 ст., яно запісана ў 8 ст. ў Арменіі. Захавалася таксама паданне аб палянскім князю Кію, які быў прыняты ў Канстанцінопалі імператарам і заснаваў горад на Дунаі. Б.А.Рыбакоў лічыў Кія рэальнай асобай, якая жыла ў 6 ст.

Літ.:

Рыбаков Б.А. Древняя Русь: Сказания. Былины. Летописи. М., 1963.

т. 8, с. 256

КІКБО́КСІНГ, еўра-амерыканскае каратэ,

сінтэз класічнага англ. бокса і каратэ (бокс з ударамі нагамі). Узнік у сярэдзіне 1970-х г. у ЗША і Зах. Еўропе. Заснавальнікі — Д.Валера, Б.Лі, Ч.Норыс, Б.Уолес і інш. Тэрмін «К.» з’явіўся ў 1974.

Складаецца з 5 дысцыплін: абмежаваны, лёгкі і поўны кантакты, свабодны стыль і сольныя кампазіцыі, якія складаюцца з 3 відаў: «жорсткі» стыль, «мяккі» і з прадметамі (меч, нож, нунчакі, палка і інш.). Сусв. арг-цыя каратэ ўсіх стыляў, у т. л. К. (ВАКО), заснавана ў 1977. Першы чэмпіянат Еўропы адбыўся ў 1977, свету — у 1978.

т. 8, с. 256

Кікель Павел Васілевіч

т. 18, кн. 1, с. 405

КІКІ́МАРА,

вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. усх.-слав. народаў. Паводле павер’яў на Беларусі К. ўвасаблялі заўчасна загінуўшых маленькіх дзяўчынак, якія нябачна жылі ў хаце, назіралі за гульнямі жывых дзяцей, часта самі гарэзавалі (тады ў хаце быццам чуўся піск), але заціхалі і ўздыхалі, калі маці лашчыла сваіх дзяцей. К. таксама былі ўвасабленнем дрэнна зробленых жаночых работ. Павер’і пра К. былі пашыраны пераважна на Пн Беларусі і захоўваліся да пач. 20 ст.

М.Ф.Піліпенка.

т. 8, с. 257

КІКЛА́ДЫ (Kyklades),

архіпелаг у паўд. ч. Эгейскага м. Тэр. Грэцыі. Больш за 200 астравоў, выцягнутых гірляндамі з ПнЗ на ПдУ. Пл. 2,6 тыс. км². Нас. 88,4 тыс. чал. (1981). Найб. астравы: Наксас (выш. да 1008 м), Андрас, Мілас, Тынас, Парас. Астравы мацерыковага паходжання, гарыстыя, складзены з крышт. парод і вапнякоў. А-вы Тыра і Мілас вулканічныя. На в-ве Каймені дзеючы вулкан. Частыя землетрасенні. Радовішчы наждаку і мармуру. Клімат міжземнаморскі. Ападкаў каля 500 мм за год. На схілах хмызнякі (фрыгана), у далінах — вінаграднікі, сады, пасевы пшаніцы, кукурузы. Жывёлагадоўля, рыбалоўства.

т. 8, с. 257

КІКЛЕ́ІВІЧ (Аляксандр Канстанцінавіч) (н. 27.11.1957, в. Задабрычча Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1996). Скончыў БДУ (1980), з 1983 выкладае ў ім. Даследаванні ў галіне тэорыі, філасофіі і лагічнага аналізу мовы, граматыкі, семантыкі, беларусістыкі, паланістыкі, русістыкі. Аўтар манаграфіі «Мова і логіка. Лінгвістычныя праблемы квантыфікацыі» (1998; на ням. мове), артыкулаў «Квантарныя займеннікі і тэкст» (1989), «Мастацкі тэкст і тэорыя магчымых сусветаў» (1992) і інш.

т. 8, с. 257

КІКЛО́ПЫ, цыклопы,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі аднавокія волаты, сыны Урана і Геі. Былі скінуты бацькам у тартар (бездань), але вызвалены Зеўсам, для якога вырабілі маланкі-стрэлы, што дапамаглі яму адолець тытанаў. Лічыліся памагатымі Гефеста ў яго кузні, будаўнікамі магутных «кіклапічных» пабудоў у Мікенах і Тырынфе. Паводле «Адысеі», К. — дзікае племя, што жыве ў пячорах на аддаленым востраве і не прызнае ўлады багоў.

т. 8, с. 257