Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІ́НСКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЕПА́РХІЯ,

адм.-тэр. адзінка правасл. царквы з цэнтрам у Мінску. Утворана ў крас. 1793 у складзе Грэка-расійскай (Рускай) правасл. царквы. У 1-й трэці 19 ст. ўключала тэр. Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губ. З 1840 тэр. епархіі ахоплівала толькі Мінскую губ. У 1921 зах. частка епархіі апынулася ў Польшчы і перайшла пад юрысдыкцыю Польскай аўтакефальнай правасл. царквы. У ліп. 1922 абвешчана Мінская мітраполія, якая падзялялася на Мінскую, Бабруйскую, Мазырскую, Слуцкую епархіі. Мітрапалітам стаў епіскап мінскі Мелхіседэк, які т.ч. узначаліў усю правасл. царкву на тэр. БССР. У выніку рэпрэсій супраць духавенства ў 1930-я г. епархія фактычна спыніла дзейнасць. Ва ўмовах ваен. акупацыі ў кастр. 1941 адноўлена ў рамках Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У 1950-я г. ў сувязі з тым, што епіскапы на інш. бел. кафедры не прызначаліся, М.п.е. ў рангу мітраполіі заставалася адзінай у Беларусі (кананічна падпарадкоўвалася Маскоўскаму патрыярхату). У 1989 утвораны Бел. экзархат Маскоўскага патрыярхата (Беларуская праваслаўная царква), сталі адраджацца інш. епархіі. З лют. 1992 межы М.п.е. сталі супадаць з адм. граніцамі Мінскай вобл. На 2000 у епархіі 279 царк. прыходаў, 4 манастыры, дзейнічаюць Мінская вышэйшая духоўная семінарыя і Мінскае духоўнае вучылішча. З 1989 адноўлена выданне «Минских епархиальных ведомостей».

Літ.:

Шэйкін Г. Мінская епархія // Бел. правасл. каляндар, 1997. Мн., 1996.

Г.М.Шэйкін.

т. 10, с. 427

«МІ́НСКАЯ ПРА́ЎДА»,

грамадска-паліт. газета, орган Мінскага аблвыканкома і абл. Савета дэпутатаў. Выдаецца з 1.11.1950 у Мінску; спачатку на бел., з 1990 — на бел. і рус. мовах 3—5 разоў на тыдзень. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця Мінска і Мінскай вобласці. Матэрыялы змяшчаюцца пад рубрыкамі: «Ідэя, пошук, прадпрымальніцтва», «Спажывецкі рынак», «Галерэя», «Спадчына», «Тэатральны бінокль», «Анонс» і інш. З публіцыстычнымі артыкуламі выступаюць вядомыя дзеячы культуры, мастакі, крытыкі, друкуюцца новыя творы майстроў слова, творы маладых аўтараў.

А.У.Клімовіч.

т. 10, с. 427

МІ́НСКАЯ ПТУШКАФА́БРЫКА імя Н.К.Крупскай.

У 1945 на паўн. ускраіне Мінска арганізаваны саўгас па гадоўлі птушкі. У 1950 пераўтвораны ў птушкафабрыку імя Н.К.Крупскай. Асн. прадукцыя (1999): свойская птушка свежая, ахалоджаная, вэнджаная, каўбасы, сасіскі, сардэлькі, кансервы з мяса свойскай птушкі, свежыя яйкі, яечны парашок, вырабы з пуху і пер’я (падушкі і коўдры).

т. 10, с. 427

МІ́НСКАЯ РАБО́ЧАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ 1894—97,

арганізацыя яўрэйскіх рабочых рамеснай і дробнай прам-сці горада. Утварылася пад уплывам Мінскай яўрэйскай с.-д. групы. У 2-й пал. 1894—95 на аснове стачачных кас створаны цэхавыя (прафес.) саюзы пераплётчыкаў, слесараў, гарбароў, шаўцоў і інш., усяго — 24 саюзы з агульнай колькасцю членаў да 1200 чал. Кіравалі саюзамі выбарныя прадстаўнікі і касіры. Іх дзейнасць каардынавала міжкасавая сходка (цэнтральная каса), якая складалася з прадстаўнікоў цэхавых саюзаў. У яе ўваходзіў прадстаўнік с.-д. групы. За 2 гады (1894—96) цэхавыя саюзы арганізавалі ў Мінску 54 стачкі з удзелам 480 рабочых. Гал. патрабаванні стачачнікаў: скарачэнне рабочага дня (26 стачак), павелічэнне платы (13). Найб. працягласць стачкі — 70 дзён. Пераважная большасць стачак (50) скончылася поўнай ці частковай перамогай. Летам 1896 і ў сак.жн. 1897 паліцыя правяла масавыя арышты. Да следства прыцягнута каля 200 рабочых. У выніку большасць саюзаў распалася. Восенню 1897 у М.р.а. адбыўся раскол: большасць уцалелых саюзаў падтрымала прапанову яўр. с.-д. групы аб уступленні ў Бунд, астатнія стварылі мясц. арг-цыю леванародніцкай Рабочай партыі паліт. вызвалення Расіі.

М.В.Біч.

т. 10, с. 428

МІ́НСКАЯ РАТУША.

Існавала ў 16—19 ст. у Мінску. Пра буд-ва ратушы ў Мінску ў 1499 прыведзены звесткі ў прывілеях па арг-цыі кіраўніцтва ў горадзе паводле магдэбургскага права (апісаны яе часткі і іх прызначэнне, але месца пабудовы невядома). Упершыню пра ратушу як існуючую ўстанову ўпамінаецца ў 1582. У 1591—1600 пастаўлены новы мураваны будынак ратушы на Высокім рынку (у 1600 на вежы ўстаноўлены першы гар. гадзіннік). У 1640 будынак моцна пашкоджаны пажарам, у 1656 часткова разбураны. Рэканструяваўся ў 2-й пал. 17 і 2-й пал. 18 ст., у 1744 адноўлены па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам войта С.Буржынскага. У канцы 18 ст. перабудавана ў стылі класіцызму (арх. Ф.Крамер). 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты пакатым вальмавым дахам. Цэнтр. частка сіметрычна па кампазіцыі гал. фасада вылучана рызалітам з 3-маршавай лесвіцай, акцэнтавана чацверыковай вежай, завершанай купалам са шпілем з флюгерам. Рызаліт і тарцы аформлены 4-калоннымі порцікамі іанічнага ордэра. Дэкар. вырашэнне будынка дапаўнялася каванымі агароджамі балконаў у порціках і на вежы. У 1819 ратуша зноў рэканструявана. Да яе фасада з ПдУ прыбудавана мураваная агароджа, упрыгожаная стукавым дэкорам і жывапіснымі кампазіцыямі. Побач з ратушай разбіты невял. рэгулярны сквер. У 1825—35 бакавыя порцікі былі завершаны франтонамі. У будынку знаходзіліся магістрат, суд, гаўптвахта, паліцыя, архіў, у 1830-я г.муз. школа. У 1847 зала на 2-м паверсе прыстасавана пад т-р (афармленне інтэр’ераў маст. Я.Кураткевіча; гл. Мінскі ратушны тэатр). У 1857 будынак ратушы і сквер знішчаны. У канцы 19 ст. сквер адноўлены. Захаваліся падмуркі і падвальныя памяшканні ратушы.

У.М.Дзянісаў.

Мінская ратуша. Галоўны фасад. Чарцёж.

т. 10, с. 428

МІ́НСКАЯ РЫ́МСКА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЕПА́РХІЯ, Мінская дыяцэзія,

адм.-тэр. адзінка каталіцкай царквы ў канцы 18—20 ст. Засн. ў 1798 паводле імператарскага ўказа. Тэрыторыя супадала з межамі Мінскай губерні. З 1798 дзейнічала духоўная семінарыя. У 1842 епархіі нададзены 3-і клас. У 1869 епархія скасавана, яе тэрыторыя ўключана ў Віленскую рымска-каталіцкую епархію. З 1883 касцёлы і адзіны дзеючы Слонімскі кляштар бернардзінак б. епархіі падпарадкаваны Магілёўскай рымска-каталіцкай архіепархіі. У ліст. 1917 дзейнасць М.р.-к.е. адноўлена. У 1925 на частцы яе тэрыторыі, што адышла да Польшчы, створана Пінская рымска-каталіцкая епархія. Землі БССР па-ранейшаму ўваходзілі ў Мінскую епархію, але яна практычна не функцыянавала, хоць кананічна не была скасавана. У 1991 створана Мінска-Магілёўская рымска-каталіцкая епархія, якая з’яўляецца пераемніцай Мінскай і Магілёўскай епархій, з 2000 ахоплівае тэр. Мінскай і Магілёўскай абл.

Літ.:

Kumor B. Ustróy i organizacja Kościoła polskiego w okresie niewoli narodowej (1772—1918). Kraków, 1980.

В.В.Грыгор’ева, А.М.Філатава.

т. 10, с. 428

МІ́НСКАЯ СКУРГАЛАНТАРЭ́ЙНАЯ ФА́БРЫКА імя В.У.Куйбышава.

Засн. ў 1924 у Мінску як працоўны калектыў кашалёчнікаў. З 1929 рымарска-галантарэйная ф-ка «Усход». У Вял. Айч. вайну разбурана. Адноўлена ў 1944, пазней рэканструявана і расшырана. З 1994 адкрытае акц. т-ва «Галантэя». Асн. прадукцыя (1999): сумкі жаночыя з натуральных і штучных скур, сумкі дарожныя, спартыўныя, ранцы, рукзакі, чамаданы, вырабы дробнай галантарэі, пальчаткі, рамяні паясныя і гадзіннікавыя.

т. 10, с. 428

МІ́НСКАЯ СПЕЦЫЯ́ЛЬНАЯ СЯРЭ́ДНЯЯ ШКО́ЛА.

Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1996 у Мінску на базе Навуч. цэнтра Мін-ва ўнутр. спраў. Рыхтуе юрыстаў з сярэдняй спец. адукацыяй, участковых інспектараў гар. і раённых аддзелаў міліцыі, супрацоўнікаў аператыўна-дзяжурных службаў, а таксама для сістэмы папраўча-працоўных устаноў і спец. камендатур. Спецыяльнасць (1999/2000 навуч. г.): правазнаўства. Навучанне дзённае і завочнае. Прымаюцца асобы з сярэдняй адукацыяй.

т. 10, с. 428

МІ́НСКАЯ СТУ́ДЫЯ КІНАХРО́НІКІ.

Існавала ў 1935—41 у Мінску. Створана на базе сектара кінахронікі кінаарганізацыі Белдзяржкіно. Выпускала кіначасопіс «Савецкая Беларусь», дакумент., навук.-папулярныя і навуч. фільмы, здымала сюжэты пра жыццё рэспублікі для ўсесаюзных кіначасопісаў. Сярод лепшых фільмаў: «Пушкін», «Асваенне балот у БССР» (абодва 1939), «Права на працу», «Права на адукацыю», «Права на адпачынак» (усе 1938), «Ардэнаносная БССР» (1939), «З хутароў — у калгасныя сядзібы» (1940), «Адроджанае Палессе» (1941) і інш.

В.І.Смаль.

т. 10, с. 428

МІ́НСКАЯ СТУ́ДЫЯ НАВУКО́ВА-ПАПУЛЯ́РНЫХ І ХРАНІКА́ЛЬНА-ДАКУМЕНТА́ЛЬНЫХ ФІ́ЛЬМАЎ.

Існавала ў 1961—68 у Мінску. Створана на базе сектара кінаперыёдыкі і дакумент. фільмаў кінастудыі «Беларусьфільм», з якой аб’ядналася і існавала як яе вытворча-творчае аб’яднанне «Летапіс». Выпускала кінаперыёдыку, дакумент., навук.-папулярныя і навуч. фільмы. Рэгулярна выходзілі кіначасопісы «Савецкая Беларусь», «Піянер Беларусі», «Спартыўны агляд», «Мастацтва Беларусі», асобныя выпускі кіначасопісаў «Навука і тэхніка БССР» і «Сельская гаспадарка Беларусі». Сярод лепшых фільмаў: «Янка Купала» і «Якуб Колас» (1962), «Горад становіцца святлейшым» (1963), «Есць такая зямля» (1964), «Веснавыя галасы» (1965), «Шчырая размова» (1966), «Пакараны смерцю ў 41-м» (1967), «Першыя ноты» (1968) і інш.

В.І.Смаль.

т. 10, с. 428