ГРО́ДЗЕНСКІ ДОМ ВІ́ЦЭ-ГУБЕРНА́ТАРА,
помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў Гродне каля 1800 для гродзенскага віцэ-губернатара Максімовіча. Двухпавярховы Г-падобны ў плане мураваны будынак накрыты 2-схільным дахам. Сіметрыя гал. фасада падкрэслена 4-калонным порцікам дарычнага ордэра з трохвугольным франтонам. Бакавыя часткі вылучаны рызалітамі. Фасад раскрапаваны філёнгамі, рустам, завершаны развітым прафіляваным карнізам. Прамавугольныя аконныя праёмы аздоблены фігурнымі ліштвамі і сандрыкамі. Інтэр’еры былі ўпрыгожаны фрэскавай размалёўкай.
т. 5, с. 431
ГРО́ДЗЕНСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,
навучальная ўстанова ў Гродне ў 1625—1773. Уключаў вучэбныя і жылыя памяшканні, б-ку (у 1773 — 2373 кнігі), аптэку (засн. ў 1687), сад, гасп. будынкі, касцёл Францыска Ксаверыя (гл. ў арт. Гродзенскі кляштар езуітаў). Яго пабудовы займалі цэлы квартал горада. Калегіум складаўся з 2 аддзяленняў: малодшага, якое мела 5 класаў (апошні — 2-гадовы), і старэйшага, 3-гадовага. Выкладаліся традыцыйныя для калегіума прадметы: «сем вольных мастацтваў», тэалогія, класічныя мовы і інш. З 1667/68 навуч. г. ўсе настаўнікі калегіума мелі вучонае званне прафесара. У 1707 пры калегіуме адкрыта муз. бурса, пры ёй дзейнічала капэла (у 1773 мела 63 муз. інструменты). На 1773 калегіум валодаў 7 фальваркамі і 25 вёскамі ў Гродзенскім пав., у якіх было 240 дымоў. Пасля роспуску ў 1773 ордэна езуітаў будынкі і маёмасць калегіума перададзены Адукацыйнай камісіі, пазней — урадавым установам. Касцёл ператвораны ў фарны (прыходскі). Калегіум адыграў значную ролю ў пашырэнні ўплыву каталіцкай царквы на З Беларусі, яго дзейнасць спрыяла зацвярджэнню еўрап. сістэмы адукацыі на Гродзеншчыне. У ліку яго выхаванцаў асветнік і астраном М.Пачобут-Адляніцкі.
Т.Б.Блінова.
т. 5, с. 431
ГРО́ДЗЕНСКІ ЗААЛАГІ́ЧНЫ ПАРК,
старэйшы на Беларусі, засн. ў 1927 на сродкі гар. т-ва аматараў прыроды (ініцыятар — прыродазнавец, выкладчык біялогіі мясц. гімназіі Ян Каханоўскі). З 1931 арандаваны прыватным прадпрымальнікам, з 1939 уласнасць дзяржавы, у калекцыі меў каля 400 жывёл. У Айч. вайну матэрыяльныя каштоўнасці знішчаны, рэдкія віды звяроў вывезены ў Германію. У 1949 адбудаваны, калекцыя адноўлена. Пл. 3,42 га. Сярод 321 віда прадстаўнікі млекакормячых (98), птушак (83), рэптылій (41), амфібій (16), рыб (78), бруханогіх малюскаў (5). Экспануюцца рэдкія жывёлы, занесеныя ў Чырв. кнігу Міжнар. саюза аховы прыроды: кіт. алігатар, суматранскі і амурскі тыгры, туркм. кулан, алень Давіда, зубр, чырвоны і канадскі ваўкі, арлан-белахвост і інш. Працуюць секцыі: іхтыялогіі, герпеталогіі, драпежных жывёл і малпаў, капытных, арніталогіі, кармлення, навукова-асветная.
т. 5, с. 432
ГРО́ДЗЕНСКІ ЗАВО́Д АЎТАМАБІ́ЛЬНЫХ АГРЭГА́ТАЎ.
Засн. ў 1884 як ліцейна-мех. майстэрні. У 1939 пераўтвораны ў ліцейна-мех. з-д для рамонту прамысл. абсталявання млыноў, цагельных з-даў і машын с.-г. прызначэння. З 1944 працаваў у якасці ваенна-рамонтных майстэрняў. З 1953 велазборачны, з 1960 веласіпедны з-д. З 1965 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1997): тармазныя камеры і амартызатары для аўтамабіляў розных марак, стойкі амартызатарныя, веласіпеды дзіцячыя «Нёман», «Кранон».
т. 5, с. 432
ГРО́ДЗЕНСКІ ЗАВО́Д ГАНДЛЁВАГА МАШЫНАБУДАВА́ННЯ.
Засн. ў 1961 для выпуску пасудамыйных машын для прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Гал. вытв. цэхі ўведзены ў дзеянне ў 1963—73. З 1987 Гродзенскае вытворчае аб’яднанне гандл. машынабудавання, з 1.4.1995 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1997): пасудамыйныя машыны для прадпрыемстваў грамадскага харчавання, быт. і прамысл. электраводанагравальнікі, вырабы мед. і с.-г. тэхнікі, тавары культ.-быт. прызначэння.
т. 5, с. 432
ГРО́ДЗЕНСКІ ЗАВО́Д КАРДА́ННЫХ ВАЛО́Ў.
Дзейнічае з 1951 як рамонтна-падшыпнікавы з-д. У 1955 рэарганізаваны ў з-д «Аўтазапчастка». У 1961 перайменаваны ў з-д карданных валоў. З 1995 АТ «Белкард». Асн. прадукцыя (1996): карданныя валы для аўтамабіляў, аўтобусаў і трактароў, с.-г. машын, трамваяў, тралейбусаў, чыг. пасажырскіх вагонаў, аўтакранаў і аўтагрэйдэраў, рулявыя цягі да трактароў МТЗ і інш. Рэалізуецца ў Беларусі і Расіі.
т. 5, с. 432
ГРО́ДЗЕНСКІ ЗАВО́Д «БЕЛТАПА́З».
Створаны ў 1958 як з-д сан.-тэхн. абсталявання. У 1960 перайменаваны ў з-д «Электрасвятло», у 1966 у з-д тэхнал. аснасткі, у 1976 у вытв. аб’яднанне па выпуску тэхнал. аснасткі, у 1986 з-д такарных патронаў, з 1996 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1996): такарныя патроны розных мадыфікацый, дамкраты да легкавых аўтамабіляў, мэблевая фурнітура, фільтры аўтамаб. і інш.
т. 5, с. 432
ГРО́ДЗЕНСКІ ЗАВО́Д «РАДЫЁПРЫЛА́ДА».
Засн. ў 1926 як прыватнае прадпрыемства. У пасляваенны перыяд — з-д быт. прылад, пасля рэканструкцыі ў 1965 з-д «Электрапрылада», з 1978 з-д «Радыёпрылада», выпускаў аўтамагнітолы. З 1995 пасля аб’яднання з ВА «Хваля» (выпускала дэталі для аўтамагнітол) — ВА «Радыёхваля». Асн. прадукцыя (1997): аўтамагнітолы, аднаканальныя і шматканальныя радыёстанцыі, радыёпрыёмнікі, тэлевізары, генератары і агрэгаты для дызельных рухавікоў, эл.-тэхн. вырабы с.-г. прызначэння і абсталяванне для кабельнага тэлебачання.
т. 5, с. 432
ГРО́ДЗЕНСКІ КАМБІНА́Т БУДМАТЭРЫЯ́ЛАЎ.
Створаны ў 1950 на базе цагельнага, кафляна-плітачнага і вапнавага прадпрыемстваў. З 1958 буйное механізаванае прадпрыемства па выпуску будматэрыялаў. Асн. прадукцыя (1996): цэгла сілікатная і вонкавая каляровая, арміраваныя панэлі з ячэістага і шчыльнага сілікатабетону, ячэістыя блокі, вапна будаўнічая, плітка аддзелачная каляровая сілікатабетонная, уцяпляльнік газасілікатны, чарапіца палімерпясчаная. Гасп. сувязі з Літвой і Расіяй.
т. 5, с. 432
ГРО́ДЗЕНСКІ КАРАЛЕ́ЎСКІ ПАЛА́Ц,
гл. Гродзенскі Новы замак.
т. 5, с. 432