Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«КЁР-АГЛЫ́»,

«Кёраглу», фальклорна-эпічны твор народаў Б. Усходу і Сярэдняй Азіі, у аснове сюжэта якога жыццё і подзвігі легендарнага волата-змагара за нар. шчасце і справядлівасць. Створаны не раней 17 ст. Сабраны і запісаны ў 1-й пал. 19 ст. Напісаны прозай і вершамі (тадж. толькі вершамі). Версіі «К.-а.» ўмоўна падзяляюць на зах. (арм., груз., курдскую, адж., тур., вытокі якіх у азерб. эпасе) і ўсх. ці сярэднеазіяцкую (туркм. «Гёраглы», узб. і каз. «Гораглы», тадж. «Гуруглі» ці «Гургулі»).

Паводле зах. версій герой-мсцівец Кёраглы (Сын сляпога), ён жа і паэт-імправізатар помсціць за свайго бацьку, якога тыран зрабіў сляпым. Эпас «К-а.», верагодна, заснаваны на дзейнасці рэальнай гіст. асобы, пра што сведчаць дакументы 16—17 ст. Усх. версіі адрозніваюцца ад зах., у іх многа казачна-фантаст. элементаў. Іх герой Гёраглы (Сын магілы, нарадзіўся ад мёртвай маці ў магіле) манарх знатнага паходжання. Свае подзвігі Гёраглы здзяйсняе ў казачнай краіне Чамбел (Шамбел), яго ўчынкі сімвалізуюць справядлівага і сумленнага правіцеля, абаронцу радзімы. «К.-а.» перакладзены на рус. (упершыню выд. азерб. версія ў 1856), англ., венгр. і інш. мовы.

Публ.: Кёроглу. Баку. 1959.

Літ.:

Каррыев Б.А. Эпические сказания о Кёр-оглы у тюркоязычных народов. М., 1968.

т. 8, с. 244

КЖЫ́ВАНЬ (Анеля Тадэвушаўна) (1925, хутар каля с. Садовае Цярнопальскай вобл., Украіна — 12.10.1943),

удзельніца баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1943). У 1943 добраахвотна ўступіла ў жаночую роту аўтаматчыкаў 1-й Польскай дывізіі імя Т.Касцюшкі. Вызначылася 12.10.1943 у час бою каля в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл. Калі ў час бамбардзіроўкі загарэлася машына з дакументамі штаба дывізіі, К. кінулася ратаваць дакументы і параненых. Загінула ў агні.

т. 8, с. 244

КЖЫЖАНО́ЎСКІ Канстанцін, бел. скрыпач, педагог і кампазітар сярэдзіны 19 ст. Выкладаў музыку ў Мінскай мужчынскай гімназіі, прыватных пансіёнах. Выступаў у аматарскіх канцэртах як скрыпач і спявак. Сябраваў з С.Манюшкам і В.Дуніным-Марцінкевічам. Разам з Манюшкам стварыў музыку да спектакляў тэатра Дуніна-Марцінкевіча «Рэкруцкі набор» (1841) і «Ідылія» («Сялянка», 1852). У сваіх творах выкарыстоўваў нар. песенныя і танц. мелодыі. Сярод яго вучняў М.Ельскі.

А.Д.Капілаў.

т. 8, с. 244

КЖЫЖАНО́ЎСКІ ((Krzyżanowski) Юльян) (4.7.1892, в. Стаянцы Масціскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 19.5.1976),

польскі літаратуразнавец і фалькларыст. Чл. Польскай АН у Кракаве (1933), Польскай АН (1951), Сербскай АН (1965). Скончыў Ягелонскі ун-т (Кракаў, 1914). У 1930—34 праф. Рыжскага, у 1934—39, 1945—62 — Варшаўскага ун-таў. У 1957—58 выкладаў у Калумбійскім ун-це ў Нью-Йорку. У 1969—73 у Ін-це літ. даследаванняў Польскай АН. Гал. праца — «Гісторыя польскай літаратуры ад старажытнасці да найноўшых часоў» (1969). Аўтар кніг «Паралелі: Параўнаўчыя даследаванні з пагранічча літаратуры і фальклору» (1935), «Польскі неарамантызм 1890—1918» (1963), «Навука пра літаратуру» (1966), манаграфій пра творчасць польск. пісьменнікаў, артыкула пра А.Рыпінскага «Польскі Тыртэй і дзекабрысты» (1954). Праблемам фальклору прысвяціў працы «У свеце народнай казкі» (1980), «Нарысы па фалькларыстыцы» (т. 1—3, 1980). Даследаваў зборнік апрацаваных бел. нар. казак, анекдотаў, апавяданняў з ваколіц Навагрудка «Польскі казачнік» А.Глінскага (т. 1—4, 1853), бел. фалькл. матывы ў творчасці А.Міцкевіча, этымалогію і гісторыю ўжывання прыказак і прымавак, пашыраных у польск. і ўсх.-слав. мовах («Разумнай галаве хопіць двух слоў», т. 1—2, 1958—60). У працы «Польская народная казка ў сістэматызаваным размеркаванні» (т. 1—2, 1947) сістэматызаваў матывы польск. нар. казак, многія з якіх сустракаюцца ў бел. фальклоры. Рэдактар і адзін з аўтараў «Слоўніка польскага фальклору» (1965). Дзярж. прэмія Польшчы 1964.

У.М.Казбярук.

т. 8, с. 244

Кібак Іван Аляксеевіч

т. 18, кн. 1, с. 405

КІБА́ЛЬНІКАЎ (Аляксандр Паўлавіч) (22.8.1912, в. Арэхава Валгаградскай вобл., Расія — 5.9.1987),

расійскі скульптар. Нар. мастак СССР (1963). Правадз. чл. АМ СССР (1954). Скончыў Саратаўскае маст.-прамысл. вучылішча (1932). Працаваў у манум. і партрэтнай скульптуры. Творы вызначаюцца вастрынёй пластычнага вырашэння, выразнасцю псіхал. характарыстык: помнік М.Чарнышэўскаму (1953) і помнік-бюст А.Радзішчаву (1956) у Саратаве, партрэт (1956) і помнік У.Маякоўскаму (1958; Ленінская прэмія 1959), помнік П.М.Траццякову ў Маскве, С.Ясеніну ў Разані (1975) і інш. Гал. маст. кіраўнік стварэння мемар. комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» (1971). Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951.

А.Кібальнікаў. У.Маякоўскі 1956.

т. 8, с. 244

КІБА́ЛЬЧЫЧ (Мікалай Іванавіч) (31.10.1853, г. Корап Чарнігаўскай вобл., Украіна — 15.4.1881),

расійскі рэвалюцыянер-народнік, вынаходнік. Вучыўся ў Пецярбургскім ін-це інжынераў шляхоў зносін (1871—73) і Медыка-хірург. акадэміі (1873—75). У кастр. 1875 — ліп. 1878 зняволены па абвінавачанні ў рэв. прапагандзе. У канцы 1878 у сувязі з пагрозай новага арышту перайшоў на нелегальнае становішча і ў падп. умовах да вясны 1879 распрацаваў тэхналогію вытв-сці нітрагліцэрыну і дынаміту. Са жн. 1879 агент выканкома «Народнай волі», яе «гал. тэхнік», арганізатар друкарняў і дынамітнай майстэрні. Удзельнік замаху на цара Аляксандра II у Зімнім палацы ў Пецярбургу (люты 1880). Зрабіў бомбу, якой І.Я.Грынявіцкі 13.3.1881 забіў Аляксандра II. 29.3.1881 арыштаваны і прыгавораны да пакарання смерцю. У турме за некалькі дзён да пакарання распрацаваў праект рэактыўнага апарата для палёту чалавека. Імем К. названы кратэр на адваротным баку Месяца.

Літ.:

Серпокрыл С.М. Подвиг перед казнью. Л., 1971.

т. 8, с. 244

КІБА́РДЗІН (Ціхан Васілевіч) (1863, г. Слабадской Кіраўскай вобл., Расія — 1.11.1933),

бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскую АМ (1890). Працаваў у Віцебску (з 1923 губ. архітэктар). Пад яго кіраўніцтвам у 1890 і 1902 распрацаваны генпланы Віцебска, у 1912 кіраваў буд. работамі пры ўзвядзенні помніка героям вайны 1812 (арх. І.Фамін). У канцы 19 — пач. 20 ст. паводле яго праектаў пабудаваны банк, бровар, дрожджавы з-д, казармы 41-й артыл. брыгады, перабудаваны пасля пажару 1887 гар. т-р і бальніца.

Літ.:

Губенка В.М. Дойлід // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1974. № 2.

т. 8, с. 245

КІБЕ́ЛА, Ківева, Дындымена, Ідзейская маці,

Вялікая маці багоў, фрыгійская багіня, увасабленне прадукц. сіл прыроды, чый культ у старажытнасці быў пашыраны ў М. Азіі (тут знаходзілася вобласць Фрыгія, дзе ён нарадзіўся), Грэцыі, з 204 да н.э. ў Рыме. Першапачаткова лічылася суровай уладаркай гор, лясоў і звяроў, рэгулявала іх урадлівасць. У яе гонар жрацы наладжвалі містэрыі з абрадамі, у якіх важную ролю адыгрывалі самакатаванні, абмыванне ў крыві ахвяр і самалягчанне. У Рыме яе культ зліўся з мясц. культам багіні пасеваў і жніва Опс. К. шанавалі як апякунку дабрабыту дзяржавы, якая дорыць людзям усе плады зямлі. Яе ўяўлялі ў выглядзе жанчыны з зубчастай вежападобнай каронай на галаве. Вобраз К. адлюстраваны і развіты ў творах Авідзія і Лукрэцыя.

т. 8, с. 245

КІБЕРНЕ́ТЫКА (ад грэч. kybernētikē майстэрства кіравання),

навука пра агульныя заканамернасці працэсаў кіравання ў складаных дынамічных сістэмах, спосабы атрымання, захоўвання, перадачы і перапрацоўкі інфармацыі. Асн. аб’екты даследаванняў — кібернетычныя сістэмы (напр., аўтам. рэгулятары ў тэхніцы, ЭВМ, мозг чалавека, біял. папуляцыі), якія разглядаюцца абстрактна (незалежна ад іх прыроды). Асн. задача — стварэнне адзінай тэорыі і эфектыўных метадаў кіравання.

Як самаст. навука ўзнікла на аснове прац Н.Вінера, дзе тэрмін «К.» прапанаваны для абазначэння навукі аб кіраванні і сувязі ў машынах і жывых арганізмах, і звязана са стварэннем ЭВМ, здольных запамінаць і апрацоўваць інфармацыю ў адпаведнасці з зададзенай праграмай. Далейшае развіццё атрымала ў працах сав. вучоных АІ.Берга, В.М.Глушкова, А.А.Ляпунова, амер. вучонага К.Э.Шэнана і інш. Падзяляецца на кібернетыку біялагічную, кібернетыку тэхнічную, матэм. К., медыцынскую, эканам. і інш. Грунтуецца на тэорыі імавернасцей, матэм. логіцы, тэорыі сістэм аўтам. кіравання, тэорыі графаў, а таксама тэорыі аўтаматаў, самаарганізавальных сістэм, распазнавання вобразаў і інш. Кібернетычнае (машыннае) мадэляванне і ўвядзенне ў н.-д. практыку ЭВМ дазваляюць вывучаць складаныя сістэмы без пабудавання іх рэальных фіз. мадэлей.

На Беларусі даследаванні ў галіне К. праводзяцца ў Ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, НДІ ЭВМ і інш.

Літ.:

Винер Н. Кибернетика или управление и связь в животном и машине: Пер. с англ. 2 изд. М., 1968;

Ляпунов А.А. Проблемы теоретической и прикладной кибернетики. М., 1980;

Глушков В.М. Кибернетика, вычислительная техника, информатика: Избр. тр. Т. 1—3. Киев, 1990.

В.С.Танаеў.

т. 8, с. 245