КІБА́ЛЬЧЫЧ (Мікалай Іванавіч) (31.10.1853, г. Корап Чарнігаўскай вобл., Украіна — 15.4.1881),
расійскі рэвалюцыянер-народнік, вынаходнік. Вучыўся ў Пецярбургскім ін-це інжынераў шляхоў зносін (1871—73) і Медыка-хірург. акадэміі (1873—75). У кастр. 1875 — ліп. 1878 зняволены па абвінавачанні ў рэв. прапагандзе. У канцы 1878 у сувязі з пагрозай новага арышту перайшоў на нелегальнае становішча і ў падп. умовах да вясны 1879 распрацаваў тэхналогію вытв-сці нітрагліцэрыну і дынаміту. Са жн. 1879 агент выканкома «Народнай волі», яе «гал. тэхнік», арганізатар друкарняў і дынамітнай майстэрні. Удзельнік замаху на цара Аляксандра II у Зімнім палацы ў Пецярбургу (люты 1880). Зрабіў бомбу, якой І.Я.Грынявіцкі 13.3.1881 забіў Аляксандра II. 29.3.1881 арыштаваны і прыгавораны да пакарання смерцю. У турме за некалькі дзён да пакарання распрацаваў праект рэактыўнага апарата для палёту чалавека. Імем К. названы кратэр на адваротным баку Месяца.
Літ.:
Серпокрыл С.М. Подвиг перед казнью. Л., 1971.
т. 8, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)