КЖЫЖАНО́ЎСКІ ((Krzyżanowski) Юльян) (4.7.1892, в. Стаянцы Масціскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 19.5.1976),
польскі літаратуразнавец і фалькларыст. Чл. Польскай АН у Кракаве (1933), Польскай АН (1951), Сербскай АН (1965). Скончыў Ягелонскі ун-т (Кракаў, 1914). У 1930—34 праф. Рыжскага, у 1934—39, 1945—62 — Варшаўскага ун-таў. У 1957—58 выкладаў у Калумбійскім ун-це ў Нью-Йорку. У 1969—73 у Ін-це літ. даследаванняў Польскай АН. Гал. праца — «Гісторыя польскай літаратуры ад старажытнасці да найноўшых часоў» (1969). Аўтар кніг «Паралелі: Параўнаўчыя даследаванні з пагранічча літаратуры і фальклору» (1935), «Польскі неарамантызм 1890—1918» (1963), «Навука пра літаратуру» (1966), манаграфій пра творчасць польск. пісьменнікаў, артыкула пра А.Рыпінскага «Польскі Тыртэй і дзекабрысты» (1954). Праблемам фальклору прысвяціў працы «У свеце народнай казкі» (1980), «Нарысы па фалькларыстыцы» (т. 1—3, 1980). Даследаваў зборнік апрацаваных бел. нар. казак, анекдотаў, апавяданняў з ваколіц Навагрудка «Польскі казачнік» А.Глінскага (т. 1—4, 1853), бел. фалькл. матывы ў творчасці А.Міцкевіча, этымалогію і гісторыю ўжывання прыказак і прымавак, пашыраных у польск. і ўсх.-слав. мовах («Разумнай галаве хопіць двух слоў», т. 1—2, 1958—60). У працы «Польская народная казка ў сістэматызаваным размеркаванні» (т. 1—2, 1947) сістэматызаваў матывы польск. нар. казак, многія з якіх сустракаюцца ў бел. фальклоры. Рэдактар і адзін з аўтараў «Слоўніка польскага фальклору» (1965). Дзярж. прэмія Польшчы 1964.
У.М.Казбярук.
т. 8, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)