Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЛЕ́ШЧАНІЦКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1924—62. Утвораны 17.7.1924 у Барысаўскай акр., з 9.6.1927 да 26.7.1930 у Мінскай акр., з 20.2.1938 у Мінскай вобл. Цэнтр — мяст. Плешчаніцы. 20.8.1924 падзелены на 11 сельсаветаў, на 1.1.1941 меў 13 сельсаветаў. 25.12.1962 раён скасаваны, яго тэрыторыя далучана да Лагойскага р-на.

т. 12, с. 425

ПЛЕШЧАНІ́ЦЫ,

гарадскі пасёлак у Лагойскім р-не Мінскай вобл., на беразе Плешчаніцкага вадасховішча, на перасячэнні аўтамагістралей Барысаў—Вілейка і Мінск—Віцебск. За 27 км ад Лагойска, 67 км ад Мінска, 8,1 тыс. ж. (2000).

Вядомы з 16 ст. як вёска ў Мінскім пав. ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, 50 двароў, цэнтр воласці ў Барысаўскім пав. Мінскай губ. У Айч. вайну 1812 рус. атрад ген. Я.​І.​Чапліца разбіў тут авангард 9-га франц. корпуса маршала К.​Віктора. У 1817 іх уладальнікі Тышкевічы пабудавалі царкву, у 1825—35 працаваў прыгонны тэатр. У 19 ст. ў П. школа, царква, сінагога, бровар, 5 крам, 2 карчмы, 2 разы на год кірмашы. У 1897—1086 ж., нар. вучылішча, паштова-тэлегр. аддзяленне. З 17.7.1924 да 25.12.1962 цэнтр Плешчаніцкага раёна, потым у Лагойскім р-не Мінскай вобл. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі, якія разбурылі пасёлак, у П. і раёне загубілі 2063 чал.; дзейнічала Плешчаніцкае маладзёжнае падполле, партызаны правялі Плешчаніцкую аперацыю 1943. У 1977 6,9 тыс. жыхароў.

Працуюць хлебазавод, птушкафабрыка, гандлёвае і швейнае прадпрыемствы; Плешчаніцкая геафізічная абсерваторыя. 2 сярэднія, муз., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, ПТВ, 3 дашкольныя ўстановы, Дом дзіцячай творчасці, 2 б-кі, бальніца, камбінат быт. паслуг, Дом культуры, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму, брацкая магіла сав. воінаў і партызан, што загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 12, с. 425

ПЛЕ́ШЧЫЦЫ,

вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Пінск—Столін. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на ПдУ ад горада і 13 км ад чыг. ст. Пінск, 184 км ад Брэста, 939 ж., 299 двароў (2000). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі.

т. 12, с. 426

ПЛЕЯ́ДЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі 7 сясцёр, дачок Атланта і акіяніды Плеёны (дачкі Акіяна): Алкіёна, Меропа, Келена, Электра, Стэропа, Тайгета, Мая. Усе былі ў шлюбе з багамі, акрамя Меропы — жонкі Сізіфа. Паводле пашыранага міфа, П., каб выратавацца ад праследаванняў закаханага ў іх паляўнічага Арыёна, папрасілі дапамогі ў багоў. Багі ператварылі П. і Арыёна ў аднайм. сузор’і. Пераноснае значэнне слова «плеяда» — група выдатных людзей.

т. 12, с. 426

ПЛЕЯ́ДЫ (грэч. Pleiades),

Стажары, рассеянае зорнае скопішча ў сузор’і Цяльца. Каля 300—500 зорак блакітнага колеру знаходзяцца ўнутры сферы дыяметрам каля 30 св. гадоў; простым вокам відаць 6 зорак, самая яркая — Альцыёна. Зоркі знаходзяцца ў блакітнаватай газава-пылавой адбівальнай туманнасці, у якой яны ўтварыліся (узрост П. каля 50 млн. гадоў). На небе П. маюць вуглавы памер каля 1,8°. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 407 св. гадоў.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 12, с. 426

ПЛЁНАЧНАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,

1) танкаплёначная тэхналогія — сукупнасць спосабаў атрымання тонкіх плёнак металаў, дыэлектрыкаў і паўправаднікоў пры вырабе элементаў інтэгральных схем, паўправадніковых прылад і інш.

Тонкія плёнкі атрымліваюць фіз. (напр., выпарэннем у вакууме), хім. (эл.-хім. асаджэнне, тэрмічнае вырошчванне, анадзіраванне) і камбінаванымі (тэрмаіоннае і плазмахім. асаджэнне, газавае анадзіраванне) метадамі. Канфігурацыя элементаў мікрасхем ствараецца асаджэннем праз маскі, фоталітаграфіяй, электроналітаграфіяй і інш. спосабамі.

2) Таўстаплёначная тэхналогія — сукупнасць метадаў стварэння праводных, рэзістыўных, дыэл. і ізаляцыйных слаёў (тоўстых плёнак) пры вырабе інтэгральных схем, мантажных плат, токаправодных плёнак на керамічных карпусах інтэгральных схем і інш. Найб. пашыраны трафарэтны спосаб, пры якім плёначныя элементы ствараюцца нанясеннем праз трафарэт слоя спец. пасты з наступнай яе тэрмічнай апрацоўкай.

т. 12, с. 426

ПЛЁНКА кіна- і фатаграфічная,

святлоадчувальны матэрыял, які мае празрыстую гнуткую падложку (аснову) з нанесенай на яе фатаграфічнай эмульсіяй. Найб. пашыраны падложкі з негаручых трыацэтату цэлюлозы і поліэтылентэрэфталату.

Бывае агульнага і спец. прызначэння; негатыўная (гл. Негатыў), пазітыўная (для атрымання фатагр. відарыса з негатыва) і абарачальная (для атрымання фатагр. відарыса спец. апрацоўкай таго ж матэрыялу). Да П. агульнага прызначэння адносяць чорна-белыя і каляровыя для маст. і дакумент. фатаграфіі, якія адчувальныя да ўсіх бачных прамянёў і адрозніваюцца па святлоадчувальнасці (ад 22 да 350 адзінак ДАСТ); да спец. П. — П. для кінематаграфіі, тэхн. фатаграфіі, рэнтгенаўскія, спектральныя і інш.

т. 12, с. 426

ПЛЁНКАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ, плёнкаўтваральнікі,

рэчывы (звычайна алігамеры ці палімеры), здольныя ўтвараць шчыльныя, трывалыя плёнкі пры нанясенні іх на цвёрдую паверхню; асн. кампаненты лакафарбавых матэрыялаў. Паводле паходжання адрозніваюць прыродныя (напр., высыхальныя алеі, смолы прыродныя) і сінтэтычныя. Найб. пашыраны сінт. П.р., на аснове якіх атрымліваюць лакафарбавыя пакрыцці з больш стабільнымі і разнастайнымі характарыстыкамі, чым на аснове прыродных.

Большасць П.в. — рэакцыйназдольныя алігамеры разгалінаванай ці лінейнай будовы (алкідныя, фенола-фармальдэгідныя, меламіна-фармальдэгідныя, поліэфірныя і эпаксідныя смолы, некаторыя супалімеры акрылатаў). У якасці П.р. выкарыстоўваюць таксама параўнальна нізкамалекулярныя (напр., поліакрылаты, хлорзмяшчальныя палімеры) і высокамалекулярныя палімеры (гл. Парашковыя фарбы). Паводле рэакцыйнай здольнасці падзяляюць на П.р. неператваральныя, ці абарачальныя (тэрмапластычныя), якія ўтвараюць плёнку ў выніку выпарэння растваральніку, і ператваральныя, ці неабарачальныя (тэрмарэактыўныя), якія пры фарміраванні пакрыцця ператвараюцца ў сеткавыя палімеры ў выніку рэакцый полікандэнсацыі ці полімерызацыі па функц. групах (гл. Ацвярдзенне палімераў). Выкарыстоўваюць пераважна ў выглядзе раствораў у лятучых арган. растваральніках, водных раствораў і дысперсій.

Літ.:

Сорокин М.Ф., Кочнова З.А., Шодэ Л.Г. Химия и технология пленкообразующих веществ. 2 изд. М., 1989.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 426

ПЛЁНКІ ПАЛІМЕ́РНЫЯ,

суцэльныя слаі палімераў таўшчынёй 0,2—0,3 мм; празрыстыя эластычныя матэрыялы. Вырабляюць пераважна з сінт. палімераў (напр., поліэтылену, полівінілхларыду, поліамідаў), а таксама прыродных (напр., гідратцэлюлозныя плёнкі, найб. вядомы з іх цэлафан) і штучных палімераў, т.зв. эфірацэлюлозныя плёнкі, напр. ацэтатныя. Першыя прамысл. плёнкі выраблены ў 1899 у Вялікабрытаніі з нітратаў цэлюлозы, пазней з цэлафану.

У прам-сці П.п. атрымліваюць экструзіяй расплаваў, з раствораў палімераў: паліваннем на паліраваную паверхню (бясконцая метал. стужка або барабан) з наступным награваннем для выдалення растваральніку (сухое фармаванне) ці пры дапамозе спецсаставаў у асаджальнай ванне (мокрае фармаванне), каландраваннем пластыфікаваных палімераў (гл. Каландр), прасаваннем. Выкарыстоўваюць як упаковачныя і электраізаляцыйныя матэрыялы, аснову кіна- і фотаплёнак, магн. стужак, пакрыццё для цяпліц і парнікоў, для вырабу мембран (гл. Мембранныя метады раздзялення), святлафільтраў, ламінавання паліграфічнай прадукцыі і інш.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 426

ПЛЁС,

больш глыбокі ўчастак рэчышча ракі, размешчаны паміж перакатамі. Звычайна ўтвараецца ў месцах павелічэння скорасці цячэння вады і інтэнсіўнага размывання дна (напр., у выгінах рэк, у звужаных рачных далінах). П. называюць таксама ч. азёр ці вадасховішчаў, адасобленыя астравамі, паўастравамі, косамі.

т. 12, с. 426