Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІ́НСКАЕ ВЫШЭ́ЙШАЕ ВАЕ́ННАЕ ІНЖЫНЕ́РНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА (МВВІВ). Засн. ў 1953 у Гомелі на базе Гомельскага пях. вучылішча як вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча. З 1954 у Мінску. З 1955 Мінскае вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча проціпаветранай абароны, з 1968 — Мінскае вышэйшае інж. зенітнае ракетнае вучылішча проціпаветранай абароны. З 1988 дактарантура (ад’юнктура з 1955). З 1992 МВВІВ. Падрыхтавала больш за 14 тыс. ваен. інжынераў, у т.л. каля 3 тыс. спецыялістаў для краін Еўропы, Азіі, Б.Усходу, Афрыкі і Лац. Амерыкі. У 1995 на базе МВВІВ і Мінскага вышэйшага ваеннага каманднага вучылішча створана Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

МВИЗРУ ПВО — МВВИУ: Ист. очерк, 1978—1993 гг. Мн., 1993.

В.Ц.Осіпаў, В.В.Старыкаў.

т. 10, с. 411

МІ́НСКАЕ ВЫШЭ́ЙШАЕ ВАЕ́ННАЕ КАМА́НДНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА (МВВКВ). Засн. ў 1992 на базе Мінскага ваен.-паліт. агульнавайсковага вучылішча (з 1980). Рыхтавала афіцэраў-камандзіраў для мотастралк., танк., артыл., паветр.дэсантных, інж. войск, а таксама пагран. і ўнутр. войск МУС, у т.л. афіцэраў-псіхолагаў. З 1994 ад’юнктура. У 1995 на базе МВВКВ і Мінскага вышэйшага ваеннага інжынернага вучылішча заснавана Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь.

У.І.Грынюк.

т. 10, с. 411

МІ́НСКАЕ ВЫШЭ́ЙШАЕ ІНЖЫНЕ́РНАЕ ЗЕНІ́ТНАЕ РАКЕ́ТНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА ПРОЦІПАВЕ́ТРАНАЙ АБАРО́НЫ (гл. Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь, а таксама Мінскае вышэйшае ваеннае інжынернае вучылішча).

т. 10, с. 411

МІ́НСКАЕ ВЫШЭ́ЙШАЕ ПРАФЕСІ́ЙНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА ГА́НДЛЮ.

Засн. ў 1994 у Мінску на базе Мінскага сярэдняга прафес.-тэхн. вучылішча № 222 гандлю. На 1-й ступені навучання рыхтуе прадаўцоў і касіраў-кантралёраў. Прымаюцца асобы з базавай (тэрмін навучання 3 гады) і сярэдняй (8—10 мес. навучання) адукацыяй. На 2-й ступені (тэрмін навучання 1 год 6 мес.) рыхтуе эканамістаў і камерсантаў. Навучанне на абедзвюх ступенях дзённае.

т. 10, с. 411

МІ́НСКАЕ ГЕНЕРА́Л-ГУБЕРНА́ТАРСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1831—34 з цэнтрам ў Мінску. У сувязі з паўстаннем 1830—31 у Польшчы Мінская губерня паводле ўказа Сената ад 8.1.1831 была далучана да Беларускага генерал-губернатарства. Пасля таго, як паўстанне пашырылася на Беларусь і Літву (сак.крас. 1831), Мінская губ. паводле ўказа Сената ад 8.4.1831 вылучана ў самаст. генерал-губернатарства; у 1834 М. г.-г. скасавана.

т. 10, с. 411

МІ́НСКАЕ ДО́СЛЕДНАЕ РЫБАПЕРАПРАЦО́ЎЧАЕ КО́МПЛЕКСНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА.

Засн. ў 1973 у Мінску. З 1988 наз. Мінскі холадакамбінат па захаванні, перапрацоўцы і рэалізацыі рыбных тавараў, з 1990 арэнднае прадпрыемства, з 1995 адкрытае акц. т-ва «Рыбакомплекс». Працуюць асн. цэхі: вяндлярны, кулінарны, прэсерва-марынадны, сыравінны і дапаможныя, халадзільныя камеры. Выпускае (1999) больш за 100 найменняў рыбапрадукцыі, у т.л. з марской капусты 7, прэсерваў больш за 30, рыбы халоднага і гарачага вэнджання больш за 50, салёнай рыбы больш за 10 найменняў. Сыравіна завозіцца ў асн. з краін Балтыі і Расіі.

т. 10, с. 412

МІ́НСКАЕ ДУХО́ЎНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,

спецыяльная навуч. ўстанова, якая дае пач. духоўную адукацыю. Засн. ў 1989 у Мінску. Рыхтуе спецыялістаў царк. спеваў (пеўчых, псаломшчыкаў, рэгентаў) для прыходаў Бел. правасл. царквы. Выкладаюцца (1999): біблейская гісторыя, царк. статут, катэхізіс, Святое пісанне, гісторыя царквы, літургіка, псіхалогія царк. зносін, царк.-слав. мова, тэорыя музыкі, сальфеджыо, дырыжыраванне, царк. хар. спевы, чытанне хар. партытур і інш. Прымаюцца асобы ва ўзросце да 35 гадоў з сярэдняй і вышэйшай адукацыяй. Навучанне дзённае.

т. 10, с. 412

МІ́НСКАЕ ЖАНО́ЧАЕ КАМЕРЦЫ́ЙНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА І.І.Самойлы.

Існавала ў 1905—13 у Мінску як прыватная ўстанова. Падпарадкоўвалася Мін-ву гандлю і прам-сці. Навучанне платнае. Тэрмін навучання — 7 гадоў. Вывучаліся: Закон Божы, рус., франц., ням. мовы, арыфметыка, алгебра, геаметрыя, трыганаметрыя, фізіка, заалогія, батаніка, мінералогія, анатомія і фізіялогія, прыродазнаўства, геаграфія, гісторыя, хімія, таваразнаўства, камерц. арыфметыка і геаграфія, бухгалтэрыя, паліт. эканомія, законазнаўства, маляванне, рукадзелле. Закрыта ў 1913.

т. 10, с. 412

МІ́НСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ,

гл. ў арт. Мінскае патрыятычнае падполле.

т. 10, с. 412

МІ́НСКАЕ КА́ПІШЧА,

старажытнаславянскае язычніцкае свяцілішча ў Мінску. Праіснавала да пач. 20 ст. У 2-й пал. 19 ст. ўяўляла сабой абгароджаную з 3 бакоў прамавугольную пляцоўку на беразе р. Свіслач, дзе знаходзіліся 4 культавыя прадметы: гранітны валун Дзед (лічыўся галоўным), вял. дуб Волат, выкладзенае з невял. камянёў вогнішча-зніч Жыжа (агонь), крынічка каля валуна (вада з яе лічылася цудадзейнай). Мясц. жыхары, нягледзячы на афіц. вызнанне хрысціянства, ушаноўвалі М.к. як святое месца. Валуну Дзеду ахвяравалі мёд, малако, віно, палатно; дубу Волату — пераважна ручнікі і стужкі, якія развешвалі на ім на 33 дні (жалуды Волата лічыліся лекавымі), агню (Жыжу) прыносілі жывёльную ахвяру. М.к. абслугоўвалі т.зв. чараўнікі (апошнімі былі бацька і сын Севасцеі), якія прадказвалі лёс, лячылі ад хвароб, налівалі святую ваду з крынічкі, давалі амулеты-абярэгі і г.д. У канцы 1880-х г. у сувязі са святкаваннем 900-годдзя хрысціянства на Русі гар. ўлады паспрабавалі закрыць М.к. як апошнюю апору язычніцтва (было патушана і разбурана вогнішча, спілаваны дуб), але канчаткова гэта зроблена ў пач. 20 ст. Валун Дзед захоўваецца ў Парку камянёў.

т. 10, с. 412