Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЛАНЕ́ТЫ (ад грэч. planētēs блукаючы),

вялікія нябесныя целы, якія абарачаюцца вакол Сонца (ці інш. зоркі), свецяцца іх адбітым святлом і маюць масы недастаткова вял. для таго, каб стаць зоркай. Паміж П. і Сонцам існуе ўзаемнае прыцягненне (гл. Сусветнага прыцягнення закону рух П. вакол Сонца прыблізна апісваецца Кеплера законамі.

Паводле сучасных даных у Сонечнай сістэме 9 вял. П. Паводле фіз, характарыстык адрозніваюць П. зямной групы (Меркурый, Венера, Зямля, Марс), П.-гіганты (Юпітэр, Сатурн, Уран, Нептун) і Плутон, які з 1999 лічыцца вял. П. і астэроідам адначасова. П. зямной групы маюць адносна невял. памеры, значную сярэднюю шчыльнасць, цвёрдыя паверхні, больш ці менш разрэджаныя атмасферы (акрамя Венеры); вярчэнне вакол восі павольнае; знаходзяцца на адносна невял. адлегласцях ад Сонца, таму атрымліваюць ад яго значную колькасць цеплаты. П.-гіганты характарызуюцца значна большымі масамі і памерамі, малой сярэдняй шчыльнасцю (газападобныя, з невял. цвёрдым ядром), хуткім вярчэннем вакол восі, значнай колькасцю спадарожнікаў. У межах Сонечнай сістэмы знаходзіцца вял. колькасць малых планет, ці астэроідаў (асн. частка ў поясе астэроідаў паміж арбітамі Марса і Юпітэра, другая — за арбітай Нептуна, у поясе Койпера). Непасрэдна не выяўлены П., якія б абарачаліся вакол інш. зорак (акрамя Сонца), але атрыманы даныя, якія ўскосна сведчаць пра наяўнасць П. у больш чым 20 зорак. Гл. таксама Касмагонія.

Літ.:

Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ. М., 1984, Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986;

Хаббард У.Б. Внутреннее строение планет: Пер. с англ. М., 1987.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 12, с. 406

ПЛАНЁР (франц. planeur ад planer лятаць),

безматорны кіравальны лятальны апарат, цяжэйшы за паветра. Здольны планіраваць у паветры, ляцець гарызантальна, лунаць і набіраць вышыню. Можа пераадольваць адлегласці больш за 1000 км, дасягаць вышыні 14 км; скорасць палёту — да 250 км/гадз. П. падымаюць у паветра самалётам ці пускаюць яго са схілу гары і ён набывае скорасць для стварэння падымальнай сілы крыла. Працягласць палёту ў спакойным паветры залежыць ад вышыні, на якую падняты П. Вырабляюць з лёгкіх сплаваў металаў і пластмас масай да 500 кг. Выкарыстоўваюцца пераважна ў спорце і навуч. практыцы пілатавання.

Планёр «Янтар 2» (Польшча).

т. 12, с. 406

ПЛАНЁРНЫ СПОРТ,

палёты і спаборніцтвы на планёрах; від. авіяц. спорту, адзін з тэхнічных відаў спорту. У праграмы спаборніцтваў уваходзяць палёты: скарасныя па трохвугольных маршрутах на адлегласць 100, 200, 300 і 500 км; на далёкасць да намечанага пункта з вяртаннем на старт; на далёкасць з пасадкай у канечным пункце; на т.зв. адкрытую далёкасць па прамой і на далёкасць з праходам 1 ці 2 паваротных пунктаў; дасягненне абс. вышыні палёту. Спаборніцтвы праводзяцца на планёрах стандартнага (крыло даўж. да 15 м) і адкрытага (больш за 15 м) класаў.

П.с. узнік у канцы 19 — пач. 20 ст. Заснавальнік О.Ліліенталь. У Расіі першыя гурткі планерыстаў узніклі ў 1900-х г. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1948, раз у 2 гады. Планёрная камісія створана пры Міжнар. авіяц. федэрацыі ў 1950. Найб. развіты П.с. у Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Польшчы, Расіі, Францыі.

На Беларусі П.с. развіваецца з канца 1930-х г. Сярод бел. спартсменаў А.​Белякоў, чэмпіён СССР і 6-й Спартакіяды народаў СССР (1975); І.​Баркоўская, чэмпіёнка СССР (1978); А.​Дзятлаў, чэмпіён свету (1994); А.​Каўшырка, рэкардсмен свету і СССР па скорасці палёту для 2-месных планёраў (1963).

т. 12, с. 406

ПЛАНЁРСКАЕ, Кактэбель (да 1944 і з 1993),

прыморскі кліматычны курорт у Крыме (Украіна). Размешчаны каля ўсх. падножжа горнага масіву Карадаг, на беразе Кактэбельскай бухты Чорнага мора, на ПдЗ ад г. Феадосія. Асн. прыродны лек. фактар — сухі клімат субтропікаў. Пансіянат, турбаза, Дом творчасці, дом-музей М.А.Валошына (жыў у П. у 1917—32).

т. 12, с. 406

ПЛАНІГРА́ФІЯ (лац. planum паверхня + ...графія) у археалогіі, апісанне паверхні зямельнага ўчастка археал. помніка. Праводзіцца з мэтай вызначэння адначасова існаваўшых западзін, штучных насыпаў, рэшткаў пабудоў, месцаў рознага функцыян. прызначэння (жытлаў, майстэрняў, магіл, культавых месцаў, ям для адходаў і інш.) і збору матэрыялу па аб’ектах. Вывучаецца і складаецца асобна на кожным гарызонце або пласце помніка.

У.​Ф.​Ісаенка.

т. 12, с. 407

ПЛАНІМЕ́ТР (ад лац. planum плоскасць + метр),

механічная прылада для вымярэння плошчы плоскіх фігур адвольнай формы. Адрозніваюць П. палярныя (найб. пашыраны; прапанаваны ням. вучоным Я.​Амслерам у 1854), лінейныя і радыяльныя. Прынцып дзеяння палярнага П. заснаваны на аднакратным абходзе абвадным штыфтам уздоўж контуру фігуры. Плошча фігуры роўная рознасці паказанняў лічыльніка да і пасля завяршэння поўнага абходу. Дакладнасць вымярэння залежыць ад дакладнасці выканання вымяральных аперацый (ад 5 да 10%).

Палярны планіметр: 1 — адліковы барабан, 2 — абвадны штыфт.

т. 12, с. 407

ПЛАНІМЕ́ТРЫЯ (ад лац. planum плоскасць + ...метрыя),

раздзел геаметрыі, які вывучае ўласцівасці фігур, размешчаных у адной плоскасці. Поўнае і сістэматызаванае выкладанне П. ўпершыню прыведзена ў «Асновах» Эўкліда (гл. Эўклідава геаметрыя).

т. 12, с. 407

ПЛАНІ́НЫ (ад балг., сербахарвацкага, славенскага планіна — гара, горны ланцуг, горная паша),

тое, што Паланіны.

т. 12, с. 407

ПЛАНІРО́ВАЧНЫЯ РАБО́ТЫ,

від земляных работ па выраўноўванні мезарэльефу (паверхняў з ваганнем адносных вышынь да 5 м пры дзесятках метраў працягласці) і мікрарэльефу (форм вышынёй да 1 м і дыяметрам да 30 м), па наданні паверхні зямлі патрэбнага нахілу. Уключаюць паверхневую планіроўку с.-г. зямель, планіроўку адхонаў гідратэхн. збудаванняў (ГТЗ) і горнапланіровачныя работы.

Планіроўка паверхні меліяраваных зямель скіравана на ўтварэнне выраўнаваных па рэльефе і аднародных па ўрадлівасці палёў. Уключае зараўноўванне траншэй, вадацёкаў, выемак, зрэзку бугроў, раздзелку пласта, планіроўку мікрарэльефу, пазней ліквідацыю прасадак, ям і інш. Работы выконваюць экскаватарамі, бульдозерамі, скрэперамі, хмызнякова-балотнымі плугамі, даўгабазавымі прычапнымі планіроўшчыкамі. Планіроўка адхонаў ГТЗ — адна з асн. аперацый пры буд-ве каналаў, плацін і дамбаў. Робіцца адхонапланіроўшчыкамі, экскаватарамі з каўшом-планіроўшчыкам, грэйдэрамі і бульдозерамі. Горна-планіровачныя работы ажыццяўляюцца пры аднаўленні парушаных зямель, разраўноўванні адвалаў і выемак (перамяшчэнні парод да дасягнення патрэбнага нахілу). Уваходзяць у пачатковы цыкл работ па рэкультывацыі зямель.

В.​М.​Кандрацьеў.

т. 12, с. 407

ПЛАНІРО́ЎШЧЫК,

машына для планіроўкі (выраўноўвання) с.-г. зямель і адхонаў меліярац. каналаў. Бываюць прычапныя, паўпрычапныя і навясныя, доўга- і кароткабазавыя.

П.-выраўноўвальшчыкі прызначаны для паслойнай планіроўкі зямель пры буд-ве меліярац. сістэм, культуртэхнічных работах і інш. П. каўшовыя — для планіроўкі паверхні меліяраваных зямель зразаннем грунту на ўзвышэннях і перамяшчэннем яго ў паніжэнні; бываюць з мех., гідраўл. і электрагідраўл. прыводам, з капірнай і бескапірнай сістэмамі аўтаматыкі, рабочы орган — бяздонны коўш. П. адхонаў — навясныя рабочыя органы да трактароў. П.-рыхліцелі актыўнага дзеяння робяць планіроўку, рыхленне і прыкочванне паверхняў адхонаў перад гідрасяўбой траў, навешваюцца на каналаачышчальнік; П. пасіўнага дзеяння выпускаюцца як зменныя рабочыя органы да бульдозераў.

На Беларусі выкарыстоўваюцца П.-рыхліцелі актыўнага дзеяння і паўпрычапныя каўшовыя П. канструкцыі Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства (умяшчальнасць каўша 3,5 м³).

В.​М.​Кандрацьеў.

Планіроўшчыкі: а — многаадвальны (1 — колавыя цялежкі, 2 — гідрацыліндры кіравання, 3 — адвалы); б — каўшовы (1 — колавыя цялежкі, 2 — планіравальныя элементы, 3 — гідрацыліндры кіравання, 4 — адвал); в — кароткабазавы канструкцыі БелНДІМіЛ (1 — рама навясная, 2 — апора, 3 — коўш, 4 — колавая цялежка).

т. 12, с. 407