ВАЛАГО́ДСКІЯ КАРУ́НКІ,
від рус. карункаў, плеценых на каклюшках (драўляных палачках); пашыраны ў Валагодскай вобл. Расіі. Плаўная лінія, якая ўтварае ўзор, не перарываецца, не перакрыжоўваецца і выступае ў выглядзе выплеценай тасьмы на фоне тонкай ажурнай «рашоткі». Карункапляценне тут пачало складвацца ў 16—17 ст., як промысел аформілася на пач. 19 ст. У 1968 створана аб’яднанне «Сняжынка». Да 1940-х г. пераважалі мерныя карункі для аздобы бялізны, пазней асн. прадукцыяй сталі адзінкавыя вырабы — посцілкі, сурвэткі, фіранкі з геаметрычным і раслінным узорамі; святочныя дэталі жан. адзення — каўнерыкі, жабо і інш., а таксама унікальныя выставачныя ўзоры. Валагодскія карункі адзначаны ў Парыжы залатым медалём (1925) і «Гран-пры» (1937), залатым медалём у Бруселі (1958).
Літ.:
Попова О.С., Каплан Н.И. Русские художественные промыслы. М., 1984.
т. 3, с. 470
ВАЛАДА́Р ГЛЕ́БАВІЧ,
князь менскі, магчыма, і гарадзецкі. Сын менскага кн. Глеба Усяславіча. Працягваў барацьбу менскіх князёў за ўстанаўленне дамінуючага становішча Менска ў Полацкай зямлі. У 1158 (паводле інш. крыніц у 1159) выступіў з братамі ў паход супраць полацкага кн. Рагвалода Барысавіча. У 1161 (1162) знаходзіўся ў Гарадцы (месцазнаходжанне не высветлена), разам з Літвою разбіў войска Рагвалода. У 1167 выступіў супраць полацкага кн. Усяслава Васількавіча і заняў полацкі трон, заключыўшы дагавор з вечам. Затым накіраваўся ў Віцебск, куды ўцёк Усяслаў, але, даведаўшыся, што на дапамогу віцябчанам ідзе смаленскі кн. Раман, вярнуўся ў свае землі.
Г.В.Штыхаў.
т. 3, с. 470
ВАЛАДЗЬКО́ Іван Іосіфавіч
(14.3.1895, в. Плябанцы Мінскага р-на — 24.3.1984),
бел. архітэктар. Канд. архітэктуры (1966). Скончыў Маскоўскі вышэйшы маст.-тэхн. ін-т (1928). З 1929 у праектных арг-цыях Мінска (у 1933—44 — у праектных установах Масквы). З 1957 у НДІ буд-ва і архітэктуры АН Беларусі, у 1963—73 Бел.НДІПгорадабудаўніцтва. Работы ў Мінску: 112-кватэрны жылы дом на вул. Маскоўскай (1932, у сааўт.), Мінскай гідраметэаралагічнай абсерваторыі будынак (1934), Літ. музей Я.Купалы (1959, у сааўт.); у г. Рэчыца — бальніца (1933). Сярод інш. работ: павільён СССР на міжнар. кірмашы ў Страсбургу (Францыя, 1929), жылыя, грамадскія і прамысл. пабудовы ў Маскве (1935—37).
т. 3, с. 470
ВАЛАДЗЬКО́ Леанід Вікенцьевіч
(2.1.1928, в. Баравое Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 29.9.1978),
бел. фізік. Акад. АН Беларусі (1977, чл.-кар. 1969), д-р фізіка-матэм. н. (1966), праф. (1967). Засл. дз. нав. Беларусі (1971). Скончыў БДУ (1953). З 1956 у БДУ (з 1966 прарэктар па навук. рабоце). Навук. працы па малекулярнай спектраскапіі і люмінесцэнцыі. Распрацаваў пытанні расшыфроўкі і інтэрпрэтацыі спектраў уранілавых злучэнняў, прапанаваў метад стат. рэгістрацыі кінетыкі люмінесцэнцыі. Дзярж. прэмія Беларусі 1974.
Тв.:
Ураниловые соединения. Мн., 1981 (разам з А.І.Камяком, Дз.С.Умрэйкам).
т. 3, с. 470
ВАЛАДЗЬКО́ Уладзімір Фёдаравіч
(н. 27.9.1951, в. Марозавічы Пінскага р-на),
бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н. (1993), праф. (1995). Віцэпрэзідэнт Бел. акадэміі адукацыі (з 1994). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1977). Працаваў у НДІ прафтэхадукацыі. З 1990 нам. дырэктара, з 1993 — дырэктар Нац. ін-та адукацыі. З 1995 нам. міністра адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь. Даследуе праблемы тэорыі, метадалогіі, методыкі выхавання. Навуковы кіраўнік даследаванняў сац.-псіхал. рэабілітацыі дзяцей Чарнобыльскай зоны (1993—95). Аўтар «Канцэпцыі выхавання ў нацыянальнай школе Беларусі» (1993), працы «Рэформа адукацыі і выхавання» (1995) і інш.
т. 3, с. 470
ВАЛАДКО́ВІЧ Феліцыян Піліп
(1697—1778),
уніяцкі царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай. З 1730 епіскап холмскі і бэлзскі, з 1753 каад’ютар (памочнік-намеснік) мітрапаліта кіеўскага Ф.Грабніцкага, з 1756 епіскап уладзімірскі (г. Уладзімір-Валынскі). У 1762—78 мітрапаліт кіеўскі. Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі спрабаваў абвінаваціць В. ў злоўжываннях. Нягледзячы на заяву папскага прастолу пра невінаватасць Валадаковіча (1770), нападкі на яго з боку каралеўскай улады працягваліся да канца жыцця.
т. 3, с. 470
ВАЛАДКО́ВІЧЫ,
Валадкевічы, дзяржаўныя дзеячы ВКЛ з роду герба «Радван». Верагодна, паходзяць ад шляхціца з Віленскага пав. Каспара Мікалаевіча Валадовіча, сыны якога Марцін і Рыгор у 1567 ставілі ў войска ВКЛ 2 коннікаў з маёнтка Геранёны Ашмянскага пав.; Марцін згадваецца і сярод шляхты Менскага пав. Найб. вядомыя:
Марцін (згадваецца ў 1567—82), пісар земскі, суддзя земскі і гараднічы менскі (1582). Меў сына Адама і дачку Палонію, якая была жонкаю кн. П.Друцкага-Горскага. Марцін, верагодна, сын Адама. Суддзя земскі менскі (1628). Крыштоф (1600 ? — 1670), пісар земскі менскі, ваявода новагародскі (1658). У 1645 другі шлюб узяў з княжной Альжбетай з роду Друцкіх-Саколінскіх (памерла ў 1653). Яго дачка Соф’я Канстанцыя ў 1652 выйшла замуж за маршалка ВКЛ кн. А.Палубінскага. Марцін Казімір, гараднічы і падстароста менскі (1649). Яго нашчадкамі, напэўна, былі Валадковічы, якія ў 2-й пал. 17—18 ст. займалі розныя пасады ў Менскім пав. Магчыма, да гэтага роду адносіліся Валадковічы: Сенька, які ў канцы 15 — пач. 16 ст. служыў князям Мсціслаўскім і атрымаў ад іх вёскі Касмынічы і Філіпаўшчыну; Павел, які ў 1582 з сынам Васілём служыў удаве кн. Ю.Ю.Слуцкага Кацярыне з Тэнчынскіх; Рыгор, полацкі шляхціц, згадваецца ў 1582; Дзям’ян (памёр да 1582), жонкай якога была Палонія Лядская. У Жамойціі існаваў род Валадковічаў герба «Лебедзь».
В.Л.Насевіч.
т. 3, с. 470
ВАЛАДО́СЬ Аркадзь Лявонавіч
(н. 1.3.1943, в. Какошчыцы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
французскі спявак (барытон). Вучыўся ў Беларускай кансерваторыі (1965—69), скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1970). З 1969 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. З 1980 у Парыжы. Выступае на вял. оперных сцэнах свету (Масква, Мілан, Парыж, Берлін, Лейпцыг, Дрэздэн, Стакгольм, Вашынгтон, акадэмія «Санта-Чэчылія»). Сярод партый: Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Анегін, Ялецкі і Томскі («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Шаклавіты («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Напалеон («Вайна і мір» С.Пракоф’ева), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), Набука, Рыгалета, Радрыга, Аманасра («Набука», «Рыгалета», «Дон Карлас», «Аіда» Дж.Вердзі). На бел. сцэне выканаў партыі Гразнога і Анегіна (1994) у спектаклях Дзярж. т-ра оперы і балета, выступаў у канцэртах Бел. філармоніі.
А.А.Саламаха.
т. 3, с. 471
ВА́ЛАК
(Vallak) Пээт (сапр. Педаяс Пеэтэр; 23.6.1893, вол. Валцвяціс Пярнускага р-на, Эстонія — 17.3.1959),
эстонскі пісьменнік. Майстар навелы. Вучыўся жывапісу ў Тарту і Пецярбургу. Друкаваўся з 1908. Першая кніга — камедыя «Кашмары» (1924). У кнігах навел (усіх 9) «Чорны крыж» (1925), «Бунт мазгоў» (1926), «Самасуд» (1932), «Справы навыварат» (1935) і інш., рамане «Бадзяга» (1927) — паўсядзённая рэчаіснасць, жыццё і характары абяздоленых людзей тагачаснай Эстоніі, напружаны драматызм, спалучэнне элементаў фантастыкі і рэалізму.
Тв.:
Рус. пер. — Рассказы. М., 1968;
Повести и рассказы. Л., 1984.
т. 3, с. 471
ВАЛАКАЛА́МСК,
горад у Расійскай Федэрацыі, цэнтр раёна ў Маскоўскай вобл. Вядомы з 1135. 18,0 тыс. ж. (1994). Чыг. станцыя. Металаапрацоўка, лёгкая, харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Гіст.-краязнаўчы музей. Васкрасенскі сабор (1462—94), царква Раства Багародзіцы на Вазьмішчы (1535), за 25 км ад горада Іосіфа-Валакаламскі манастыр (1479). Каля Валакаламска (в. Дубасекава) мемарыял на месцы подзвігу герояў-панфілаўцаў у Вял. Айч. вайну.
т. 3, с. 471