ВАЛАДКО́ВІЧЫ,

Валадкевічы, дзяржаўныя дзеячы ВКЛ з роду герба «Радван». Верагодна, паходзяць ад шляхціца з Віленскага пав. Каспара Мікалаевіча Валадовіча, сыны якога Марцін і Рыгор у 1567 ставілі ў войска ВКЛ 2 коннікаў з маёнтка Геранёны Ашмянскага пав.; Марцін згадваецца і сярод шляхты Менскага пав. Найб. вядомыя:

Марцін (згадваецца ў 1567—82), пісар земскі, суддзя земскі і гараднічы менскі (1582). Меў сына Адама і дачку Палонію, якая была жонкаю кн. П.Друцкага-Горскага. Марцін, верагодна, сын Адама. Суддзя земскі менскі (1628). Крыштоф (1600 ? — 1670), пісар земскі менскі, ваявода новагародскі (1658). У 1645 другі шлюб узяў з княжной Альжбетай з роду Друцкіх-Саколінскіх (памерла ў 1653). Яго дачка Соф’я Канстанцыя ў 1652 выйшла замуж за маршалка ВКЛ кн. А.Палубінскага. Марцін Казімір, гараднічы і падстароста менскі (1649). Яго нашчадкамі, напэўна, былі Валадковічы, якія ў 2-й пал. 17—18 ст. займалі розныя пасады ў Менскім пав. Магчыма, да гэтага роду адносіліся Валадковічы: Сенька, які ў канцы 15 — пач. 16 ст. служыў князям Мсціслаўскім і атрымаў ад іх вёскі Касмынічы і Філіпаўшчыну; Павел, які ў 1582 з сынам Васілём служыў удаве кн. Ю.Ю.Слуцкага Кацярыне з Тэнчынскіх; Рыгор, полацкі шляхціц, згадваецца ў 1582; Дзям’ян (памёр да 1582), жонкай якога была Палонія Лядская. У Жамойціі існаваў род Валадковічаў герба «Лебедзь».

В.Л.Насевіч.

т. 3, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)