Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МІЛІГРА́М (ад мілі... + грам),

дольная адзінка масы. Пазначаецца мг. 1 мг = 10​−3 г, = 10​−6 кг.

т. 10, с. 372

МІЛІГУ́ЛА (Мікалай Паўлавіч) (н. 7.11.1936, Мінск),

бел. спартсмен і трэнер (спарт. гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1968). Засл. трэнер Беларусі (1979). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1959). У 1954—86 спартсмен-інструктар ЦСКА, выкладчык Вышэйшага інж.-зенітнага ракетнага вучылішча (Мінск); у 1986—91 трэнер нац. каманды Беларусі па спарт. гімнастыцы. У 1977—80 старшыня Федэрацыі гімнастыкі Беларусі. Сярэбраны прызёр XVII Алімл. гульняў (1960, Рым) у камандным першынстве. Чэмпіён СССР (1960) у практыкаваннях на брусах. Шматразовы чэмпіён Беларусі (1955—67). Сярод выхаванцаў — Н.Кім, А.​Малееў (сярэбраны прызёр XX Алімп. гульняў, 1972). З 1991 у ЗША, трэнер па гімнастыцы.

т. 10, с. 372

МІЛІ́ДАЎСКАЯ ГАРА́.

На паўн. ускраіне в. Мілідаўшчына Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.; найвышэйшы пункт Ашмянскага ўзвышша. Выш. 320 м. Складзена з марэннага суглінку, валуннага галечніку і пяскоў, у ніжняй і сярэдняй ч. покрыва з пылаватых суглінкаў. Вяршыня з выпуклымі схіламі, стромкасць якіх на ПнЗ да 35°, на Пд — да 10°. Глебы дзярнова-падзолістыя. Прывяршынная ч. ўкрыта лесам, сярэдняя і ніжняя пад ворывам.

т. 10, с. 372

МІ́ЛІКЕН ((Millikan) Роберт Эндрус) (22.3.1868, г. Морысан, штат Ілінойс, ЗША — 19.12.1953),

амерыканскі фізік-эксперыментатар. Чл. Нац. АН ЗША (1915). Замежны чл.-кар. АН СССР (1924). Вучыўся ў Калумбійскім і Чыкагскім ун-тах (д-р філасофіі, 1895). З 1896 у Чыкагскім ун-це (з 1910 праф.), у 1921—45 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це. Навук. працы па атамнай фізіцы, спектраскапіі і фізіцы касм. прамянёў. З вял. дакладнасцю вызначыў зарад электрона (1910—13), эксперыментальна праверыў квантавую тэорыю фотаэфекту і ўпершыню вызначыў пастаянную Планка (1914). Выканаў грунтоўныя даследаванні па высвятленні прыроды касм. прамянёў (1921—22). Адкрыў незалежна ад С.М.Вярнова шыротны эфект касм. прамянёў у стратасферы. Нобелеўская прэмія 1923.

Тв.:

Рус. пер. — Электроны (+ и -), протоны, фотоны, нейтроны и космические лучи. М.; Л., 1939.

Літ.:

Кудрявцев П.С. История физики. 2 изд. М., 1971. Т. 3. С. 121—126.

А.​І.​Болсун.

Р.Мілікен.

т. 10, с. 372

МІЛІМЕ́ТР (ад мілі... + метр),

дольная адзінка даўжыні. Пазначаецца мм. 1 мм = 10​−3 м.

т. 10, с. 372

МІЛІМЕ́ТР ВАДЗЯНО́ГА СЛУПА́ устарэлая пазасістэмная адзінка ціску, роўная гідрастатычнаму ціску слупа вады вышынёй 1 мм на плоскую аснову пры т-ры 0 °C. Пазначаецца мм вадз. сл. 1 мм вадз. сл. = 9,80665 Па = 7,3556 10​−2 мм рт. сл. Выкарыстоўвалася пры вымярэнні ціску вадзянымі манометрамі.

т. 10, с. 372

МІЛІМЕ́ТР РТУ́ТНАГА СЛУПА́,

устарэлая пазасістэмная адзінка ціску, роўная гідрастатычнаму ціску слупа ртуці вышынёй 1 мм на плоскую аснову пры т-ры 0 °C. Пазначаецца мм рт. сл. 1 мм рт. сл. = 133,322 Па = 13,5951 мм вадз. сл. Выкарыстоўвалася для вымярэння атм. ціску.

т. 10, с. 372

МІЛІМІКРО́Н,

устарэлая назва дольнай адзінкі даўжыні, роўнай 10​−9 м. Заменена нанаметрам.

т. 10, с. 372

МІЛІТАРЫЗА́ЦЫЯ,

падпарадкаванне эканам., паліт. і грамадскага жыцця краіны мэтам мілітарызму.

т. 10, с. 372

МІЛІТАРЫ́ЗМ (ад лац. militaris ваенны),

сістэма палітычных, эканамічных і ідэалагічных сродкаў, арыентаваных на нарошчванне ваен. моцы дзяржавы, стварэнне ваен.-паліт. блокаў, узмацненне ў грамадстве ролі ўзбр. сіл, ваен.-прамысл. комплексаў (ВПК) і звязаных з імі ін-таў і арг-цый.

Як сацыяльная з’ява М. узнік ва ўмовах пераходу першабытнаабшчыннага ладу ў рабаўладальніцкі. З цягам часу паліт., эканам. і інш. грамадскія адносіны ўсё больш замацоўваліся насіллем, у т. л. ўзброеным, расло значэнне мілітарысцкай палітыкі ў міжнар. адносінах (тэрмін «М.» з’явіўся ў сярэдзіне 19 ст.). Мілітарысцкая палітыка шэрагу дзяржаў прывяла ў 20 ст. да 2 сусв. і больш як 300 лакальных войнаў, у час якіх загінула каля 100 млн. чал. Да 1970-х г. у выніку гонкі ўзбраенняў ядзерныя арсеналы вядучых дзяржаў свету шматразова перасягнулі т.зв. ўзровень «непрымальнай шкоды» (сукупная ядзерная магутнасць 400 Мт дастатковая для знішчэння ​1/3 насельніцтва і ​1/2 прамысл. патэнцыялу буйной краіны). Новая стратэг. сітуацыя, якая атрымала назву «ўзаемнага гарантаванага знішчэння», а таксама шэраг інш. вынікаў мілітарызацыі, звязаных гал. чынам з узмацненнем яе негатыўных сац. бакоў (разбурэнне эканомікі, ускладненне экалагічных праблем, пагроза псіхіцы чалавека і інш.) прымусілі найб. моцныя ядзерныя дзяржавы да заключэння шэрагу пагадненняў (дагавораў) пра абмежаванне стратэг. наступальных узбраенняў, сістэм проціракетнай абароны і інш., а таксама па папярэджванні развіцця М. ў грамадстве. У сучасных умовах ядро М. ў большасці дзяржаў складаюць іх узбр. сілы з адпаведнай інфраструктурай, базай камплектавання, сістэмай кіравання і ідэалаг. забеспячэння. Суб’ектамі мілітарызацыі з’яўляюцца таксама ваен.-паліт. блокі і іх органы кіравання. Важным звяном М. з’яўляюцца навук. і даследчыя цэнтры, грамадскія арг-цыі, якія дзейнічаюць у інтарэсах ВПК, і інш. М. ўласціва гонка ўзбраенняў, рост ваен. бюджэтаў, нарошчванне ваен. прысутнасці па-за межамі сваіх краін, стварэнне і пашырэнне ваен.-паліт. блокаў, агрэсіўныя паводзіны ў адносінах да інш. дзяржаў, а таксама ўзмацненне ўплыву ВПК на эканоміку, палітыку, ідэалогію, выкарыстанне ўзбр. сіл у інтарэсах груповак, якім належыць улада, і інш. М. з’яўляецца апорнай базай аўтарытарных і таталітарных паліт. рэжымаў.

Да пач. 1990-х г. у сувязі з шэрагам геапалітычных фактараў (ваен.-паліт. процістаянне СССР і ЗША і інш.), а таксама з прычыны вываду шэрагу часцей, злучэнняў і аб’яднанняў Узбр. Сіл СССР з Германіі, Польшчы, Венгрыі і Чэхаславакіі ў зах. рэгіёны СССР мілітарызацыя тэр. Беларусі значна павялічылася. Пасля атрымання незалежнасці Рэспубліка Беларусь пачала раззбраенне, канверсію, рэфармаванне Узбр. Сіл і ваенна-прамысл. комплексу. Упершыню ў сусв. гісторыі бяз’ядзерны статус атрымала краіна, на тэр. якой знаходзіўся вял. ядзерны арсенал і значны патэнцыял М.

Літ.:

Рыбкин Е.И. Война и политика в современную эпоху. М., 1973;

Денисов В.В. Социология насилия. М., 1975;

Космическое оружие: Дилемма безопасности. М., 1986;

История войн. Т. 1—3. Ростов н/Д, 1997;

Каурин М.И. Наш ориентир — профессионалы // Армия. 1996. № 1.

Р.​Ч.​Лянькевіч, В.​М.​Пташнік.

т. 10, с. 372