Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПІФАГО́РАВЫ ЛІ́КІ,

тройкі такіх натуральных лікаў, што трохвугольнік, даўжыні старон якога прапарцыянальныя (ці роўныя) гэтым лікам, з’яўляецца прамавугольным. Па тэарэме, адваротнай Піфагора тэарэме, для гэтага дастаткова, каб яны задавальнялі дыяфантава ўраўненне x​2 + y​2 = z​2; напр., лікі x=3, y=4, z=5 і x=5, y=12, z=13.

т. 12, с. 393

ПІФАГО́РА ТЭАРЭ́МА,

тэарэма элементарнай геаметрыі, што вызначае сувязь паміж даўжынямі старон прамавугольнага трохвугольніка: квадрат гіпатэнузы роўны суме квадратаў катэтаў. Правільная і тэарэма, адваротнай П.т.: калі квадрат стараны трохвугольніка роўны суме квадратаў дзвюх інш. яго старон, тады гэты трохвугольнік прамавугольны.

Мяркуюць, што П.т. была вядома да Піфагора, але яму прыпісваюць доказ гэтай тэарэмы ў агульным выглядае. У першапачатковай форме вызначала суадносіны паміж адпаведнымі плошчамі: квадрат, пабудаваны на гіпатэнузе, роўнавялікі суме квадратаў пабудаваных на катэтах. У матэм. запісе: c​2 = a​2 + b​2.

Да арт. Піфагора тэарэма.

т. 12, с. 393

ПІ́ФАС (грэч. pithos),

вялікая гліняная пасудзіна, пашыраная ў крыта-мікенскую і антычную эпохі для захоўвання збожжа і інш. гасп. прыпасаў. П. мелі яйцападобную форму і ў вышыню дасягалі 1,5—2 м. Эгейскія П. ўпрыгожвалі рэльефным фрызападобным арнаментам. Звычайна П. укопвалі ў глебу і зверху клалі на яго каменную ці гліняную накрыўку.

т. 12, с. 393

ПІФЕ́Й,

старажытнагрэчаскі мараплавец, астраном, матэматык і географ 4 ст. да н.э.; гл. Пітэас.

т. 12, с. 393

ПІФІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

агульнагрэчаскія святы і спаборніцтвы пры храме Апалона Піфійскага ў Дэльфах (Стараж. Грэцыя); другія па значэнні пасля Алімпійскіх гульняў. Паводле падання, засн. Апалонам пасля перамогі над змеем Піфонам. Першапачаткова адбываліся 1 раз у 8 гадоў і складаліся з муз. спаборніцтваў. Каля 582 да н.э. ў П.г. былі ўключаны спаборніцтвы атлетаў і спаборніцтвы на калясніцах; прамежак паміж гульнямі скарочаны да 4 гадоў. Пераможцаў узнагароджвалі лаўровым вянком. П.г. спыніліся, верагодна, у канцы 4 ст. н.э.

т. 12, с. 393

ПІ́ФІЯ,

старажытнагрэчаская жрыца-прадказальніца ў храме Апалона ў Дэльфах, які таксама наз. Дэльфійскім або Піфійскім аракулам (лац. oraculum, грэч. manteion прароцтва бажаства і месца, дзе яно даецца). П. сядзела на трыножніку і ў стане экстазу адказвала на пытанні, з якімі да яе звярталіся прадстаўнікі дзяржаў і грамадзяне. Адказы П. (часта цьмяныя і двухсэнсоўныя), перакладзеныя жрацамі ў вершаванай форме, лічыліся прадказаннямі (аракуламі) самога Апалона.

т. 12, с. 393

ПІФО́Н,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі народжаны багіняй падземнага царства Геяй пачварны дракон, які ахоўваў каля г. Дэльфы аракул Геі. Апалон забіў П. стралой (адсюль Апалон Піфійскі) і заснаваў на тым месцы свой аракул (Піфійскі, або Дэльфійскі аракул), дзе ад яго імя прадказвала Піфія. З нагоды перамогі над П. Апалон, паводле міфа, заснаваў Піфійскія гульні. Ад імя П. паходзіць другая назва г. Дэльфы — Піфо.

т. 12, с. 393

ПІ́ХТА (Abies),

род голанасенных раслін сям. хваёвых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў гарах, радзей на раўнінах Паўн. паўшар’я, некат. віды — у трапічным поясе (горы Мексікі і Гватэмалы). Расце разам з елкай і інш. дрэвамі ці ўтварае чыстыя дрэвастоі (піхтарнікі), адна з асн. парод цемнахвойнай тайгі. На Беларусі 1 цэнтр.-еўрапейскі рэліктавы від — П. белая або еўрапейская (A. alba), занесены ў Чырв. кнігу. Ізалявана трапляецца ў Белавежскай пушчы.

Аднадомныя вечназялёныя дрэвы выш. 50—100 м, дыяметр ствала да 2 м з густой конусападобнай кронай. Жывуць да 200, некат. да 500—700 гадоў. Кара ўсіх відаў мае смалу. Ігліца шматгадовая, плоская, лінейная, мяккая, з 2 белаватымі палоскамі вусцейкаў на ніжнім баку. Жаночыя шышкі (зялёныя або чырванаватыя) і мужчынскія каласкі размешчаны на канцы леташніх парасткаў у верхняй ч. кроны. Спелыя шышкі цыліндрычныя, прамастойныя, фіялетавыя або карычневыя. Выспяваюць у 1-ы год і рассыпаюцца. Семя з крыльцам. Драўніна выкарыстоўваецца ў буд-ве, вытв-сці цэлюлозы і дробных вырабаў. З кары паўночнаамерыканскай П. бальзамічнай (A. balsamea) атрымліваюць канадскі бальзам, з найб. пашыранай П. сібірскай (A. sibirica) — піхтавы бальзам, з ігліцы і маладых галінак — піхтавы алей. Лек., тэхн., дэкар. расліны.

А.​Дз.​Антанюк.

Піхта сібірская: 1 — агульны выгляд; 2 — галінка з жаночай шышкай; 3 — галінка з мужчынскімі каласкамі; 4 — спелая шышка.

т. 12, с. 393

ПІ́ХТАВЫ БАЛЬЗА́М,

прадукт перапрацоўкі жывіцы піхты сібірскай ці каўказскай. Атрымліваюць адгонкай шкіпінару з ачышчанай і абязводжанай жывіцы. Празрыстая светла-жоўтага колеру вязкая вадкасць ці цвёрдае рэчыва (т-ра размякчэння 65—75 °C). Раствараецца ў дыэтылавым эфіры, этаноле, араматычных вуглевадародах, рыцыне. Выкарыстоўваюць для склейвання аптычнага шкла і вырабу мікрапрэпаратаў, лячэбны П.б. (раствор П.б. ў рыцыне) як лек. сродак з танізавальнымі і біягеннастымулюючымі ўласцівасцямі.

т. 12, с. 393

ПІ́ЦЕМСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). За 2,5 км на ПдЗ ад в. Багуслаўка Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл., каля б. хутара Піцемскі Валун парфірападобнага граніту з крышталямі палявога шпату і біятыту. Даўж. 2,3 м, шыр. 1,3 м, выш. 1,4 м, у абводзе 5,8 м, аб’ём 2,2 м³, маса каля 5,9 т. Прынесены ледавіком каля 320—250 тыс. г. назад з Фінляндыі. Доўгая вось валуна арыентавана з Пн на Пд, што адпавядае напрамку руху ледавіка.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 12, с. 393