Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КРУ́ГЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Быстрыца, за 38 км на ПнУ ад г. Глыбокае. Пл. 0,25 км², даўж. 620 м, найб. шыр. 520 м, даўж. берагавой лініі каля 1,9 км. Пл. вадазбору 1,25 км². Схілы катлавіны выш. 3 м, пад хмызняком. На ПнУ выцякае ручай у р. Быстрыца.

т. 8, с. 482

КРУГЛАПІ́ЛЬНЫ СТАНО́К,

дрэварэзальны станок з круглай пілой для падоўжанага, папярочнага або змешанага распілоўвання драўніны і драўняных матэрыялаў. Бываюць адна-, двух- і шматпільныя, з аўтам. і ручной падачай матэрыялу (або інструменту). Частата вярчэння піл да 3000 аб/мін і болей.

т. 8, с. 482

КРУГЛАРО́ТЫЯ, мешкашчэлепныя (Cyclostomata),

клас рыбападобных жывёл тыпу хордавых. 2 падкласы: міногі і міксіны. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных марскіх і прэсных водах. Паўпаразіты і паразіты водных жывёл. На Беларусі 3 віды міног.

Даўж. да 1 м, маса да 3 кг. Тулава чэрвепадобнае. Шкілет храстковы, сківіцы адсутнічаюць. Рот у выглядзе круглай прысмоктвальнай адтуліны (адсюль назва). У скуры (лускі няма) многа слізевыдзяляльных залоз. Кормяцца доннымі беспазваночнымі, нападаюць на аслабелых рыб, малюскаў і інш. Аб’екты промыслу.

т. 8, с. 482

КРУ́ГЛАЯ СКУЛЬПТУ́РА,

адзін з двух асн. відаў скульптуры, які ў адрозненне ад рэльефу мае 3 вымярэнні, што дае магчымасць аглядаць яе з усіх бакоў. Як правіла, існуе ў выглядзе скульпт. групы, статуі, бюста.

т. 8, с. 482

КРУ́ГЛІК,

возера ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сечна, за 5 км на Пд ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,4 км², даўж. каля 1,4 км, найб. шыр. 510 м, найб. глыб. 31,5 м, даўж. берагавой лініі каля 4,9 км. Пл. вадазбору 11,2 км². Схілы катлавіны выш. 3—6 м, пад хмызняком, на У пад лесам. Берагі на У зліваюцца са схіламі. Мелкаводдзе вузкае, дно да глыб. 5 м выслана пясчанымі і апясчаненымі адкладамі, ніжэй — гліністымі глеямі. Злучана пратокай з воз. Лескавічы, выцякае ручай у воз. Мошна.

т. 8, с. 482

КРУ́ГЛІК,

драўляная 8-гранная ў плане вежа ў абарончым дойлідстве зах. і ўсх. славян у 16—17 ст. Часам былі квадратнага сячэння ў 1-м ярусе з 8-граннымі наступнымі ярусамі і высокім шатровым дахам. У Віцебскіх замках 17 ст. былі К.: Валконскі, Духаўскі, Шарамецеў, Бабарыкін, Мяшчанскі.

Шарамецеў круглік З «Чарцяжа» Віцебска 1664.

т. 8, с. 482

КРУ́ГЛІК (Генадзь Сяргеевіч) (н. 26.1.1937, г.п. Узда Мінскай вобл.),

бел. фізік-тэарэтык. Д-р фізіка-матэм. н. (1976), праф. (1983). Скончыў БДУ (1959). З 1977 у БПА (з 1981 прарэктар), з 1987 дырэктар Міжгаліновага ін-та павышэння кваліфікацыі пры БПА. Навук. працы ў галіне лазернай оптыкі. Распрацаваў метад абагульненага другаснага квантавання, на базе якога створана мадэль калектыўных з’яў у оптыцы, прапанаваў квантава-статыстычную тэорыю кальцавых лазераў.

Тв.:

Коллективные модели квантового γ-генератора // Квантовая электроника и лазерная спектроскопия. Мн., 1974;

Квантово-статистическая теория кольцевых ОКГ. Мн., 1978.

А.І.Болсун.

т. 8, с. 482

КРУ́ГЛІКАЎ (Мікіта Конанавіч) (19.5.1914, в. Залессе Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. — 8.12.1943),

Герой Сав. Сюза (1944). Скончыў Харкаўскае танк. вучылішча (1943). У Вял. Айч. вайну на фронце з ліп. 1943. Танк. ўзвод на чале з лейт. К. вызначыўся 4.11.1943 пад Кіевам у баях пры вызваленні пас. Святошына, дзе адрэзаў шлях адступлення ворагу на шашы Кіеў—Жытомір. Загінуў у баі.

М.К.Круглікаў.

т. 8, с. 482

КРУ́ГЛІКАЎ (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 26.8.1933, в. Яблачнае Хахольскага р-на Варонежскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне аўтаматыкі. Д-р тэхн. н. (1978), праф. (1980). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча ППА (1956). З 1956 у Ваен. акадэміі Беларусі. Навук. працы па аўтаматызаваных сістэмах кіравання зенітных войск, распрацоўцы аптымальных адаптыўных сістэм.

Тв.:

Самонастраивающиеся системы управления с эталонными моделями. Мн., 1970 (разам з Я.А.Санкоўскім); Справочное пособие по теории систем автоматического регулирования и управления. Мн., 1973 (у сааўт.).

т. 8, с. 482

Круглік Уладзімір Міхайлавіч

т. 18, кн. 1, с. 411