КРУГЛАРО́ТЫЯ, мешкашчэлепныя (Cyclostomata),
клас рыбападобных жывёл тыпу хордавых. 2 падкласы: міногі і міксіны. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных марскіх і прэсных водах. Паўпаразіты і паразіты водных жывёл. На Беларусі 3 віды міног.
Даўж. да 1 м, маса да 3 кг. Тулава чэрвепадобнае. Шкілет храстковы, сківіцы адсутнічаюць. Рот у выглядзе круглай прысмоктвальнай адтуліны (адсюль назва). У скуры (лускі няма) многа слізевыдзяляльных залоз. Кормяцца доннымі беспазваночнымі, нападаюць на аслабелых рыб, малюскаў і інш. Аб’екты промыслу.
т. 8, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)