Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МІКО́ЛА,

старадаўняе каляндарна-абрадавае свята ў беларусаў і інш. слав. народаў у гонар апекуна земляробства і нар. заступніка св. Міколы. Вытокі свята, якое спалучыла элементы язычніцкай персаніфікацыі дабрадзейных сіл прыроды з прынцыпамі хрысціянства, у шанаванні культу Вялеса. Адзначалі 2 разы ў год — вясною (9 мая с. ст.) і зімою (6 снежня с. ст.). Да веснавога М. заканчвалася сяўба, упершыню пасля зімы выводзілі коней на начлег, спраўлялі магічныя абрады, якія мелі ахоўны сэнс, пачыналі стрыгчы авечак; пасля М. забаранялася пасвіць статак на сенажацях. Да зімовага М. заканчвалася малацьба.

т. 10, с. 357

МІКРА... (ад грэч. mikros малы), 1) дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў дольных адзінак, роўных 10​−6 зыходным адзінкам. Пазначаецца мк. Напр., 1 мкг (мікраграм) = 10​−6 г, 1 мкКл (мікракулон) = 10​−6 Кл.

2) Першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на малы памер чаго-небудзь (напр., мікраарганізм, мікрасхема), а таксама слоў, звязаных з вывучэннем або вымярэннем малых велічынь (напр., мікраскоп, мікрабіялогія).

т. 10, с. 357

МІКРААРГАНІ́ЗМЫ, мікробы,

найдрабнейшыя арганізмы, бачныя толькі пад мікраскопам. Адкрыты ў 17 ст. А.Левенгукам. Да М. належаць пракарыёты (бактэрыі, сіне-зялёныя водарасці, архебактэрыі) і эўкарыёты (мікраскапічныя грыбы, водарасці, прасцейшыя). Большасць М. — аднаклетачныя арганізмы. Характарызуюцца высокай скорасцю росту і размнажэння, якое адбываецца часта шляхам простага дзялення клеткі. Здольныя існаваць пры т-ры 7—105 °C, павышаным узроўні радыяцыі, у моцнакіслым (pH менш за 1) або шчолачным (pH 9 і болей) асяроддзі, пры адсутнасці кіслароду, пераносіць вельмі нізкую т-ру, высушванне і інш. экстрэмальныя ўмовы. Пашыраны ўсюды ў прыродзе і адыгрываюць важную ролю ў кругавароце рэчываў у біясферы: забяспечваюць мінералізацыю арган. злучэнняў, фіксуюць малекулярны азот, удзельнічаюць у разбурэнні горных парод, глебаўтварэнні, фарміраванні некат. карысных выкапняў і інш. Выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, вытв-сці кармавога бялку, вінаробстве, хлебапячэнні, атрыманні малочнакіслых прадуктаў, антыбіётыкаў, вітамінаў, амінакіслот і інш. Некат. М. патагенныя для чалавека, жывёл і раслін. Развіццё шэрагу М. прыводзіць да збяднення глебы на азот, псавання с.-г. прадукцыі, карозіі метал. абсталявання, разбурэння прамысл. вырабаў, будынкаў, выклікае цвіценне і забалочванне вадаёмаў і назапашванне ў іх атрутных рэчываў (серавадароду, нітрытаў і інш.). Вывучэнне М. прывяло да адкрыцця фундаментальных біял. заканамернасцей і стала асновай біятэхналогіі. Вывучае М. мікрабіялогія.

Літ.:

Стейниер Р., Эдельберг Э., Ингрэм Дж. Мир микробов: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1979;

Нейман Б.Я. Индустрия микробов. М., 1983.

т. 10, с. 357

МІКРАБІЯЛАГІ́ЧНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ навакольнага асяроддзя,

прыўнясенне ў прыроднае асяроддзе нехарактэрных для яго або надзвычайнае павелічэнне колькасці пастаянна прысутных у ім відаў мікраарганізмаў; форма біялагічнага забруджвання. Вынік прыроднага пераносу мікраарганізмаў (паветр. плынямі, жывёламі, з насеннем і інш.), масавага іх размнажэння на антрапагенных (бытавыя адходы, сцёкавыя воды і інш.) ці змененых чалавекам прыродных субстратах і інш. Часта спадарожнічае біятычнаму (непажаданымі біягенамі, напр., угнаеннямі, выдзяленнямі арганізмаў, трупамі) і механічнаму забруджванню. Найб. небяспечнае М.з. мікробамі, патагеннымі для чалавека, жывёл і раслін або здольнымі пры пэўных умовах набываць патагенныя ўласцівасці (сінягнойная. кішэчная палачка і інш.).

т. 10, с. 357

МІКРАБІЯЛАГІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна хімічнай прамысловасці, у якой вытв. працэсы звязаны з мікрабіял. сінтэзам нехарч. сыравіны. Выкарыстоўвае нафту і прыродны газ, гідралізаты драўніны, адходы прамысл. перапрацоўкі с.-г. прадукцыі (збожжавых культур, сланечніку, цукр. буракоў і інш.). Вырабляе бялкова-вітамінныя канцэнтраты, антыбіётыкі, амінакіслоты, бактэрыяльныя ўгнаенні, прэпараты для аховы раслін ад шкоднікаў і хвароб, а таксама прадукты комплекснай перапрацоўкі расліннай сыравіны — ксіліт, фурфурол і інш. Галіна развіта ў большасці краін свету, найбольш — у ЗША, Германіі, Японіі, Расіі, Італіі, Францыі. На Беларусі прадстаўлена кірункамі: вытв-сцю кармавых бялковых рэчываў, кармавых вітамінаў, кармавых дражджэй і антыбіётыкаў немедыцынскага прызначэння. Кармавы бялок выпускаюць Рэчыцкі доследна-прамысл. гідролізны і Бабруйскі гідролізны з-ды, кармавыя вітаміны — Пінскі з-д кармавых вітамінаў. Ветэрынарныя прэпараты выпускаюць з-ды ветэрынарных прэпаратаў у Віцебску і Магілёве. Буйнейшае прадпрыемства па вытв-сці бялкова-вітамінных канцэнтратаў — Наваполацкі бялкова-вітамінны з-д (у 1999 знаходзіцца ў стадыі рэарганізацыі ў сувязі з пераходам вытв-сці з вуглевадароднай сыравіны на с.-г. сыравіну).

Л.​А.​Паўловіч.

т. 10, с. 357

МІКРАБІЯЛО́ГІЯ (ад мікра... + біялогія),

навука пра мікраарганізмы; галіна біялогіі. Вывучае марфалогію, фізіялогію, біяхімію, генетыку, экалогію, філагенію мікраарганізмаў, іх пашырэнне, ролю ў прыродзе (у кругавароце рэчываў, забруджванні і ачыстцы навакольнага асяроддзя, глебаўтваральных, геахім. і інш. працэсах), у жыцці і дзейнасці чалавека (у развіцці хвароб чалавека, жывёл і раслін, страваванні, тэхнал. працэсах с.-г. і прамысл. вытв-сці, утылізацыі адходаў і інш.); распрацоўвае метады выкарыстання карысных мікробаў і барацьбы са шкоднымі (дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі інфекц. хвароб, сан. ацэнкі і ачысткі асяроддзя і інш.). Уключае бактэрыялогію, вірусалогію, пратысталогію. Паводле навук. і практычных задач падзяляецца на агульную, водную, глебавую мікрабіялогію, геал., касм., с.-г., мед. (у т. л. сан.), вет. і тэхн., або прамысл., М. Тэхн. М. вывучае гаспадарча значныя мікраарганізмы, распрацоўвае навук. асновы і метады іх выкарыстання для вытв-сці каштоўных рэчываў, у т. л. біялагічна актыўных, і біямас (бактэрыяльныя ўгнаенні, кармавыя і інш. дрожджы, высокаактыўныя штамы мікробаў і інш.), харч. прадуктаў, для атрымання металаў з бедных руд, ачысткі сцёкавых вод, апрацоўкі с.-г. прадукцыі, барацьбы з хваробамі і шкоднікамі, метады аховы сыравіны, буд. матэрыялаў, харч., с.-г. і інш. прадуктаў і вырабаў ад псавання мікробамі і інш. М. цесна звязана з альгалогіяй, протазаалогіяй, мікалогіяй, фітапаталогіяй, імуналогіяй, цыталогіяй, малекулярнай біялогіяй, генетыкай, біяхіміяй, эпідэміялогіяй. біятэхналогіяй і інш. Мае важнае значэнне для медыцыны, ветэрынарыі, сельскай гаспадаркі, мікрабіял., харч. прам-сці і інш.

Узнікненне апісальнай М. звязана з пачаткам назіранняў і апісання мікробаў (А.Левенгук, 1683), фарміраванне М. як навукі (2-я пал. 19 ст.) — з устанаўленнем мікробнай прыроды браджэння, гніення, інфекц. хвароб (Л.Пастэр), з распрацоўкай методыкі атрымання чыстых культур мікраарганізмаў і крытэрыяў выяўлення ўзбуджальнікаў хвароб (Р.Кох). Вял. ўклад у развіццё М. зрабілі В.Л.Амялянскі, М.В.Беерынк, Э.А.Берынг, С.М.Вінаградскі, С.М.Вышалескі, Д.К.Забалотны. Дз.І.Іваноўскі, Б.Л.Ісачэнка, С.П.Костычаў, І.І.Мечнікаў, Л.С.Цанкоўскі, П.Эрліх, М.​Ф.​Гамалея, С.​Кітазата, К.​Б.​Ніл, Э.​Ру і інш.

На Беларусі мікрабіял. даследаванні пачаліся з 1920—30-х г. у БДУ (мед. ф-т), Віцебскім вет. ін-це, сан.-бактэрыял. НДІ (Віцебск, 1921), Бел. пастэраўскім НДІ (Мінск, 1924), ін-тах біялогіі (лабараторыя глебавай М., 1934) і хіміі АН Беларусі, Усесаюзным НДІ балотнай гаспадаркі УАСГНІЛ (з 1938), бел. н.-д. ін-тах мясц. прам-сці і харч. прам-сці. Вял. роля ў станаўленні М. належыць І.М.Курбатаву, С.А.Самцэвічу, Г.А.Язубчык, Вышалескаму, К.​І.​Кудзіну, В.​В.​Первазванскаму, А.​Л.​Пескіну, А.​І.​Рэут. У вырашэнне праблем агульнай і экалагічнай М. ўклад зрабілі П.А.Буланаў, В.​І.​Калешка і інш., генетыкі і селекцыі мікраарганізмаў — М.А.Троіцкі, Ю.К.Фамічоў і інш., мед. М. — А.А.Адарчанка, М.І.Вальвачоў, В.І.Вацякоў, С.І.Гельберг, Н.А.Ізраіцель, А.П.Красільнікаў, П.Р.Рыцік, Б.Я.Эльберт, С.​А.​Паўловіч і інш., вет. М. — Д.​Дз.Буцьянаў, Х.С.Гарагляд, В.А.Лянькова, В.І.Лянькоў, В.Ф.Пятроў, Р.У.Тузава і інш., тэхн. М. — Н.І.Астаповіч, В.Р.Бабіцкая, А.С.Вечар, М.В.Залашка, А.І.Зінчанка, С.П.Каваленка, А.Г.Лабанок, А.​С.​Самсонава і інш. Н.-д. работа вядзецца ў ін-тах Нац. АН Беларусі (мікрабіялогіі, генетыкі і цыталогіі, эксперым. батанікі), н.-д. ін-тах Акадэміі агр. навук Беларусі (эксперым. ветэрынарыі, жывёлагадоўлі, земляробства і кармоў, аховы раслін і інш.), Бел. НДІ эпідэміялогіі і М., інш. с.-г. і мед. н.-д. ін-тах і ўстановах, БДУ, БСГА, Бел. дзярж. тэхнал. ун-це, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, Мінскім мед. ін-це і інш.

Літ.:

Колешко О.И. Микробиология. Мн., 1977;

Медицинская микробиология, вирусология, иммунология. М., 1994;

Микробиология. М., 1998.

Л.​П.​Цітоў.

т. 10, с. 357

МІКРАДЭНСІТО́МЕТР,

разнавіднасць дэнсітометра, прызначаная для вымярэння аптычных шчыльнасцей на малых участках фатагр. відарысаў; тое, што мікрафатометр.

т. 10, с. 358

МІКРАКАЛЬКУЛЯ́ТАР,

партатыўная мікра-ЭВМ індывідуальнага карыстання, якая выконвае арыфм. дзеянні і вылічвае элементарныя функцыі па зададзеных значэннях аргументаў; тое, што электронны калькулятар.

т. 10, с. 358

МІКРАКА́ТАР,

прылада для вымярэння лінейных памераў калібраў і дэталей машын адносным кантактным спосабам — параўнаннем з мерай. Асн. механізм — скручаная стужачная спружына, якая пераўтварае лінейныя перамяшчэнні вымяральнага стрыжня (у ніжняй ч. прылады) у вуглавыя адхіленні стрэлкі. Межы вымярэнняў ±(4—300) мкм.

Мікракатар.

т. 10, с. 358

МІКРАКЛІ́МАТ (ад мікра... + клімат),

клімат прыземнага слоя паветра на параўнальна невял. тэрыторыі (лясная паляна, бераг ракі, плошча горада і інш.). Уласцівасці М. (у большай ступені, чым мясцовага клімату) залежаць ад рэльефу, расліннасці, стану глебы, наяўнасці вадаёмаў, характару забудовы (у гарадах) і інш.; найб. яго асаблівасці выяўляюцца пры ясным ціхім надвор’і і згладжваюцца пры пахмурным і ветраным. М. наз. таксама штучна створаныя кліматычныя ўмовы ў закрытых памяшканнях (жылых і вытворчых) для аховы ад неспрыяльных знешніх уздзеянняў.

т. 10, с. 358