Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЫ́СТАЎКА ДАСЯГНЕ́ННЯЎ НАРО́ДНАЙ ГАСПАДА́РКІ БЕЛАРУ́СІ,

гл. Рэспубліканскі выставачны цэнтр.

т. 4, с. 326

ВЫ́СТАЎКА ДАСЯГНЕ́ННЯЎ НАРО́ДНАЙ ГАСПАДА́РКІ СССР,

гл. Усерасійскі выставачны цэнтр.

т. 4, с. 326

ВЫ́СЫЛКА,

1) у Расіі ў 19 — пач. 20 ст. выдаленне асобы па судзе або ў адм. парадку са сталіцы, пэўных губерняў ці гарадоў з правам або без права выбару месца жыхарства па-за дадзенай мясцовасцю.

2) Мера крымінальнага пакарання (асноўнага або дадатковага), якая паводле заканадаўства СССР і Рэспублікі Беларусь заключалася ў выдаленні асуджанага з месца яго жыхарства і забароне пражываць у пэўных мясцовасцях. На Беларусі адменена ў 1994.

т. 4, с. 326

ВЫ́СЫПКА,

агульная назва вонкавых ачаговых паталагічных змен скуры (экзентэма) і слізістых абалонак (энантэма). Бывае першасная (запаленчыя плямы, гнайнікі і інш.) і другасная (лускавінкі, язвы, эрозія і інш.). Узнікае пад уздзеяннем фіз., хім., бактэрыяльных паразітарных фактараў, пры кантакце з некаторымі раслінамі. Прычынай высыпкі могуць быць парушэнні функцый эндакрынных органаў, страўнікава-кішачнага тракту, ц. н. с., абмену рэчываў, балансу вітамінаў, імунітэту і інш. Сімптом многіх інфекц. захворванняў (адзёр, шкарлятына, тыф і інш.).

т. 4, с. 326

ВЫСЯЛЕ́ННЕ,

пазбаўленне грамадзяніна права карыстацца жылым памяшканнем, якое ён займае. З дамоў дзярж. або грамадскага фонду высяленне дапускаецца, як правіла, у суд. парадку. У адм. парадку з санкцыі пракурора высяляюцца асобы, якія самаўпраўна занялі жыллё ці пражываюць у дамах, якім пагражае абвал. Высяленне з выдзяленнем інш. жылога памяшкання дазваляецца ў выпадках, калі дом пагражае абвалам, падлягае зносу ці пераабсталяванню ў нежылы. Гэта датычыцца таксама ваеннаслужачых і членаў іх сем’яў пры выхадзе ў адстаўку ці ў запас і некаторых катэгорый рабочых і служачых пэўных галін нар. гаспадаркі, якія карысталіся жыллём прадпрыемстваў. Без забеспячэння жыллём высяляюць асоб, якія самаўпраўна занялі жылыя памяшканні, тых наймальнікаў і членаў іх сем’яў, што сістэматычна разбураюць ці псуюць жыллё, выкарыстоўваюць яго не па прызначэнні ці робяць немагчымым для іншых пражыванне ў адной кватэры або доме.

С.У.Скаруліс.

т. 4, с. 326

ВЫТВО́РНАЯ функцыі, ліміт адносін прырашчэння функцыі f(x) да прырашчэння аргумента; адно з асн. паняццяў дыферэнцыяльнага злічэння. Характарызуе хуткасць змены функцыі пры змене яе аргумента. Абазначаецца f(′x), y′(x), d f(x) d x . Вытворная функцыі f(x) у пункце x0 роўная вуглавому каэфіцыенту tgα датычнай да лініі y=f(x) у яе пункце Mo з абсцысай xo.

Паводле вызначэння f′(x) = lim Δx 0 Δy Δx = lim Δx 0 f( x0 + Δx) f( x0 ) Δx , дзе x0 — пункт, у некаторым наваколлі якога вызначана функцыя f(x); Δx = x x0 — прырашчэнне аргумента; Δy = f( x0 + Δx) f( x0 ) — адпаведнае прырашчэнне функцыі. Калі гэты ліміт канечны, то функцыя f(x) наз. дыферэнцавальнай у пункце x0. Аперацыя знаходжання вытворнай наз. дыферэнцаваннем. Вытворнай ад y′ (першай вытворнай) ёсць другая вытворная (y″) і г.д. Для функцый некалькіх зменных вызначаюцца частковыя вытворныя — вытворныя па аднаму з аргументаў пры ўмове пастаянства ўсіх астатніх аргументаў.

Паняццем вытворнай карыстаюцца пры рашэнні многіх задач матэматыкі, фізікі, тэхнікі і інш. навук.

Літ.:

Курс вышэйшай матэматыкі. Мн., 1994;

Гусак А.А. Высшая математнка. Т. 1—2. 2 изд. Мн., 1983—84.

А.А.Гусак.

т. 4, с. 326

ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ (ВА),

звяно арганізацыйна-вытв. структуры гаспадаркі; вытворча-гасп. комплекс. У склад яго ўваходзяць з-ды, ф-кі, асобныя цэхі і інш. вытв. адзінкі, а таксама н.-д. і канструктарскія ўстановы. У аснове фарміравання вытворчага аб’яднання — тэхнал. агульнасць працэсаў і аднароднасць прадукцыі, устойлівыя сувязі па каапераванні вытв-сці, камбінаванне вытв-сці і комплексная перапрацоўка сыравіны.

Да пач. 1990-х г. у прам-сці Беларусі было 220 вытв. і навук.-вытв. аб’яднанняў, тут працавала каля 64% усіх занятых у прам-сці і выпускалася больш як 2/3 агульнага аб’ёму прамысл. прадукцыі. З фарміраваннем рыначнай эканомікі многія вытворчыя аб’яднанні распаліся, на іх месцы ўзніклі арэндныя, калектыўныя і сумесныя прадпрыемствы, некаторыя ўвайшлі ў акц. т-вы, канцэрны, асацыяцыі, карпарацыі і інш. ўнутрырэсп. і міждзярж. (транснацыянальныя) структурныя фарміраванні.

т. 4, с. 326

ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

працэс стварэння матэрыяльных і духоўных даброт, прызначэннем якіх з’яўляецца максімальнае задавальненне людскіх патрэб. Адрозніваюць вытворчасць індывідуальную (у межах прадпрыемства, фірмы) і грамадскую (як сістэму вытв. сувязей паміж прадпрыемствамі ў межах грамадства). Грамадская вытворчасць акрамя ўласна вытворчасці ўключае спажыванне, размеркаванне і абмен. На функцыянаванне вытворчасці ўплываюць яе аб’ём, цана, грашовая маса, попыт, прапанова, выручка, альтэрнатыўная вартасць, выдаткі, занятасць, інвестыцыі, экспарт, імпарт, валютны курс, схільнасць да спажывання і ашчаджання і інш. З боку паводзін суб’екта гаспадарання ў эканам. сістэме вытворчасць разглядаецца як аб’ект жаданняў, чаканняў, рызыкі, выбару і прыняцця рашэння, з боку функцыянавання — як працэс узаемадзеяння фактараў вытворчасці і іх трансфармацыі ў прадукты. Асн. фактары вытворчасці — зямля, праца, капітал і прадпрымальніцкі талент. Кожнаму з іх адпавядае свая форма даходу (рэнта, заработная плата, працэнт і прадпрымальніцкі прыбытак). Для вытворчасці характэрны падзел працы, які мае 2 бакі — спецыялізацыю і кааперацыю. Вылучаюць 3 узроўні падзелу працы: адзінкавы (унутры прадпрыемства), асобны (паміж прадпрыемствамі), агульны (у межах грамадства).

Эканам. суб’ектам вытворчасці з’яўляецца прадпрымальнік або калектыў. Яго гал. сац. функцыя — арганізацыя высокадаходнай і высокаэфектыўнай вытворчасці. Па меры максімізацыі вытворчасці пэўнага прадукту эфектыўнасць яго выкарыстання зніжаецца. Максімальная велічыня выпуску прадукцыі пры дадзеным аб’ёме выкарыстання фактараў вытворчасць вызначаецца вытв. функцыяй. На развіццё вытворчасці ўплываюць прадукцыйныя сілы і вытворчыя адносіны. Развіццё прадукц. сіл ідзе па шляху зніжэння матэрыялаёмістасці (уратоўванне прыроды) і працаёмістасці (уратоўванне чалавека). Чалавек усё больш вызваляецца ад непасрэднага працэсу вытворчасці і становіцца яго рэгуліроўшчыкам. Для развіцця вытв. адносін характэрны кансерватызм, адставанне ад развіцця прадукц. сіл. Гістарычна вядомы 3 формы вытворчасці: натуральная, таварная і планавая. Таварная вытворчасць узнікла з натуральнай, прайшла стадыю простай таварнай вытворчасці і зараз знаходзіцца на стадыі капіталістычнай, якая развіваецца ў планавую. Планамерна грамадская вытворчасць развіваецца толькі там, дзе створаны адпаведныя ўмовы: грамадская ўласнасць на сродкі вытворчасці, інфарм. інфраструктура, высокая вытворча-працоўная і эканам. культура ўсіх суб’ектаў гаспадарання. Звычайна вытворчасць выступае як бесперапынны працэс, г.зн. як узнаўленне вытв-сці. Адрозніваюць 2 асн. тыпы вытворчасці: экстэнсіўны (колькасны прырост сродкаў вытворчасці і рабочай сілы) і інтэнсіўны (якаснае абнаўленне сродкаў вытворчасці і рабочай сілы пры скарачэнні яе колькасці). Для Беларусі апошняга 50-годдзя характэрна пераважна экстэнсіўная вытворчасць. Валавы ўнутр. прадукт краіны ў 1995 склаў 10 304,4 млн. дол. ЗША (Расіі — 364 295 млн. дол.).

Літ.:

Маркс К. Капітал. Т. 1. Мн., 1952;

Хико Дж.Р. Стоимость и капитал: Пер. с англ. М., 1993;

Современная экономика. Ростов н/Д, 1995;

Рыночное реформирование экономики Беларуси: Темат. сб. Мн., 1996.

Т.І.Адамовіч.

т. 4, с. 326

ВЫТВО́РЧАЯ МАГУ́ТНАСЦЬ,

максімальна магчымы выпуск якаснай прадукцыі ці аб’ём здабычы або перапрацоўкі сыравіны за адзінку часу. Вытворчая магутнасць прадпрыемства складаецца з сумарнай магутнасці яго асн. цэхаў, а цэхаў — з магутнасці асн. абсталявання. Разлічваецца на суткі, год або некалькі гадоў. Выражаецца ў натуральных (вырабы, дэталі, штукі, тоны), умоўна-натуральных і грашовых паказчыках. Вытворчая магутнасць — велічыня пераменная, мяняецца з развіццём тэхн. прагрэсу, залежыць ад попыту на прадукцыю на рынку і інш. фактараў. На падставе разлікаў на прадпрыемствах складаецца баланс вытворчых магутнасцей і іх выкарыстання. З павышэннем узроўню выкарыстання вытворчай магутнасці (праз укараненне высокаэфектыўнага абсталявання, прагрэсіўнай тэхналогіі, удасканаленне арганізацыі вытв-сці і працы) павялічваецца выпуск прадукцыі.

Р.М.Шахлевіч.

т. 4, с. 327

ВЫТВО́РЧАЯ СТРУКТУ́РА ПРАДПРЫЕ́МСТВА,

сукупнасць падраздзяленняў прадпрыемства з усталяванымі паміж імі ў працэсе выпуску прадукцыі сувязямі. Кожная стадыя вытв. працэсу афармляецца ў адпаведнае структурнае падраздзяленне. Першасная структурная вытв. адзінка — рабочае месца. Рабочыя месцы аб’ядноўваюцца ў вытв. ўчасткі, якія ўтвараюць асн. структурныя падраздзяленні — цэхі. На буйных прадпрыемствах цэхі аб’ядноўваюцца ў карпусы. У залежнасці ад складу вытв. падраздзяленняў прадпрыемства мае цэхавую, бясцэхавую (толькі ўчасткі) і мяшаную структуру. Паводле ролі ў вытв. працэсе адрозніваюць цэхі асн. (нарыхтоўчыя, апрацоўчыя і зборачна-аддзелачныя), дапаможныя (інстр. вытв-сць, энергет. і рамонтная гаспадаркі) і абслуговыя (складскія, транспартныя, энергасеткі і інш. камунікацыі). Канструктарска-тэхнал. падраздзяленні займаюцца праектаваннем вырабаў і падрыхтоўкай вытв-сці, органы кіравання прадпрыемствам арганізоўваюць, накіроўваюць і рэгулююць ход вытв-сці ў цэлым. Вытворчая структура прадпрыемства залежыць ад формы ўласнасці і кіравання, галіновай прыналежнасці прадпрыемства і звычайна перабудоўваецца пры асваенні новай прадукцыі, замене тэхналогіі і абсталявання.

Р.М.Шахлевіч.

т. 4, с. 327