Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПІ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПОЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з вер. 1941 да снеж. 1943 у Пінску пад кіраўніцтвам у розны час пінскіх падп. абкома, гаркома і райкома КП(б)Б. Складалася з 4 груп (больш за 50 чал.): на мармеладнай ф-цы (кіраўнік І.​А.​Галамазава), у прыгарадзе Казлякавічы (Я.​А.​Шаламіцкі, М.​І.​Чалей), фанерным з-дзе і запалкавай ф-цы (М.​М.​Калодзіч), на рачным флоце (М.​І.​Гарбачэўскі, Л.​В.​Прытулецкі). Падпольшчыкі прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, праводзілі агітац. работу ў фаш. фарміраваннях; з 1942 наладзілі сувязь з партызанамі, здабывалі для іх зброю, боепрыпасы, прадукты харчавання, адзенне, медыкаменты, разведданыя. Праводзілі дыверсіі, у т. л. вывелі са строю 12 і патапілі 11 рухавікоў рачных суднаў, падарвалі ням. магазін і шпіталь, вадакачку, рухавік на запалкавай ф-цы, падпалілі лесапільны з-д. У канцы 1943 з-за пагрозы арыштаў падпольшчыкі пайшлі ў брыгады Пінскага партыз. злучэння і да ўкр. партызан.

т. 12, с. 365

ПІ́НСКАЕ ПЕДАГАГІ́ЧНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА імя А.​С.​Пушкіна. Засн. ў 1940 у г. Пінск. Імя Пушкіна прысвоена ў 1949. Рыхтуе выхавальнікаў дашкольных устаноў, настаўнікаў пач. класаў агульнаадук. школ. Спецыяльнасці (2000/2001 навуч. г.): педагогіка і псіхалогія дашкольная; педагогіка і методыка пач. навучання; музычнае выхаванне. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.

т. 12, с. 365

ПІ́НСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА Засн. ў 1872 у г. Пінск на базе мужчынскай гімназіі; першае рэальнае вучылішча на Беларусі. Уваходзіла ў Віленскую навучальную акругу. Мела 7 класаў. На чале з дырэктарам працавалі 16 выкладчыкаў, 3 законанастаўнікі, інспектар. Выкладаліся рус., польск., ням. і франц. мовы, геаграфія, хімія, гісторыя, матэматыка, законазнаўства, касмаграфія, маляванне, чарчэнне, пач. ваен. навука, музыка, рамёствы, гімнастыка і інш. Выпускнікі мелі перавагу пры паступленні ў вышэйшыя тэхн. і с.-г. навуч. ўстановы, на фіз.-матэм. ф-ты ун-таў. Сярод выкладчыкаў былі выхаванцы вучылішча, выпускнікі Мінскай духоўнай семінарыі, Віленскага настаўніцкага ін-та, ун-таў Масквы, Юр’ева, Кіева, Лейпцыгскай філал. семінарыі і інш. У 1785 вучылася 185 юнакоў, у 1911—368. У 1915 вучылішча пераведзена ў Мазыр. У 1918 скасавана.

Літ.:

Краткий список учреждений и учебных заведений Виленского учебного округа на 1917 г. Могилев, 1917;

Памятная книжка Виленского учебного округа на 1911/1912 учеб. г. Вильна, 1912;

Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.

А.​Ф.​Самусік.

т. 12, с. 366

ПІ́НСКАЕ СТАРО́СТВА, Пінская воласць,

буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у пач. 16—18 ст. Утворана на тэр. б. Пінскага княства, якое кн. Ф.​І.​Яраславіч завяшчаў вял. кн. ВКЛ Жыгімонту I Старому, які ў 1519 падараваў яго сваёй жонцы Боне. У адносінах да староства ўжываліся назвы «княства», «староства», «павет», «дзяржава», «воласць». У 1552 у П.с. ўваходзілі г. Пінск, мяст. Нобель і Моталь, двары Сялец, Ставок, Дружылавічы, 101 сяло; падзялялася на 7 войтаўстваў. Паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 П.с. ўключана ў Пінскі павет, у якім займала каля 1/3 яго тэрыторыі. З таго часу звычайна знаходзілася ў закладзе ў буйных феадалаў ВКЛ, якія карысталіся тытулам старостаў. Пасля далучэння да Рас. імперыі (1793) б.ч. староства падаравана Кацярынай П кн. М.​В.​Рапніну, рэшта раздробнена на невял. прыватныя і дзярж. маёнткі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 12, с. 366

ПІ́НСКАЯ ВАЕ́ННАЯ ФЛАТЫ́ЛІЯ,

1) фарміраванне ВМФ Польшчы на Прыпяці і яе прытоках у 1919—39. Гал. база — г. Пінск. Створана ў крас.—маі 1919 у час сав.-польскай вайны 1919—20. У навігацыю 1920 рухалася з баямі па Прыпяці і Дняпры да Кіева. 4.8.1920 у час наступлення Чырв. Арміі флатылія расфарміравана, судны знішчаны або затоплены. У 1921—22 адноўлена, папоўнена новымі караблямі. Напярэдадні 2-й сусв. вайны налічвала 54 адзінкі (у т. л. 26 баявых: 6 манітораў, 3 кананеркі, 15 узбр. катэраў і інш.). У вер. 1939 у ходзе польскай кампаніі 1939 вяла проціпаветраную абарону Пінска і мастоў цераз Піну, Прыпяць, Ясельду. 17—21.9.1939 караблі флатыліі былі самазатоплены; да 12.11.1939 яны падняты сав. маракамі і пасля рамонту і пераўзбраення ўключаны ў склад Дняпроўскай ваеннай флатыліі.

2) Фарміраванне сав. ВМФ на Дняпры і яго прытоках (Прыпяці, Бярэзіне і інш.) у чэрв. 1940 — кастр. 1941. Гал. база — Пінск. Створана 17.6.1940 з часткі сіл расфарміраванай Дняпроўскай ваен. флатыліі. Камандуючы контр-адмірал Дз.​Дз.Рагачоў. Напярэдадні Вял. Айч. вайны складалася з 7 манітораў, 4 кананерскіх лодак, 15 бранякатэраў, авіяэскадрыллі і інш. (усяго 2300 чал.). Аператыўна падпарадкоўвалася камандуючаму войскамі Зах. асобай ваен. акругі (з 22.6.1941 Заходні фронт). З пач. вайны павялічана за кошт суднаў грамадз. рачнога флоту, а таксама ў ліп. 2 манітораў з Дунайскай ваен. флатыліі. Да канца чэрв. 1941 разам з часцямі 4-й арміі Зах. фронту абараняла Пінск, а да 9.7.1941 — Лунінец, Тураў. 11 ліп. падзелена на 3 атрады: Бярэзінскі (3 маніторы, 5 бранякатэраў), Прыпяцкі (манітор, 4 вартавыя караблі, 2 бранякатэры і інш.), Дняпроўскі (гал. сілы флатыліі, у т. л. 4 маніторы, 4 кананерскія лодкі). Бярэзінскі і Прыпяцкі атрады абстрэльвалі занятыя праціўнікам прырэчныя нас. пункты, абаранялі сав. і парушалі варожыя пераправы, цесна ўзаемадзейнічалі з сухапутнымі войскамі. У канцы жн. караблі абодвух атрадаў прарваліся з баямі да Кіева (пры гэтым частка іх загінула) і разам з Дняпроўскім атрадам удзельнічалі ў абароне Кіеўскага ўмацаванага раёна. Большасць караблёў загінула ў баях, астатнія ўзарваны 18 вер. ў сувязі з адыходам сав. войск на У ад Дняпра. Атрад маракоў ваяваў на сушы да 20—28 вер. Флатылія расфарміравана 5.10.1941. Гл. таксама Марская авіяцыя, Марская артылерыя, Марская пяхота, Мінны загараджальнік.

Літ.:

Паўловіч Р.К. Пінская флатылія // Бел. мінуўшчына. 1995. № 3;

Яго ж. Пинские мониторы // Армия. 1998. № 3;

Яго ж. Да пытання аб стварэнні і дзейнасці Пінскай рачной ваеннай флатыліі // Весці Нац. АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1999. № 1.

Р.​К.​Паўловіч.

т. 12, с. 367

ПІ́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1939—54. Цэнтр — г. Пінск. Утворана 4.12.1939, уключала 5 паветаў: Драгічынскі, Косаўскі, Лунінецкі, Пінскі, Столінскі (часткова). 15.1.1940 паветы скасаваны, утвораны 11 раёнаў: Ганцавіцкі, Давыд-Гарадоцкі, Драгічынскі, Жабчыцкі, Іванаўскі, Лагішынскі, Ленінскі, Лунінецкі, Пінскі, Столінскі, Целяханскі. У 1941 пл. вобласці 16,3 тыс. км², нас. 533,6 тыс. чал., 4 гарады, 5 гар. пасёлкаў, 1 раб. пасёлак, 159 сельсаветаў. 8.1.1954 пасля скасавання тэр. вобласці ўключана ў Брэсцкую вобласць.

т. 12, с. 367

ПІ́НСКАЯ ДРУКА́РНЯ.

Існавала ў 1729?—46? у г. Пінск Брэсцкай вобл. Належала езуітам. Выпускала кнігі на лац. і польскай мовах (вядома 8 назваў, ёсць звесткі яшчэ пра 3): літургічныя выданні, панегірыкі, казанні, белетрыстычныя зб-кі «Усякай усячыны», складзеныя смаленскім кашталянам паэтам К.​Несялоўскім. У зб-ках змешчаны вершы складальніка, дакумент. і эпісталярныя матэрыялы, легенды, апокрыфы, эпітафіі і інш.

Літ.:

Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974.

т. 12, с. 367

ПІ́НСКАЯ ДРЭВААПРАЦО́ЎЧА-ФАНЕ́РНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў г. Пінск Брэсцкай вобл. ў 1880—1916. Вырабляла дошкі і фанеру. Мела лакамабіль, 2 паравыя рухавікі, паравы кацёл. У 1909 працавала 620 чал. У 1900 выпушчана прадукцыі ка 350,1 тыс. руб. Закрыта ў сувязі з ням. акупацыяй.

т. 12, с. 367

ПІ́НСКАЯ ЗАПА́ЛКАВАЯ ФА́БРЫКА Засн. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. ў 1892 пад назвай «Прагрэс-Вулкан». У 1897 многія працэсы механізаваны; выпускала за суткі 250 тыс. карабкоў запалак. У тым жа годзе ф-ка згарэла, пазней адноўлена. У 1902 працавала 674 чал. З 1909 уваходзіла ў акц. т-ва запалкавых ф-к «Прагрэс-Вулкан». У 1915—18 ф-ка не працавала, абсталяванне часткова вывезена ў Германію. У 1918 ф-ка аднавіла выпуск запалак. У 1931 на ф-цы былі 183 машыны па выпуску запалак.У 1939 нацыяналізавана. У 1944 усё абсталяванне было вывезена ў Германію, а будынак спалены. З 1944 П.з.ф. ў складзе Пінскага фанерна-запалкавага камбіната (былы фанерны з-д), а з 1947 аднавіла выпуск запалак, у 1948 набыла самастойнасць і наз. Пінская запалкавая фабрыка «17 Верасня». У 1950 рэканструявана. У 1959—70 у складзе Пінскага фанерна-запалкавага камбіната, з 1971 — Пінскага вытв. дрэваапр. аб’яднання «Пінскдрэў». У 1984—85 пераабсталявана, перайшла на выпуск запалак у кардонных карабках. З 1992 з сучаснай назвай на правах філіяла ўваходзіць у «Пінскдрэў». Асн. прадукцыя (2001) — запалкі.

М.​А.​Галавешкін.

т. 12, с. 368

ПІ́НСКАЯ КА́ФЛЯ,

архітэктурна-дэкар. кераміка 16—19 ст. з г. Пінск Брэсцкай вобл. Кафля 16 ст. гаршковая з квадратным вусцем, а таксама (з канца 16 ст.) каробчатая з вонкавай пласцінай, дэкарыраванай геам. малюнкам. Кафля 17—18 ст. каробчатая гзымсавая, вуглавая дывановая), аздобленая расл. арнаментам, геральдычнымі выявамі, манаграмамі; выраблялі таксама каронкі. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. ў Пінску пашырылася паліхромная рэльефная кафля, у 18 ст. — размаляваная гладкая. З канца 17 ст. малюнак паступова спрашчаўся, з сярэдзіны 18 ст. выраблялі кафлю звычайна без дэкору. Пры абпальванні выкарыстоўвалі пераважна зялёную, а таксама паліхромную паліву. З 2-й пал. 19 ст. была наладжана прамысл. вытв-сць кафлі з расл. дэкорам па замежных ўзорах.

І.​М.​Чарняўскі.

т. 12, с. 368