ГРО́ДЗЕНСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў, Таварыства ўрачоў Гродзенскай губерні. Засн. ў 1869 у Гродне. Адно з першых у Рас. імперыі. Мела на мэце сан. вывучэнне губерні, складанне яе медыка-тапагр. і сан. карты, барацьбу з эпідэміямі, арганізацыю мед. дапамогі сельскаму насельніцтву, вывучэнне краявой паталогіі, сан. асвету насельніцтва і інш.; давала рэкамендацыі па пытаннях сан. добраўпарадкавання, рэгістрацыі інфекц. захворванняў і смяротнасці. Старшынямі т-ва ў розны час былі А.Ф.Рэйнпольскі, М.Д.Беклямішаў. Выдала 2 зборнікі пратаколаў за 1890/91 і 1895/96. У 1913 спыніла існаванне. Аднавіла работу пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР. З 1954 дзейнічаюць абл. спецыялізаваныя мед. навук. т-вы.
А.П.Малчанаў.
т. 5, с. 421
ГРО́ДЗЕНСКАЕ ТКА́ЦТВА,
народнае мастацкае ўзорыстае ткацтва на Гродзеншчыне. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 17 ст. Ткачыхі выраблялі высокамастацкія рэчы — посцілкі, ручнікі, абрусы, дываны, падвойныя дываны і інш., у розных тэхніках: перабору, закладання, шматнітовага ткацтва. Посцілкі і дываны звычайна ткалі ў палосы без танальных адценняў і з адценнямі («вясёлка»), часам у клетачку. У апошні час пашырыліся кампазіцыі з каляровых палос, якія чаргуюцца з раслінным арнаментам, найб. тыповыя — зблянскія посцілкі з насычанай колеравай гамай (зялёны, малінавы, жоўты, чырвоны, фіялетавы). Ручнікам і абрусам уласціва серабрыста-белая гама. На аснове развітога нар. ткацтва ў 18—19 ст. былі засн. Гродзенскія каралеўскія мануфактуры, дзе выраблялі шпалеры (гл. Гродзенскія дываны), паясы (гл. Гродзенскія паясы) і інш. У 1920-я г. на Гродзеншчыне былі створаны прамысл. арцелі, а пасля Айч. вайны нар. майстры працавалі ў сістэме ф-к маст. вырабаў Гродна, Слоніма, дзе вырабляліся як унікальныя рэчы, так і прадметы шырокага ўжытку ў традыц. формах. У наш час ткацтва паступова перастала быць промыслам і стала заняткам асобных майстрых.
Дз.С.Трызна.
т. 5, с. 421
ГРО́ДЗЕНСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
на З Гродзенскай вобл.; зах. ч. Паўднёва-Заходняга адгалінавання Беларускай грады. На Пн і У мяжуе з Нёманскай ніз., ад Ваўкавыскага узв. аддзелена далінай Свіслачы, на З заходзіць на тэр. Польшчы (Сакольскае узв.). Пл. 1,4 тыс. км², з Пн на Пд працягнулася на 60 км, з З на У — да 40 км. Найб. выш. 247 м (паблізу в. Капцёўка, за 12 км на Пд ад Гродна), над урэзам Нёмана прыўзнята на 157 км.
У тэктанічных адносінах Гродзенскае ўзвышша прымеркавана да зах. ч. Беларускай антэклізы. Магутнасць асадкавага покрыва 400 м. У антрапагене ўвесь асадкавы чахол падвяргаўся магутнаму ўплыву ледавікоў. Уздзеянне бярэзінскага ледавіка на подсцільныя пароды прывяло да ўзнікнення каля Гродна вял. ледавіковых лагчын з адзнакамі днішча да -167,5 м, магутных мелавых гляцыядыяпіраў і буйных адорвеняў. Канчатковае фарміраванне канцова-марэнных град (Капцёўскай, Магілянскай, Кулеўскай, Дуброўскай і інш.) адбылося ў сярэднім антрапагене ў час дняпроўскага і сожскага зледзяненняў. Паўн. і паўн.-зах. часткі ўзвышша — маламагутныя краявыя ўтварэнні (камы) паазерскага ледавіка. Града мае пераважна хвалістую паверхню з невял. ўзгоркамі-астанцамі. На ўскраінах пашыраны буйны ўзгорыста-ўвалісты рэльеф з амплітудай вышынь да 20—25 м. Гродзенскае ўзвышша прарэзана шырокай далінай Нёмана і яго прытока Ласосны, да якой з У каля Гродна падыходзіць больш вузкая даліна прарыву Нёмана (шыр. рэчышча 50—100 м), што ўтварылася на ўчастку марэннага завалу ледавіковай лагчыны і прадаліны Нёмана стараж. ледавікамі. Па берагах даліны глыбокія яры (равы), адзін з якіх — Калодзежны Роў аб’яўлены помнікам прыроды. Будова даліны Нёмана складаная, вылучаюцца верхняя і 8 лакальных тэрас, 3 поймавыя ўзроўні. Карысныя выкапні: мел, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі. Гродзенскае ўзвышша дрэніруюць Нёман з прытокамі Гожка, Ласосна (з Татаркай і Каменкай), Горніца. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя супясчаныя і пясчаныя на канцова-марэнных градах, дзярнова-падзолістыя сугліністыя на другасных марэнных раўнінах, поймавыя ў далінах рэк. Прыродная расліннасць моцна зрэджаная. Пад лесам 9% тэр. Лясы хваёвыя са значнымі дамешкамі шыракалістых парод (дуб, клён, ясень, ліпа). У даліне Нёмана на схілах буйных яроў пашыраны барбарыс, глог, шыпшына, брызгліна. У поймах рэк вярба, бяроза, вольха, крушына, чаромха. Лугі пазапоймавыя са злакавых, разнатраўных, асаковых асацыяцый, на сухадолах пераважае сівец. Балоты пераважна нізінныя. Пад ворывам каля 40% тэрыторыі.
т. 5, с. 421
ГРО́ДЗЕНСКАЕ ШКЛО,
шкляны посуд Гродзенскай мануфактуры шкляных пацерак, якая была створана А.Тызенгаўзам у 1760-я г. Вырабляліся шклянкі, бакалы, келіхі з лейка- і звонападобнымі чашамі, у форме ўсечанага конуса, пляшкі і штофы ў традыц. для Беларусі формах чатырохгранных квартаў. На посудзе гравіраваліся буйнамаштабныя раслінныя кампазіцыі (апяразвалі посуд фрызам або адвольна размяшчаліся на яго сценках), а таксама арх. пейзажы, выявы людзей, птушак, надпісы. У раслінныя кампазіцыі ўключаліся дэкар. лінзы ў тэхніцы гранення.
т. 5, с. 421
ГРО́ДЗЕНСКАЙ АПТЭ́КІ БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў 1709 у Гродне, уваходзіць у комплекс Гродзенскага кляштара езуітаў. Першапачаткова — прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак з мансардай, накрыты вальмавым 2-ярусным дахам. Гал. фасад завяршаўся пяцівугольным франтонам. У 1885 будынак пашкоджаны пажарам і перабудаваны: з левага боку прыбудаваны новы аб’ём, ліквідаваны франтон. У выніку будынак набыў асіметрычную кампазіцыю і стаў тыповым прыкладам архітэктуры эклектыкі. Гал. фасад сучаснага будынка падзелены карнізнай цягай на 2 ярусы: ніжні з руставанымі лапаткамі і сандрыкавымі завяршэннямі акон, верхні з ажурным балконам і складаным атыкам у цэнтры, фігурнымі ліштвамі, фрызам і карнізам. Зараз у будынку знаходзіцца Гродзенская аптэка-музей.
т. 5, с. 422
ГРО́ДЗЕНСКАЙ МЕДЫЦЫ́НСКАЙ ШКО́ЛЫ БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 1770-я г. на Гарадніцы (цяпер у межах г. Гродна). Мураваны будынак мае сіметрычную кампазіцыю. Цэнтр. 3-павярховая частка накрыта вальмавым дахам. Гал. фасад раскрапаваны па вуглах 2 вял. гранёнымі эркерамі, якія раней былі накрыты самкнутымі ўвагнутымі купаламі. Фасады аздоблены ордэрнай пластыкай, 2 ніжнія паверхі аб’яднаны пілястрамі. Па баках да асн. аб’ёму прылягаюць 1-павярховыя прыбудовы з 3-схільнымі дахамі. Часткова перабудаваны ў канцы 19 ст.
А.Ю.Пятросава.
т. 5, с. 422
ГРО́ДЗЕНСКАЯ АБЛАСНА́Я ФІЛАРМО́НІЯ.
Створана ў 1987 у Гродне на базе гастрольна-канцэртнага аддзялення Белдзяржфілармоніі. У яе складзе (1997): ансамбль песні, музыкі і танца «Белыя росы» (маст. кіраўнік Я.Штоп), ансамбль сучаснай харэаграфіі «ТАД», танц. дуэт Ю. і Л.Зябкіных; сярод салістаў І.Брускін (фп.), У.Захараў (гітара), засл. арт. Расіі Ю.Трашкееў (чытальнік). У 1987—89 у філармоніі працавалі канцэртна-лекцыйная брыгада, рок-гурт «Рада». Удзельнічае ў арганізацыі і правядзенні муз. фестываляў і конкурсаў, свят горада.
т. 5, с. 422
ГРО́ДЗЕНСКАЯ АБУТКО́ВАЯ ФА́БРЫКА «НЁМАН».
Створана ў 1939 на базе б. прыватнай ф-кі. У Вял. Айч. вайну разбурана. У 1947 адбудавана як абутковая ф-ка № 1. У 1956 рэканструявана, у 1962 пабудаваны новы корпус, з 1963 абутковая ф-ка «Нёман». З 1991 акц. т-ва «Гроднаабутак». Цэхі: закройны, штамповачны, пашыўна-загатовачны, клеявы і рантавы. Асн. прадукцыя (1997): скураны абутак мужчынскі, дзіцячы і жаночы. Прадукцыя экспартуецца ў краіны СНД, Германію, Галандыю, Чэхію.
т. 5, с. 422
ГРО́ДЗЕНСКАЯ АПТЭ́КА-МУЗЕ́Й.
Адкрыта 23.7.1996 у Гродне навук.-вытв. кааператывам «Біятэст» у будынку б. езуіцкай аптэкі (пабудаваны ў 1709, з 1988 помнік гісторыі рэсп. значэння). У музейнай экспазіцыі (пл. 50 м², каля 1 тыс. экспанатаў) паказана гісторыя старэйшай аптэкі Беларусі, створанай езуітамі ў 1687 (першы аптэкар І.Цішкевіч). У аптэцы працавалі вядомыя фармацэўты і грамадскія дзеячы: Ж.Э.Жылібер, І.В.Адамовіч (доўгі час аптэка насіла яго імя), А.Р.Троп-Крынскі і інш.
Літ.:
Дорошкевич Н.А., Игнатович Ф.И. Концепция и модель создания первой в Беларуси аптеки-музея // Исторические аспекты и современные проблемы сестринского движения на Гродненщине. Гродно, 1996.
Ф.І.Ігнатовіч.
т. 5, с. 422
ГРО́ДЗЕНСКАЯ БАРЫСАГЛЕ́БСКАЯ ЦАРКВА́, Каложская царква,
помнік мураванай стараж.-рус. архітэктуры, адзін з помнікаў Гродзенскай школы дойлідства. Пабудаваны ў 2-й пал. 12 ст. ў Гродне на высокім правым беразе Нёмана, побач з замкавай гарой, на тэр. б. Каложскага пасада. Часткова разбурана ў 1853 у выніку апоўзня, паўд. апсіда абвалілася ў 1889. Праведзены работы па кансервацыі (1910 і 1935) і кансервацыйна-рамонтныя (1970, 1985—87). Захаваліся паўн. і частка зах. Сцяны, 3 апсіды і 2 зах. круглыя (дыяметр каля 1,2 м) падкупальныя слупы.
Цагляны 6-слуповы 3-апсідны крыжова-купальны храм. Даўжыня каля 21,5 м, шыр. 13,5 м. Таўшчыня сцен каля 1,2 м. Сцены складзены з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі. Фасады ўпрыгожаны лапаткамі ступеньчатага профілю, устаўкамі з гранітных і гнейсавых камянёў розных адценняў са шліфаванай вонкавай паверхняй, рознакаляровымі паліванымі керамічнымі пліткамі. У верхняй ч. сцен вузкія аконныя праёмы з арачнымі перамычкамі. У час рэстаўрацыйных работ 1985—86 знойдзены фрагменты фрэсак на ўнутр. сцяне і шматлікія графіці на сценах. У 1894 В.В.Гразновым выяўлены ў муроўцы будынка галаснікі, знакі на цэгле, ім выказана думка, што царква мела фрэскавую размалёўку. Падлога храма першапачаткова была выкладзена з паліваных квадратных, трохвугольных і фігурных плітак, у 18 ст. — з мармуровых пліт. Фрагмент падлогі 12 ст. захаваўся ў бакавой апсідзе. Фундамент храма складзены з валуноў сярэдняй велічыні і заглыблены на 1,5 м. Каля царквы выяўлены сляды манастыра 15—18 ст. Царкву даследавалі: у 19 ст. В.В.Гразноў, у пач. 20 ст. П.П.Пакрышкін, у 1935 Ю.Ядкоўскі, у 1946 І.І.Хозераў, у 1982, 1983—84 А.А.Трусаў, П.А.Рапапорт.
Літ.:
Трусов О.А. Памятники монументального зодчества Беларуси. XI—XVII вв. Мн., 1988.
А.А.Трусаў.
т. 5, с. 422